Экономика

Як экс-старшыня Нацбанку Беларусі «заваліў» адзіную валюту

Ці будзе ў Беларусі з Расеяй адзіная валюта? Гэта пытаньне зноў гучыць напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў абедзьвюх краін. Яна прызначана на 18 ліпеня, адзначае Радыё Свабода.

Многія экспэрты лічаць, што адзіныя грошы з адзіным эмісійным цэнтрам у Маскве — найлепшы сродак для Крамля «ціха» паглынуць Беларусь. А вось рэальны выпадак з найноўшай гісторыі Беларусі, пра які расказвае былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

«Стаяў на сваім: падпісваць ня буду»

Увесну 1994 году, калі ў Беларусі яшчэ не існавала пасады прэзыдэнта, у Маскву паехала вялікая дэлегацыя падпісваць пагадненьне аб адзінай рублёвай зоне. Паехалі ня толькі высокія чыноўнікі з ураду і парлямэнту, але нават старшыні ўсіх аблвыканкамаў. Вячаслаў Кебіч, тагачасны кіраўнік беларускага ўраду, хацеў абставіць падпісаньне дакумэнтаў як асабістую вялікую перамогу. Пад працэдуру выбралі адмысловы час, калі расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына не было ў Маскве.

Тагачасны першы банкір Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавёў «Свабодзе», што ў яго з Кебічам і тагачасным віцэ-прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам была дамоўленасьць падпісаць дакумэнты аб стварэньні агульнай валюты:

— Мая пазыцыя была такая: я не палітык, я старшыня Нацбанку, які павінен турбавацца аб грашовай сыстэме краіны. Таму я падпішу дамову толькі тады, калі ў ёй будзе зафіксавана, што Беларусь сама будзе вырашаць, колькі грошай выпускаць, які курс вызначаць, і ніхто ня мае права гэта вырашаць за нас, нават нейкі наднацыянальны орган. Інакш гэта будзе парушэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Кебіч зь Мясьніковічам з гэтым нібыта пагаджаліся.

Але па ходу перамоваў расейцы як бы схамянуліся — што ж гэта атрымліваецца?! Калі прыняць беларускія ўмовы, то ў Менску па-ранейшаму будуць друкаваць сваіх «зайчыкаў» і на гэтыя «паперкі» купляць газ і нафту.

— На нейкім этапе перамоваў Кебіч і Мясьніковіч пачалі на мяне ціснуць і пагаджацца з пазыцыяй расейцаў. Але я стаяў на сваім: падпісваць ня буду, бо не магу парушаць Канстытуцыю. Для мяне гэта непрымальна. Так дамову і не падпісалі, — канстатуе Станіслаў Багданкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(42)