Як каталікі ў футбол гулялі (фота)
У Лідзе 26 лістапада завяршыўся Першы чэмпіянатат Беларусі па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў.
У ім прынялі ўдзел шэсць каманд: па адной з кожнай дыяцэзіі — Віцебскай, Гродзенскай, Пінскай, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама каманды з гродзенскай і пінскай духоўных семінарый.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з мячом
Сярод заяўленых каманд, бадай, толькі гродзенцы мелі пэўны вопыт: разам яны гуляюць не першы год, за плячыма каманды — два еўрапейскія чэмпіянаты па міні-футболе сярод святароў (у 2010-м і 2011-м гг.). Пры гэтым гродзенская каманда была адзінай, хто на беларускі чэмпіянат прыехаў з асобным трэнерам…
Чаканні балельшчыкаў зборная з Гродна ў выніку пацвердзіла. Каманда перамагла ў трох матчах з чатырох, забіўшы супернікам ў агульнай колькасці 9 галоў.
З лікам 6:5 у серыі пенальці семінарысты з Гродна перамаглі каманду з Пінска
Вынікі чэмпіянату: 1 месца — Гродзенская дыяцэзія, 2 месца — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, 3 месца — Віцебская дыяцэзія, 4 месца — Пінская дыяцэзія.
Як стала вядома, наступны чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод святароў пройдзе ў Віцебскай дыяцэзіі. Ужо сёння можна сказаць, што нас чакае шмат цікавага. Прынамсі, рэванш пінскія семінарысты пастараюцца не ўпусціць. Ды і святары збольшага прыгледзеліся да стылю гульні суперніка, ведаюць яго моцныя і слабыя бакі, таму, калі і трэніравацца будуць, магчыма — будзе і новы чэмпіён.
Але гэта справа мужчынская. Ці не прыйшоў час падумаць пра спаборніцтва для жанчын? Можа, і ў жаночых кляштарах дзесьці дрэмле футбольны талент…
Читайте еще
Избранное