Общество
Ігар Карней, «Радыё Свабода»

Як фальсыфікуюць выбары

Былы супрацоўнік Маладэчанскага райвыканкаму Дзьмітры Няхай зьвярнуўся з адкрытым лістом да грамадзкасьці, у якім раскрываецца мэханізм фальшаваньня вынікаў выбараў у Беларусі. Спадар Няхай шмат гадоў быў назіральнікам на выбарах прэзыдэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў, і ўвесь час атрымліваў адмысловы інструктаж пра мэты назіраньня. У чым сутнасьць праўладнага назіраньня?

Паводле Дзьмітрыя Няхая, у функцыі праўладных назіральнікаў уваходзіць:

па-першае, «аказаньне дапамогі» участковым выбарчым камісіям у атрыманьні патрэбных вынікаў галасаваньня — іншымі словамі, «выхад» на даведзены працэнт;

па-другое, назіраньне за самой выбарчай камісіяй дзеля высьвятленьня гатоўнасьці яе сябраў выконваць акрэсьленую задачу;

па-трэцяе, выступленьне ў якасьці апанэнтаў незалежным назіральнікам з мэтай «нэўтралізацыі» іхняй інфармацыі пра рэальныя факты фальсыфікацыі.

Спадар Няхай падае прыклад асабістай працы падчас кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. У Маладэчанскім райвыканкаме адбыўся арганізацыйны сход, на якім у абстаноўцы строгай сакрэтнасьці перад мясцовымі чыноўнікамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый выступалі больш высокія вэртыкальшчыкі, якія даводзілі, хто менавіта павінен перамагчы на выбарах. Пры гэтым усе кіраўнікі былі папярэджаныя пра пэрсанальную адказнасьць за атрыманьне патрэбнага выніку і выхаду на патрэбны працэнт.

Чаму спадар Няхай, які выконваў функцыі праўладнага назіральніка з 1997 да 2002 году, вырашыў расказаць пра выбарнае закулісьсе толькі цяпер?

«Падзеі адбываюцца непасрэдна перад выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і трэба, што называецца, быць пільнымі. Менавіта ў такім рэчышчы маё папярэджаньне. Па сутнасьці, трэба разумець: усё гэта ня ёсьць ініцыятывай нейкага канкрэтнага чалавека, сябраў выбарчай камісіі і г.д. Проста ёсьць адна каманда зьверху для ўсіх. Што людзьмі кіруе і прымушае іх рабіць гэта? Як я ўжо пісаў, гэта не перакананьні, а большай часткай страх. У першую чаргу ён прадыктаваны, канечне, сыстэмай кароткатэрміновых кантрактаў.

І плюс да гэтага вялікае значэньне мае сама сацыяльная палітыка дзяржавы. З аднаго боку, часта гавораць пра прыгожыя палацы культуры, вакзалы, бібліятэкі. Але разам з тым чалавек, які застаўся бяз працы, не атрымлівае дапамогі ў тым выпадку, калі ён звальняецца паводле ўласнага жаданьня. Калі ж ён скарочаны, то можа атрымаць дапамогу. Але яна мінімальная — даляраў 20. Такім чынам, чалавек настолькі баіцца страціць працу і застацца бяз грошай, практычна бяз сродкаў да існаваньня, што пазбаўляецца ўсялякай волі».

З уласнага досьведу спадар Няхай расказаў, што падлік вынікаў галасаваньня сябрамі камісіі ажыцьцяўляецца ў строгай адпаведнасьці з лічбамі, даведзенымі і ўзгодненымі «зьверху». «Няправільныя» бюлетэні зьнішчаліся, а недахоп «правільных» тут жа кампэнсаваўся іншымі, якія запаўняліся і падкладваліся на вакантныя месцы. Для гэтага, як кажа Дзьмітры Няхай, у выбарчых камісіях маецца стратэгічны запас пустых бюлетэняў. Толькі пасьля гэтага складаюцца выніковыя пратаколы.

Ці рэальна ў беларускіх варунках супрацьстаяць фальшаваньню? Адказвае Дзьмітры Няхай:Сыстэма, канечне, усталявалася надзвычай трывала, яна дасканала адпрацаваная.

«Сыстэма, канечне, усталявалася надзвычай трывала, яна дасканала адпрацаваная. Мэханізм, як я бачу, вельмі шматступеньчаты, мае на ўвазе тое, што калі нешта адно са схемы не спрацуе, то абавязкова спрацуе іншае зьвяно. Разам з тым, ёсьць спосаб для перадухіленьня такіх захадаў. Найперш, гэта ўключэньне ў склад выбарчых камісіяў непасрэдна давераных асобаў ці сябраў ініцыятыўных групаў саміх кандыдатаў. То бок людзей, зацікаўленых ў сваім кандыдаце. Я лічу гэта апошняй лініяй абароны фальсыфікатараў. Бо ў выпадку ўключэньня ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў кандыдатаў — няхай іх нават будзе 10 чалавек — яны будуць глядзець, сачыць адзін за адным, і такім чынам можа быць рэальнае супрацьдзеяньне фальсыфікацыям».

Карэспандэнт: «У эўрапейскай практыцы, на Ваш погляд, існуе яшчэ сытуацыя, калі папросту немагчыма кантраляваць падлік галасоў?»

«Я не зусім добра знаёмы з выбарным мэханізмамі ў Эўропе, але мне здаецца, што ён усё ж больш празрысты, больш дэмакратычны. Напэўна, такая схема сапраўды дзейнічае толькі ў нас».

Прызнаньне Дзьмітрыя Няхая — не адзінае сьведчаньне фальсыфікацыі выбараў напярэдадні сёлетняй палітычнай кампаніі. Нейкі час таму аналягічныя сьведчаньні даў падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў. Міліцыянт перадусім паведаміў факты падтасоўкі вынікаў галасаваньня падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году. На канкрэтных прыкладах расказаў, як робяцца фальшаваньні падчас датэрміновага галасаваньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)