Як і чым карміць зімой птушак (фота)
Прырода здольная паклапаціцца сама пра сябе. Таму нават у добрых справах заўсёды павінен захоўвацца разумны падыход.
Зіма — цяжкі час для многіх птушак, якія не адлятаюць у вырай. У гэтую пару пагрозай для іх з’яўляецца нават не холад, а ў першую чаргу бяскорміца.
Адшукваць ежу пад снегам дастаткова складана, насякомых зімой няма, а ў маразы ежы патрабуецца больш для падтрымання нармальнай тэмпературы цела.
Таму птушкі вымушана збіраюцца там, дзе пракорм знайсці прасцей — побач з чалавекам. Тым больш, што многія з нас спецыяльна дапамагаюць птушкам перажыць халодныя і галодныя часы.
«А гэта з сабой прыхаплю...»
Але часта добрыя намеры маюць кепскія наступствы.
Большасць спецыялістаў прытрымліваюцца меркавання, што дапамога птушкам павінна быць мінімальнай.
Прырода здольная паклапаціцца сама пра сябе. Таму нават у добрых справах заўсёды павінен захоўвацца разумны падыход.
Парады: як дапамагчы, каб не нашкодзіць
Па-першае, не ўсе птушкі маюць патрэбу ў дапамозе. Паводле ступені залежнасці ад дапамогі чалавека, птушак, якія застаюцца зімаваць, умоўна можна падзяліць на некалькі груп.
Найцяжэй пракараміцца ўзімку будзе гарадскім вераб’ям і качкам, галубам.
«Трэцім буду!»
Дробныя лясныя птушкі, сярод якіх можна вылучыць сініц і дзятлаў, без дапамогі чалавека могуць цудоўна перажыць зіму. Але яны ахвотна карыстаюцца «гуманітарнай дапамогай».
Сініцы, як і вераб’і, у значнай ступені ўрбанізаваліся. Таму ў гарадах яны ўжо нават не госці, а фактычна сталыя жыхары. Чаго не скажаш пра снегіроў. Гэтыя птушкі не затрымліваюцца на адным месцы на працяглы час. Таму каля кармушкі яны з’яўляюцца радзей, чым сініцы ці вераб’і. Іх прывабліваюць у першую чаргу семкі сланечніка.
У апошнюю групу ўваходзяць птушкі, якіх спецыялісты настойліва не раяяць прыкормліваць — гэта сарока і шэрая варона. Гэтыя птушкі няблага спраўляюцца з пракормам самастойна. А дадатковая дапамога спрыяе разрастанню і без таго вялікай папуляцыі.
Падкормліваць, а не карміць
Падкормліваць птушак можна па-рознаму. Качкам корм сыплюць на лёд ці бераг.
Галубоў рэкамендуюць падкармліваць на пустырах, падалей ад будынкаў і аўтамабіляў.
Для дробных птушак можна змайстраваць спецыяльныя кармушкі.
На фота можна пабачыць адзін з прасцейшых варыянтаў: у бутэльцы з-пад пітной вады выразаем адтуліну, краі каторай абкантоўваем мантажным скотчам ці ўцяпляльнікам. Гэта робіцца для таго, каб птушкі бачылі «ўваход» у кармушку.
«Скульптуры з сала, аўтарскі праект»
Галоўнае, пра што варта ведаць і памятаць: птушак можна падкормліваць, а не карміць.
Птушкі з вялікім задавальненнем будуць есці ўсё, што ім насыплюць. І паступова развучацца карміцца самастойна.
Па-другое, у натуральных умовах рацыён тых жа сініц значна разнастайнейшы.
Харчаванне аднымі семкамі і салам можа прывесці да захворванняў пячонкі.
«Мужчына! Вас тут не стаяла!»
Аптымальны варыянт: раз ці два на суткі (ранкам і ўвечары) у кармушку насыпаем па шклянцы семак. І ўсё. Спецыялісты заклікаюць не паддавацца на настойлівыя просьбы пра дабаўку. Церпяліва ігнаруйце стук у шкло і «галодныя» позіркі па той бок акна.
Сала сініцам рэкамендуецца даваць у моцныя маразы. Можна пакласці таксама кавалачак несалёнага сметанковага масла.
Чым можна падкармліваць
«Сала як сала...»
Неачышчаныя семкі сланечніка (несалёныя і неабсмажаныя), проса, тварог, змяшаны з паніровачнымі белымі сухарамі (каб не зліпаўся), несалёнае сала, крошкі белага хлеба, семкі гарбузоў (пасечаныя).
Семкі сланечніка можна знайсці на рынках горада ў прадаўцоў сухафруктаў. У залежнасці ад гатункаў, кілаграм семак можа каштаваць ад 20 да 30 тысяч беларускіх рублёў.
Чым нельга карміць
«Што ў нас сёння на абед?»
Чорны хлеб, салёнае сала, пшонка (ачышчанае проса), абсмажаныя семкі, хлеб з плесняй і іншыя сапсаваныя прадукты.
Пшонка небяспечная для птушак таму, што на яе шліфаванай паверхні збіраецца шмат таксічных рэчываў.
***
Клопат пра птушак акупіцца вам захапляльніым відовішчам: кармушка, поўная мітуслівых і шумных сініц і вераб’ёў — найлепшы антыдэпрэсант у шэрую зімовую пару.
«I'll be back!»
Читайте еще
Избранное