Общество
Яўген ВАЛОШЫН, «Звязда»

Як італьянскі алігарх шукаў у Беларусі палюбоўніцу

Журналіст «Звязды", замаскіраваўшыся пад апенінскага багацея, распачаў паляванне на беларускіх дзяўчат. Колькі з іх спакусіліся на высокі статус алігарха і яго трывалае фінансавае становішча? Вынікі жартаўлівага эксперымента супалі з высновамі рэальнага замежнага бізнэсоўцы.

Колькі беларускіх жанчын сёння, спакусіўшыся на дабрабыт замежніка, пагодзяцца на шлюб ці хоць бы шчыльнае з ім знаёмства?

Для гэтага мы правялі эксперымент. Каб зрабіцца італьянскім мільянерам, журналіст "Звязды" не стаў рабіць грым, браць у арэнду аўтамабіль элітнага класу і друкаваць кейс падробленых грашовых банкнот. Мы проста стварылі анкету на папулярным сайце знаёмстваў (тут свае профілі маюць блізу 200 тысяч беларусаў і беларусак).

У алігархавай анкеце выставілі фіктыўны фотаздымак прывабнага і малавядомага замежнага артыста. Прыдумалі яму ўзрост (44 гады) і маляўнічае імя (Лючана). У рубрыцы "Пра сябе" пазначылі па-англійску: "Я італьянскі мужчына. Хачу пазнаёміцца з беларускай жанчынай. У мяне шмат грошай, але няма кахання". У рубрыцы "аксэсуараў" напісалі, што мільянер ездзіць на "Майбаху 62" (машынка каштуе больш за паўмільёна еўра).

"Банжурна", — так віталіся мы з прывабнымі, на наш погляд, дзяўчатамі і чакалі адказаў ад іх. Але, на дзіва, далёка не кожная беларуска заахвочвалася такім знаёмствам. І толькі восем дзяўчат з 50 нам увогуле адказалі.

Адна з іх — 28-гадовая Ева. У сваёй анкеце пазначыла: "Я не якая-небудзь анучка, што пабяжыць да цябе за 200 долараў". Вось як пачалася наша з Евай перапіска.

Алігарх: Банжурна.

Ева: Сустрэча — 1000 еўра.

Тут я ледзь не ашалеў: якое нахабства! Столькі не просяць нават элітныя прастытуткі. Папрасіў Еву даслаць фотаздымкі (відавочна, што ў анкеце яна хавала свой сапраўдны твар).

Праз дзесяць хвілін на электронную скрыню прыйшоў ліст. Ева апынулася Кацяй. На фотаздымку была вульгарная жанчына, якая ўскараскалася на арэлі і спрабавала завабіць алігарха Лючана, неахайна растапырыўшы кароткія ножкі. На гэтым знаёмства скончылася.

На прапанову пазнаёміцца ахвотна і хутка адгукнулася яшчэ адна "сеньярыта", з замежнай мянушкай Nіхе. На фотаздымку дзяўчына сядзела ў купальніку на беразе мора. Ніякіх узгадак пра аказанне інтымных паслуг у анкеце Nіхе не было. Але на маё "Банжурна!" адказ быў такі:

— 200 у.а.

Вось вам і каханне. Яшчэ шэсць прывабных дзяўчат проста пагадзіліся на сустрэчу ў Мінску. Маўляў, пабачымся, а там вырашым, што з табой, Лючана, рабіць. Найбольш сэрца алігарха паланіла 21-гадовая Людміла, распаўсюдніца касметыкі. Прывабная брунэтка выказвала спачуванні, што прывабны 44-гадовы алігарх дагэтуль не знайшоў каханне і не нарадзіў дзяцей. Пагадзілася сустрэцца у Мінску і правесці перамовы ў двухбаковым фармаце. Усё ішло як мае быць, але я страціў ідэалагічную раўнавагу і цалкам перайшоў на рускую мову.

— Нешта ты не падобны да італьянца, сканчай гэты маскарад, — пастанавіла Людміла і прыпыніла перапіску. У гэты ж час сардэчка на яе анкеце пакінуў мой канкурэнт — 41-гадовы турак Эрдаган, які вабіў дзяўчат усмешкамі і сваім фотаздымкам на фоне кіёска з шаўрмой. Так, напэўна, адзін замежнік прайграў другому. Канкурэнцыя!

А я, падлічваючы сціплыя вынікі палявання, канстатаваў, што далёка не ў кожнай беларускай дзяўчыны па долары ў кожным воку.

Прастытутка з інтэрнэта — як аўтамат сэксуальных паслуг

Некаторыя расійскія сайты знаёмстваў дазваляюць начным мятлушкам ствараць адмысловыя інтым-старонкі. Там яны пазначаюць, што хочуць знайсці спонсара, выстаўляюць кошты, эратычныя фотаздымкі і гэтак далей.

Ахвотна карыстаюцца такімі старонкамі і беларускі.

Для эксперыменту мы, прыкрыўшыся ўсё тым жа замежным алігархам, паспрабавалі завесці размову з тузінам такіх прастытутак. Усе яны, як аказалася, не валодаюць замежнымі мовамі і не могуць падтрымаць размову. Складвалася ўражанне, што перапісваешся не з чалавекам, а з гумовым аўтаматам сэксуальных паслуг.

Пра такіх нашы продкі трапна заўважылі — дурная як калода.

Замежны бізнэсовец: "У Беларусі мала дзяўчат адначасова прыгожых і добрых па характары"

Верагодна, некаторыя дзяўчаты раскусілі ідэю з замежным алігархам і, замест таго, каб падтрымаць перапіску, проста ўсміхнуліся. Такія думкі прыйшлі да нас пасля правядзення эксперымента. Аднак знаёмы азіяцкі бізнэсовец спадар Лу Сян (імя і прозвішча чалавека змененыя з прычыны яго высокага статусу, запіс размовы ёсць у рэдакцыі. — "Звязда") пацвердзіў некаторыя вынікі нашага эксперымента.

Сядзім са спадаром Лу ў адной з кавярняў у цэнтры горада, вячэраем, размаўляем пра беларускіх жанчын. Бізнэсовец дапамагаў сустракаць не адзін тузін дэлегацый з Азіі і не раз быў сведкам таго, як замежныя госці спрабавалі завязаць знаёмства з беларускай дзяўчынай.

— Спадар Лу, я падрыхтаваў матэрыял пра сэкс-турызм, як вы лічыце, ці можна казаць, што ў Мінску існуе такая з'ява?

— Колькі дзён таму я прыехаў з Шанхая. Там любому турысту пазнаёміцца з жанчынай лягчэй. У Мінску няма ўмоў для сэкс-турызму, няма масажных салонаў, дзе такія паслугі могуць аказвацца.

— Часам вы сустракаеце дэлегацыі. Напэўна, прыязджаюць і забяспечаныя людзі, спрабуюць пазнаёміцца з дзяўчынамі. Як у іх гэта атрымліваецца?

— У любога мужчыны, які вып'е, могуць з'явіцца інтымныя жаданні. Адзін з пяці, але заўсёды мае жаданне адпачыць з жанчынай. Але не ўсе асобы жаночага полу даюць на гэта згоду.

Так, нядаўна мы наведалі адзін мінскі стрыптыз-клуб. Спадару, якога я суправаджаў, спадабалася дзяўчына, якая танчыла эратычны танец. Пазнаёміліся, ён спытаўся, колькі яна зарабляе. Сказала, што 1000 долараў у месяц. Ён прапанаваў ёй 500 долараў за ноч, але яна адмовілася. Тады яму параілі звярнуцца да якога-небудзь таксіста, што мужчына і зрабіў. Заплаціў вадзіцелю 100 долараў, і той павёз яго па месцах, дзе бываюць прастытуткі. Мужчына знайшоў, што хацеў.

— Ці шмат вы ведаеце ў Мінску месцаў, дзе збіраюцца прастытуткі?

—Такія месцы ёсць у любой краіне, апроч мусульманскіх, дзе, як я чуў, за заняткі прастытуцыяй могуць публічна пакараць. Цікава тое, што зараз, увечары, побач з намі праходзіць шмат прывабных дзяўчат. А ўначы яны знікаюць, і выбраць прыгажуню сярод прастытутак не так проста. Хоць у горадзе ёсць некалькі месцаў, дзе адмыслова працуюць дарагія работніцы сэкс-бізнэсу. Усё адно складваецца ўражанне, што прастытутак у Мінску нашмат менш, чым людзей, якія хацелі б скарыстацца іх паслугамі.

— Вы шмат часу праводзіце ў Беларусі і кажаце, што тут шмат прыгожых дзяўчат. Ці хацелі б вы ўзяць у жонкі беларуску?

— Раней быў упэўнены, што вазьму шлюб з беларускай. Але цяпер разумею, што знайсці тут дзяўчыну адначасова прыгожую і добрую характарам складана. Жыццё пакажа...

Р.S. Мы прыйшлі да высноў, што ў нашай краіне праблемы сэкс-турызму не знаходзяцца ў крытычнай стадыі. Сэксуальна эксплуатаваць беларусак перашкаджаюць хоць бы такія фактары, як слабае развіццё турызму і візавыя праблемы.

Аднак многія нявесты (прыкладна кожная дзясятая) усё ж пакідаюць краіну. Да таго ж невядома, што распачнецца, калі Беларусь зробіцца больш адкрытай для замежнікаў, а візавыя праблемы знікнуць. Таму ўзгаданыя ў нашых матэрыялах праблемы неабходна ўвесь час трымаць пад кантролем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)