Войны, рэч ясная, ёсць і цяпер, але гіне ў іх не палова ці траціна насельніцтва. І яны не норма. А тады Буча была б нормай.
«Як бы ні стараліся дыктатары, мы ўсё больш самі ўплываем на сваё жыццё. І менавіта гэта іх бесіць»
Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч – пра тое, чаму нягледзячы на ўсё, лічыць цяперашнюю эпоху найлепшай у гісторыі.
– Некалькі тыдняў таму я катэгарычна напісаў, што лічу эпоху, у якой мы цяпер жывем, найлепшай у гісторыі, – піша Гурневіч. – Мне запярэчылі, папрасіўшы абгрунтаванне на пару сказаў, чаму я так высока ацэньваю «гэты балотны час, у якім мы жывём»? Калі вельмі коратка: за свабоду, камфорт, бяспеку і гуманізм.
Зразумела, нехта зараз мне можа цалкам справядліва запярэчыць па кожным з гэтых пунктаў. Пра пункт аб свабодзе параяць расказаць палітвязням. Пра камфорт – жыхарам Афрыкі. Пра бяспеку – украінцам. Пра гуманізм – жанчынам Ірану.
Свет не ідэальны і я не збіраюся бараніць гэты прымітыўны тэзіс. Але ён значна лепшы, чым быў у любы іншы час гісторыі. На маю думку.
Я не хацеў бы жыць у часы неаліту, мезаліту і г.д. Жыць у зямлянцы, усё па гаспадарцы рабіць уручную (бо няма ані нармальных прылад, а да коней яшчэ далёка). Жыццё было кароткае і сумнае. Ніякага сацыяльнага жыцця, суседзі за дзесяткі кіламетраў.
А калі пойдзеш да іх у госці, то па дарозе можаш лёгка страціць жыццё. Увогуле не мая эпоха. Прыблізна такія ж аргументы ў мяне і наконт першага тысячагоддзя нашай эры. Племянныя войны, прымітыўныя з сённяшняга дня хваробы, ад якіх гінулі цэлыя пакаленні. Жыццё практычна нічога не каштуе.
Ніякай павагі да асобы, нічога святога, ніякіх нормаў, ніякіх законаў. Зразумела, што ў іх была іншая перспектыва і параўноўваць тады і сёння гістарычна няправільна.
Таму я скажу проста – мая перспектыва для мяне больш прывабная. А магчыма той чалавек, з неаліту, трапіўшы да нас, патрымаўшы ў руках айфон і пабачыўшы дэпутата Гайдукевіча па тв, сказаў бы: вярніце мяне назад.
Часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай, якімі мы часта называем «залатымі». З пункту гледжання кагосьці, хто жыў тады і параўноўваў свой час з набегамі мангола-татараў, сціраннем з зямлі цэлых вёсак і мястэчак, так, яны былі залатымі.
Пачытаўшы Статут ВКЛ, які, не пярэчу, у тыя часы быў прагрэсіўны, я разумею, што не хацеў бы жыць у тыя часы. Дастаткова пазнаёміцца з метадамі катаванняў у ВКЛ, калі чалавека літаральна раздзіралі на часткі, каб знікла жаданне туды вяртацца.
Не вельмі мне падабаецца час, калі чалавека маглі прадаць як парася іншаму гаспадару, наўпрост на кірмашы.
Такое, зразумела, можа здарыцца і сёння. Раз-пораз мы чуем пра такія выпадкі. Але гэта сёння дзікунства, выключэнні, а не норма, прапісаная ў Канстытуцыях.
Калі б я жыў на тэрыторыі Беларусі да XX стагоддзя, то хутчэй за ўсё не ўмеў бы пісаць, чытаць, не меў бы ніякага ўяўлення пра навуку. Сёння гэта практычна немагчыма. Чалавек можа не верыць навуцы і не хацець чытаць, але гэта яго выбар. Ён у яго ёсць.
А тады б я проста і неведаў бы, што існуе літаратура, мастацтва. А маім невуцтвам карысталіся б усе, каму не лянота. Я б лічыў нормай паншчыну, галечу і нават не дапускаў бы пытання: «А што, можа быць інакш?». Найхутчэй, я і мае дзеці галадалі б. Сёння людзі не гінуць масава ад голаду і не хварэюць ад нястачы ежы. Можа быць акурат наадварот, хварэюць ад пераядання. Але гэта выбар кожнага.
У XIX стагоддзі мяне б на гады забралі ў салдаты ў расейскую армію, адарваўшы ад сям’і, пакалечыўшы жыццё. Я б мусіў змагацца за чужую краіну, якая выслала мяне на смерць.
Калі б я ўцёк у лес да Каліноўскага, то мяне маглі б пасля павесіць. Але магчыма, што я б і здаваў паўстанцаў акупацыйным уладам, бо проста б не разумеў, што адбываецца і не меў уяўлення, што можна жыць інакш. Найхутчэй, я б нават не пачуў пра існаванне тады Каліноўскага.
І міжваенны час, і ваенны, і сталінізм, усе гады саўка, я не лічу лепшымі чым сённяшнюю эпоху. Пачуццё бяспекі не тое, згадзіцеся. Ды і камфорт. Беззямелле, хаты з глінаю замест падлогі, пяць лыжак заціркі на сям’ю, высокая смяротнасць немаўлят, увогуле адсутнасць нармальнай медыцыны.
Аўтарытарызмы, таталітарызмы, канцлагеры, тэрор, рэпрэсіі, калектывізацыя, «халодная вайна». Немагчыма нічога ўбачыць, нікуды паехаць, нуль мабільнасці.
Дагэтуль памятаю, якой праблемай было для маёй бабулі трапіць раз на год да сваёй маці ў вёску за 25 км. Аўтобусу прамога няма, машыны няма, дзед ужо памёр (у яго хоць быў конь), машыны не дапросішся.
А як у кагосьці дапросішся, то пасля будзеш палову восені адпрацоўваць у яго на полі, памагаючы капаць бульбу ці яшчэ нешта.
90-ыя сталі былі прарывам, свабоды стала навалам, але калі б мне прапанавалі туды вярнуцца, то ні за якія грошы б не жадаў.
Сёння мы можам выбіраць як жыць, з кім жыць і ўсё часцей – як доўга жыць. Прывілеі, даступныя раней купцы людзей, сталі сёння больш даступнымі. Найбольш у гісторыі. Мы ў стане ўплываць на наш камфорт.
Нямногія раней у Налібаках маглі сабе дазволіць мець душ і унітаз у хаце. Ды нават лядоўняў у маім дзяцінстве не было ў траціны вёскі. Жыццё было цяжэйшым, шмат працы, якая часта была бессэнсоўнай.
Але не было выбару. Цяпер ён ёсць. Бо свет стаў іншым. Якія б не былі дыктатары, прагрэс усё роўна ідзе. Наша мабільнасць, магчымасць падарожжаў, адкрывання свету, моваў, культураў, непараўнальная цяпер з ніякім іншым часам. Асабіста для мяне гэта ўсё тое, што робіць мяне шчаслівым.
Нашыя магчымасці камунікацыі паміж сабой – найлепшыя ў гісторыі. Мы лепш дапамагаем тым, хто ў патрэбе. Нехта не жадае рабіць сабе прышчэпкі, але яны ёсць. Хворае дзіця можа лекаваць доктар Вітушка, а не вясковая варажбітка. Ну, калі нехта хоча, каб лекавала варажбітка, то ён можа гэта зрабіць.
Мы часцей звяртаем увагу не толькі на фізічнае здароўе, але і на псіхічнае. Мы гаворым пра тое, пра што раней баяліся.
У нас стала больш інструментаў уплываць на сваё жыццё і свет навокал.
Мы вырашаем праблемы, якія раней лічылі невырашальнымі. Калі нам не падабаецца вёска, мы пераяжджаем у горад, або наадварот. Ці з краіны ў краіну. Як бы ні стараліся дыктатары, мы ўсё часцей і больш самі ўплываем на сваё жыццё. Мы ведаем, што аказваецца так можна. І менавіта гэта іх бесіць.
Калі нехта прыкмеціў у гісторыі лепшую пару для жыцця, раскажыце пра яе. Я цудоўна разумею, што людзі розныя і кожнаму ў жыцці трэба нешта зусім іншае. Нехта гадамі вандруе вакол свету, а нехта добраахвотна ідзе ў зачынены кляштар. Нехта ходзіць на дэманстрацыі за аборт, нехта супраць.
Нехта мяняе прафесіі, захапленні, а нехта любіць жыць стабільна, не выяжджачы з хутару і наўмысна абмяжоўваючы сябе ад свету. Але гэта і ёсць той выбар, камфорт, бяспека пра якія я кажу. І гэта цудоўна. Гэты свет і гэты час не ідэальныя, але мы маем сёння значна больш магчымасцяў іх такімі рабіць. Але толькі на маю думку)
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное