Политика
Віктар Мельнік

Як Караткевіч адзначыла Дзень вайсковай Славы пад крыжам і зоркай

У Дзень вайсковай славы прэтэндэнт на удзел у прэзідэнцкіх выбарах Таццяна Караткевіч разам з сябрамі сваёй каманды пабывала ў мястэчку Гайна, што пад Лагойскам.

Тут у 1514 годзе кароль Жыгімонт І наладзіў жалобнае набажэнства па загінулых героях пад час Аршанскай бітвы. Двух блізкіх да сябе ваяроў – Станіслава Аарона ды Станіслава Ніскоўскага пахавалі пад сценамі велічнага гайнаўскага касцёла. Кароль моцна дапамог яму, але з абавязкам, “каб у памяць подзвігу пад Воршай пробашчы штомесяц правілі адну імшу аб Нараджэнні Найсвяцейшай Панны Марыі са згадкай імёнаў двух Станіславаў, што ў бітве палеглі”.

Праз год і пяць стагоддзяў на тым месцы – толькі курган з двума крыжамі. Спадарыня Караткевіч і актывісты ўсклалі да іх кветкі.

- Мясцовы жыхары расказалі, што славуты касцёл разбурылі ў апошнюю вайну: тут быў апорны пункт гітлераўцаў... А “дабілі” яго ўжо мясцовыя ўлады ў 1960-х – папросту зруйнавалі... Крыжы тыя, дарэчы, пастаўлены не з ініцыятывы чынавенства – гэта справа рук неабыякавых грамадзян, для каго паняцці памяці, гісторыі, гонару і годнасці, патрыятызму не проста зацёртыя словы, – пракаментавала Таццяна Караткевіч. – Але ж літаральна ў пяці метрах ад крыжоў я знайшла ў сметніку помнік капітану медыцынскай службы Чырвонай арміі Казлову Фёдару Фёдаравічу, што загінуў у 1944-м... Дзякуй Богу, крыжы цэлыя, але чаму гэткае стаўленне да помніка? Побач жа вялікая мясцовая школы з выдатным краязнаўчым музеем, непадалёк і сельсавет, дый райвыканкам у дзясятку кіламетраў. І ніхто не бачыць гэтай абыякавасці...

Дзень вайсковай славы Беларусі – і пад крыжам Аршанскай бітвы з маскоўскімі захопнікамі, і пад зоркай аперацыі “Баграціён” з фашысцкімі “звышлюдзьмі”. Гэта – адно цэлае. Непарушнае. Як гонар і годнасць.

...Другі букет кветак Таццяна Караткевіч усклала да помніка тым амаль 200 жыхарам Гайны, якія загінулі за Бацькаўшчыну ў другую сусветную. Як два Станіславы ў бітве пад Воршай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)