Як габрэі ўцякалі ад сьмерці ў Налібацкую пушчу
Іх нашчадкі вярнуліся туды праз 75 гадоў. Рэпартаж Радыё Свабода.
Налібацкая пушча
У часы ІІ Усясьветнай вайны ў Налібацкай пушчы дзейнічаў найбуйнейшы ў Эўропе габрэйскі партызанскі лягер. Звыш тысячы чалавек уратаваліся ў ім ад Галакосту. Упершыню больш за сотню яго былых жыхароў і іхных нашчадкаў сабраліся ў аўторак разам у тым самым лесе, які выратаваў іх ад сьмерці. 75 гадоў таму, калі немцы пакінулі Беларусь, іх родныя змаглі выйсьці з пушчы.
Партызанскі лягер пад назвай «Лясны Ерусалім» заснавалі браты Бельскія — Тувія, Асаэль і Зусь. Іх атрад першапачаткова дзейнічаў каля роднай вёскі Станкевічы на Наваградчыне. Ад верасьня 1943-га да ліпеня 1944 году галоўная база атраду была ў Налібацкай пушчы, каля вёскі Кляцішча.
Ад зьнішчэньня тут выратаваліся 1200 чалавек. Пасьля вайны большасьць зь іх выехала ў Палестыну і стварала Дзяржаву Ізраіль. Частка трапіла ў ЗША.
Жывых сьведак тых драматычных падзеяў засталося няшмат. Але гісторыю свайго выратаваньня яны перадаюць з пакаленьня ў пакаленьне. На першую сустрэчу былых жыхароў лягеру і іх нашчадкаў сабралася сотня чалавек з розных краін сьвету.
«Прыемна, што наш лес дапамог уратаваць так шмат людзей»
Свой візыт у Налібацкую пушчу яны пачалі ад вёскі, якая дала ёй імя. У Налібаках гасьцей сустракаў старшыня сельскага савету Аляксандар Пілінкевіч.
Тамара Вяршыцкая (стваральніца Музэю габрэйскага супраціву) і Аляксандар Пілінкевіч
Гэта ён ініцыяваў устаноўку памятнага каменя ў вёсцы ў памяць пра налібацкіх габрэяў, якія загінулі ў Галакосьце. І менавіта дзякуючы яму на месцы былога лягеру ў пушчы быў пастаўлены інфармацыйны стэнд, альтанка для наведнікаў, пачалі аднаўляць некаторыя зямлянкі.
— Нам, налібачанам, вельмі прыемна, што наш лес дапамог уратаваць так шмат людзей. Тут дзейнічалі два габрэйскія партызанскія атрады: братоў Бельскіх і Шлёмы Зорына. Мы вельмі цешымся, што нашчадкі людзей, якія выратаваліся ў Налібацкай пушчы, сёньня завіталі да нас, — сказаў Аляксандар Пілінкевіч.
Сярод гасьцей з Ізраілю былі дзевяцера нашчадкаў былых налібачан. У Беларусі яны ўпершыню. Міхаэль Шлёзбэрг з сынам Алмагам прыехалі ў Налібакі з надзеяй знайсьці былых суседзяў сваёй сям’і. Тут нарадзіўся бацька Міхаэля.
Міхаэль (справа) з сынам Алмагам
Да вайны ў сям’і бацькі Міхаэля была ў мястэчку свая пякарня, а сям’я цёткі мела аптэку. На радзіму бацькоў ён прыехаў з кнігай «Маё мястэчка Налібакі», якую ў 1960-я гады напісаў адзін з налібацкіх габрэяў. Міхаэль Шлёзбэрг ня раз узіраўся ў мапу ў кнізе з надзеяй знайсьці месца, дзе стаяў іхны дом.
Але на былой вуліцы Віленскай (сёньня Садовай), якая да вайны была цалкам габрэйскай, не засталося нічога, што б нагадвала пра мінуўшчыну. У 1943 годзе немцы цалкам спалілі Налібакі, а вуліцу адбудавалі ўжо пасьля вайны новыя гаспадары.
«Кожны габрэй з Налібак, якога мы ведалі, быў часткай нашай сям’і»
Цыпі Краўз разам з мужам прыехалі ў Налібакі з Хайфы. Тут нарадзіўся тата Цыпі Абрагам Вайнэр. Ягонымі бацькамі былі Барух і Цыпі, у гонар якой назвалі ўнучку. На пахаваньні яе бацькі, ужо ў Ізраілі, яна вырашыла, што калісьці наведае роднае мястэчка. У Налібаках Цыпі сказала, што сёньня збылася яе мара.
Цыпі Краўз з мужам
— Наша сям’я ў Ізраілі была вельмі маленькая, бо амаль усе загінулі. Але кожны габрэй з Налібак, якога мы ведалі, быў часткай нашай сям’і. У маіх дзядоў Вайнэраў было трое дзяцей: тата і дзьве сястры. Найстарэйшая звалася Зора і працавала ў аптэцы. Яна выйшла замуж да вайны, мела дачку, але ўсіх іх забілі падчас вайны, у Баранавіцкім гета.
Другая сястра Сара эмігравала ў Палестыну яшчэ да вайны, у 1936 годзе, жыла ў кібуцы. Калі пачалася вайна, то тата ўцёк у лес, далучыўся да партызанаў Бельскага. Пасьля вайны праз Італію ён трапіў у Палестыну, змагаўся ў вайне за незалежнасьць, а потым быў настаўнікам.
«Абсалютная большасьць, рызыкуючы сваім жыцьцём, ратавала нас, як магла»
Зь Менску ў Налібакі прыехаў адзіны ў Беларусі жывы партызан атраду Бельскага Яўген Андрэйчык. Сёньня ён узначальвае Беларускую асацыяцыю былых вязьняў гета і нацысцкіх канцлягераў.
Яўген Ёсіфавіч — карэнны мянчук са зьмяшанай сям’і: ягоная маці габрэйка, а бацька беларус з Наваградчыны. У Налібацкую пушчу ён трапіў пасьля ўцёкаў зь Менскага гета. Яму было тады 6 гадоў.
Яўген Андрэйчык
— Уначы, пры дапамозе падпольшчыкаў, мы выехалі зь Менску і дабраліся на хутар дзядзькі Антона на Наваградчыне. Потым мы трапілі ў атрад Зорына, а пасьля да Бельскага, ён быў за 4 км. Я яго бачыў толькі аднойчы, са сьпіны. Добра, што ў ваколіцы былі мясцовыя людзі, якія нам памагалі. Абсалютная большасьць, рызыкуючы сваім жыцьцём, ратавала нас, як магла. Былі і здраднікі, якія наводзілі паліцаяў. Але гэта была меншасьць, несувымерная.
У лягеры Яўген Андрэйчык прабыў некалькіх месяцаў у пачатку 1944 году. 16 ліпеня ён ужо вярнуўся ў родны Менск.
Зоя Якаўлеўна прыйшла ў Налібацкую пушчу ў кастрычніку 1943 году. Гэта быў апошні дзень існаваньня Менскага гета. Уся яе сям’я загінула. Калі яна трапіла ў пушчу, ёй было 14 гадоў.
Зая Якаўлеўна
— Я ўцякла з гета зь сяброўкай. Падлезьлі ранкам пад дротам і пайшлі шукаць партызанаў. Я чула з размоваў, як трэба ісьці, і так мы прайшлі да Старога Сяла, гэта 15-17 км за дзень, і потым знайшлі партызанаў.
Я прабыла ў пушчы цэлы год, у зямлянцы, у атрадзе Зорына. І там я была ажно да вызваленьня Беларусі ад немцаў. Многія габрэйскія партызаны ўжо пазьней, пасьля вайны, выяжджалі, але мая дачка сказала, што яе радзіма тут і што яна хоча жыць толькі тут. І вось сёньня мне ўжо 90 гадоў.
«Беларускі бок ушанаваў этнічную групу, якая была непажаданай для савецкага рэжыму»
З Налібак памятныя ўрачыстасьці перанесьліся ў былы лягер «Лясны Ерусалім». Падчас вайны тут быў самы сапраўдны штэтл з двума шпіталямі, майстэрнямі і нават школай для дзяцей. На інфармацыйнай шыльдзе, усталяванай зусім нядаўна, гаворыцца, што жыхары мясцовых вёсак ведалі пра «Лясны Ерусалім», але ніколі ня выдалі яго нацыстам.
Пасол Ізраілю ў Беларусі Алон Шогам падчас прамовы падзякаваў беларусам за памяць пра габрэйскі партызанскі атрад насуперак савецкаму наратыву, які замоўчваў пра габрэяў у часы вайны.
Алом Шогам (справа)
— Гісторыя габрэйскага супраціву не пасавала да савецкай гістарыяграфіі. Але ў 1990-я гады Беларусь пачала ўшаноўваць гэты эпізод нашай гісторыі насуперак савецкаму наратыву. Мы ўдзячныя за гэта і будзем пра гэта памятаць. Беларускі бок ушанаваў этнічную групу, якая была непажаданай для савецкага рэжыму. Мы дзякуем беларусам за гэта.
У лес, які выратаваў ад сьмерці 1200 габрэяў, праз 74 гады пасьля заканчэньня вайны вярнуўся наймалодшы і адзіны жывы з братоў Бельскіх Арон. Сёньня яму 93 гады, ён жыве ў ЗША. На пытаньне, ці памятае ён гэтую мясьціну, Арон Бельскі адказваў па-філязофску:
— Лес — гэта лес. Мне было тут 10-13 гадоў. Мне яго хапіла. Калі мы ўжо адсюль паедзем?
Арон Бельскі
Але нашчадкі выжылых не сьпяшаліся пакідаць «Лясны Ерусалім».
Больш за пяць гадзінаў яны гулялі па лесе, размаўлялі, знаёміліся, апавядалі сямейныя гісторыі, абдымаліся, сьпявалі і нават танчылі.
«Важней выратаваць аднаго габрэя, чым забіць 10 немцаў»
Асаэль Бельская, дачка сярэдняга брата Бельскіх Асаэля, упершыню наведала Беларусь у 1993 годзе, як толькі гэта стала магчымым для грамадзян Ізраілю. Свайго бацьку яна ніколі ня бачыла. Ён загінуў у 1945 годзе ў баі за Кёнігсбэрг.
Асаэль Бельская
— Сярод нас шмат нашчадкаў Бельскіх. Тут сёньня прадстаўнікі трох пакаленьняў. Мы тут, бо былі нашыя бацькі, якія нас ратавалі. Тувія казаў: важней выратаваць аднаго габрэя, чым забіць 10 немцаў. Ён гаварыў: не ідзі забіваць немцаў, бо расейцы зробяць гэта лепш, чым мы. А мы мусім ратаваць жыцьці габрэяў.
Пра бацьку расказала дачка Тувіі Бельскага Рут. Яшчэ да пачатку вайны ён зьбіраўся зьехаць у Палестыну, але застаўся ў роднай вёсцы, каб дапамагаць сям’і.
Рут Бельская
— У майго таты было моцнае пачуцьцё братэрства, любоў да сям’і і сувязь са сваім народам. Ён быў сьціплым чалавекам, які паважаў кожнага. Мой тата марыў і імкнуўся, таму ў яго ўсё атрымалася, і таму мы сёньня тут.
Тувія Бельскі пасьля вайны іміграваў у Палестыну. Змагаўся за незалежнасьць Ізраілю, але ў 1955 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Ён памёр у 1987 годзе, пахаваны ў Ерусаліме.
У Налібацкай пушчы сёньня быў і ўнук Зуся Бельскага Мэцью, які памёр у 1995 годзе ў Нью-Ёрку.
Мэцью Бельскі пасьля малітвы
«Урокі зь гісторыі рабіць ніколі ня позна»
Маліўся ў лесе ня толькі Мэцью Бельскі. Адмысловую памінальную ўрачыстасьць правёў галоўны рабін рэлігійнага аб’яднаньня суполак прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч.
— Я прыехаў прачытаць памінальную малітву тым партызанам, якія загінулі, і па якіх, магчыма, яшчэ не прачыталі малітву за ўсе гэтыя гады. Я першы раз тут. Але памяць ня мае тэрміну даўнасьці. Мы тут дзеля таго, каб яшчэ раз успомніць гэтую гісторыю, гісторыю гераізму, болю і горычы.
І каб разам аддаць даніну памяці там, дзе былі нашыя блізкія. І гэта робіць нас мацнейшымі. У такія хвіліны мы разумеем, што за намі ёсьць гісторыя і мы ня хочам, каб яна паўтарылася. Урокі з гісторыі выносіць ніколі ня позна.
Рыгор Абрамовіч
Зь дзьвюма дочкамі з ЗША ў Налібацкую пушчу прыехала Гэлен Кушнэр-Зэліг, сваячка зяця і дарадцы амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа Джарэда Кушнера. Яе маці Лея Кушнер разам з 250 габрэямі падчас вайны ўцякла з Наваградзкага гета праз тунэль, які выкапалі вязьні, і больш за год пражыла ў лягеры Бельскіх.
У 2007 годзе Лея Кушнер разам з дачкой упершыню пабывала на радзіме. Пасьля гэтага Гэлен вырашыла, што павінна паказаць гэтае месца і сваім дочкам.
— Для нас быць тут сёньня вельмі важна. Мая мама выжыла дзякуючы гэтаму лесу. Я пыталася ў яе: «Мама, як ты магла там выжыць, у гэтым холадзе, бязь ежы, як гэта ўвогуле магчыма?» А яна мне адказала: «Я выжыла, бо мы былі свабоднымі. У гета ў нас не было свабоды. Калі мы трапілі ў лягер Бельскіх, то ведалі, што пра нас паклапоцяцца. Мы дбалі адзін пра аднаго і таму ў нас была надзея».
Калі я была тут у 2007 годзе, то адчула, што мушу паказаць гэтае месца маім дочкам. Гэта вельмі важна для мяне. Гэтая гісторыя павінна перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне».
Гэлен Кушнэр-Зэліг
«Наш абавязак – расказаць наступным пакаленьням пра крывавую Катастрофу»
Адным з найбольш узрушальных момантаў цырымоніі ў былым лягеры быў ліст, які зачытаў нашчадак налібацкіх габрэяў Міхаэль Шлёзбэрг. У адным з фрагмэнтаў былі ўспаміны ягонай цёткі Пніны, якая выратавалася ад Галакосту ў пушчы.
Вось урывак яе ўспамінаў: «Мястэчка сваё я буду памятаць заўсёды, кожны камень, кожны куток, усе двары, усе вуліцы, габрэяў мястэчка яшчэ ў часы яго росквіту. Калі мы вярнуліся ў мястэчка пасьля разьні, я прайшла ўсе двары, і па ацалелых камянях бруку я ведала, чый быў дом. Калі мы падышлі да нашага дома, я пазнала яго па кухоннай пліце побач зь зялёнай печчу, ля якой сядзела мая маці і чытала сідур.
Памятаю я, як габрэі мястэчка ішлі ў свой апошні шлях. Мы выпадковыя абгарэлыя галавешкі вялікага пажару, якіх толькі сьляпы лёс уратаваў ад сьмерці. Наш абавязак — расказаць наступным пакаленьням пра крывавую Катастрофу, пра трагедыю сыноў нашага народу, каб яны ведалі і разумелі, што тыя, хто ішоў на забой, ішлі не па сваёй волі. Я буду заўсёды памятаць маё мястэчка, якое штогод у траўні расьцьвітала і патанала ў квецені. Буду заўсёды памятаць жахлівае гета, дымам пажару якога я дыхаю ад таго панядзелка, 28 сьнежня 1942 году.
Сям’я Шлёзбэргаў
— На гэтым месцы стаім мы, прадстаўнікі сем’яў ацалелых у Катастрофе габрэяў мястэчка, каб сказаць вам сёньня: мы тут! — завяршыў свой выступ Міхаэль Шлёзбэрг.
«У сьвеце жыве 25 тысяч нашчадкаў людзей, якія выжылі ў Налібацкай пушчы»
Тамара Вяршыцкая
Ініцыявала гэтую сустрэчу нашчадкаў партызанаў зь «Ляснога Ерусаліму» куратар Музэя габрэйскага супраціву з Наваградку Тамара Вяршыцкая.
Яна кажа, што гэта толькі пачатак і што такія спатканьні стануць традыцыяй для нашчадкаў тых, хто перажыў Галакост у Налібацкай пушчы:
— У сьвеце жыве 25 тысяч нашчадкаў людзей, якія выжылі ў Налібацкай пушчы. І мы будзем сустракацца кожны год.
Читайте еще
Избранное