Як БНФ змагаўся за Дэклярацыю аб суверэнітэце

У 80-х гадах верхавіна КПСС зразумела, што эканамічны крах савецкага сацыялізму немінучы. Тады была зроблена спроба перабудовы сістэмы з мэтай захаваць рэжым і ўладу КПСС.

Уяўленьні аб захавальнай рэформе былі тыпова намэнклятурныя: увесьці ў адміністрацыйна-разьмеркавальны эканамічны парадак элемэнты рынкавых дачыненьняў і прыватнай уласнасьці пры агульным эканамічным і палітычным кантролі КПСС. Такая сістэма існаваць не магла. Яна альбо вярнулася б да эканомікі «калючага дроту», альбо прывяла б да прыватнага пераразьмеркаваньня дзяржаўнай маёмасьці, карупцыі і небывалага абрабаваньня працоўных людзей. Распад пайшоў па другім варыяньце.

Сапраўдная барацьба за ўладу і маёмасьць разгарэлася за кулісамі палітычных дэкарацыяў у цэнтры савецкай імпэрыі паміж рэальнымі сіламі крамлёўскай ўлады — намэнклятурай КПСС (уключаючы сюды т. зв. «расейскіх дэмакратаў») і тайнай «імпэрыяй КГБ».

Завяршэньне такога «пераразьмеркаваньня» магло б мець страшлівыя вынікі для ўсяго сьвету, калі б СССР ня быў каляніяльнай імпэрыяй і не пачаўся б працэс яго распаду. На арэну выйшаў нацыянальна-вызвольны рух, які стаў галоўным дэмакратычным працэсам, генератарам перамен, паставіўшы гэтым самым Маскву (зь яе «перестройкай») у становішча імпэрскай палітычнай правінцыі.

Гэтыя два працэсы неўзабаве цалкам разышліся. Краіны нацыянальных рухаў пайшлі па шляху свабоды і дэмакратыі, Расея, скарыстаўшы дэмакратычная мэханізмы, — па шляху пераразьмеркаваньня маёмасьці і татальнай кагэбізацыі ўлады.

Наш нацыянальны геній Васіль Быкаў (у адрозьненьні ад розных палітычных «мудрацоў») выдатна бачыў становішча на палях барацьбы за свабоду і добра яго разумеў. Дзесяць гадоў таму ён пісаў у «Доўгай дарозе да дому»: «Менавіта нацыяналізм, паводле Фрэнсіса Фукуямы, найбольш спрычыніўся да вызваленьня народаў ад камуністычнай дыктатуры. Не лібэралізм, не дэмакратыя — а менавіта нацыяналізм заняволеных камунізмам народаў. Там, дзе гэты працэс быў завершаны, зьявілася магчымасьць пераходу да дэмакратычнага лібэралізму, а дзе не завяршыўся, дзе стаўся затрыманы рэакцыйнымі сіламі — там нацыяналізм па-ранейшаму надзённы. Бо толькі нацыяналізм з найбольшай выніковасьцю здольны аб’'яднаць сілы грамадзтва ў ягоным дэмакратычным разьвіцьці».

(Забягаючы наперад, адзначу, што Беларусь, Украіна, Малдова, з прычыны унутранных і зьнешніх абставінаў пачатку 90-х, вымушана затрымаліся на старце, страцілі шмат часу, патрэбнага дзеля хуткага ўмацаваньня дэмакратыі, дзяржаўнасьці і суверэнітэту. Маскоўская вялікадзяржаўная ўлада ў Расеі за гэты час стабілізавалася, выздаравела ад «дэмакратыі» і пачала імпэрскі наступ на Каўказ, на Малдову, на Беларусь і Украіну.)

У 80-х гадах ініцыятарам выхаду з СССР стала Эстонія. Менавіта там узьнікла канцэпцыя балтыйскай незалежнасьці, сфармуляваныя агульныя ідэі і мэтады дасягненьня суверэнітэту, створана палітычная арганізацыя — Народны Фронт.

Ланцуговая рэакцыя свабоды (стварэньне народных франтоў), якая пачалася ў 1988 годзе, ішла такім парадкам: Эстонія, Латвія, Летува, Беларусь, Украіна, Малдова, каўказкія краіны — і далей, у Сярэднюю Азю.

У грамадзкім пляне Беларусь была, бадай што, найменш падрыхтаваная да здабыцьця незалежнасьці, але на справе аказалася, што яна стала генератарам змагарных ідэй на пазабалтыйскай сфэры змаганьня за свабоду і незалежнасьць.

Эстонія, Латвія, Летува знаходзіліся на прывеліяваным уліку ў міжнароднай супольнасьці. Вялікія краіны не прызнавалі іх часткай СССР і лічылі акупаванымі тэрыторыямі. З боку Захада была поўная падтрымка іхным патрабаваньням свабоды, рабіліся дыпляматычныя захады перад Масквой і г. д.

Тым часам іншыя акупаваныя маскоўскімі бальшавікамі тэрыторыі (Беларусь, Украіну, Малдову, каўказкія краіны і г. д.) Захад даўно ціхенька і моўчкі здаў на нацыянальнае зьнішчэньне акупантам, і потым, калі ў гэтых краінах, ужо ў 80-х гадах, пачалася нацыянальна-вызвольная барацьба, заходнія ўрады не падтрымалі яе, выступалі за захаваньне СССР і, фактычна, супраць незалежнасьці падсавецкіх народаў. Захад зыходзіў са сваіх прагматычных інтарэсаў, імкнуўся мець справу з адным Савецкім Саюзам (а не з мноствам вольных краін) і разам з СССР кантраляваць ядравую зброю і сусьветную палітыку.

Народы Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Азэрбайджана, Арменіі сваю незалежнасьць здабылі сабе самі, не зважаючы на супраціўленьне СССР і заходніх урадаў.

Прытым у Беларусі сытуацыя была найцяжэйшая, бо існавала нацыянальна дэфармаванае грамадзтва (у сэнсе ідэалёгіі) і паталягічна антыбеларуская, антынацыянальная кіруючая камуністычная намэнклятура.

Беларуская барацьба — мадэль змаганьня з рэжымам у СССР

Невыпадкова, відаць, што менавіта тут у 1988 годзе, пасьля стварэньня Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, камуністы задумалі правакацыю, каб увесь вызвольны рух, што разьвіваўся ў Беларусі і на захадзе СССР, утапіць у крыві і расквітацца са свабодай. Ад таго, як павярнуліся б падзеі ў Менску, залежыў характар супраціўленьня ва ўсім СССР.

30-га кастрычнака 1988 года на Дзяды камуністы БССР плянавалі справакаваць сутыкненьне і, скарыстаўшы КГБ і міліцэйскія ўзброеныя фармаваньні, накінуліся на людзей, якія прышлі з кветкамі да Ўсходніх могілак у Менску. Калі б задума камуністаў удалася, то шмат хто быў бы забіты, мноства людзей кінулі б у турму, забаранілі б усялякую грамадзкую дзейнасьць, пачалася б расьперазаная прапаганда супраць Народнага Фронта і рэпрэсіі супраць беларусаў.

30 кастрычніка ў Менску ўпершыню ў СССР быў ужыты супраць насельніцтва сьлезацечны газ. Аднак правакацыя правалілася. Беларусы разгадалі задуму камуністаў і ўдалым манэўрам выйшлі з-пад удару, пазьбеглі сутыкненьня, нягледзячы на міліцэйскае зьбіваньне людзей. Вытрымка і мірная воля перамаглі. Камуністам не ўдалося разьвязаць хвалю рэпрэсій у Беларусі. Спробы, якія былі потым у Тбілісі (1989), Баку (1990), Вільні (1991) — таксама праваліліся. Барацьба пайшла на вышэйшым (мірным) узроўні, да якога савецкая рэпрэсіўная машына не была прыстасаваная і пачала прайграваць бітву за бітвай.

Другім аспэктам беларускай барацьбы і беларускага ўплыву на вызвольны рух у СССР быў сьмяртэльны ўдар па КГБ — рэпрэсіўнай машыне Савецкага Саюза. У 1988 годзе пад Менскам было адкрыта месца масавага генацыду беларускага насельніцтва — Курапаты, — дзе НКВД з 1937 па 1941 гады расстраляў і закапаў сотні тысячаў непавінных ахвяр. За адкрыцьцё Курапатаў мне прышлося вытрымаць татальны прапагандысцкі напад, але расправіцца са мной, як гэта яны рабілі зь людзьмі ў 1930-х, саветы ўжо не маглі (не рашыліся).

Шырма «культу асобы», «сталінскіх рэпрэсіяў», «ГУЛАГа», за якой камуністы хавалі генацыд, ураз перакулілася, і ўсе ўбачылі чалавеканенавісьніцкае аблічча чырвонай імпэрыі зла. Гэтае адкрыцьцё праўды мабілізавала шмат людзей у Беларусі (і ня толькі ў Беларусі) на барацьбу з камунізмам за адраджэньне нацыі і культуры.

Трэцяй мабілізуючай ідэяй барацьбы стала адкрыцьцё праўды пра злачынства Чарнобыля і патрабаваньне адказнасьці за Чарнобыльскі генацыд. Таксама вяртаньне ў Беларусь беларускіх вайскоўцаў, што вымушаныя былі служыць у Савецкай арміі далёка ад дому і ўдзельнічаць у савецкіх ваенных канфліктах.

Усё гэта згуртавала актыўных беларусаў на барацьбу з каляніяльнай сістэмай камунізму за волю і адраджэньне Беларусі.

Незалежнасьць — палітычная мэта БНФ

Да Ўстаноўчага зьезду БНФ мы вельмі асьцярожна выказваліся пра суверэнітэт, разумеючы непадрыхтаванасьць грамадзтва і рэпрэсіўнасьць сістэмы. Пасьля Зьезду (23-24 чэрвеня 1989 г.) змаганьне пайшло адкрыта.

У жніўні 1989 г. аб незалежнасьці як галоўнай палітычнай задачы мной гаварылася на Сойме БНФ, пазыцыю прынялі да дзеяньня. Выбарчая кампанія 90-га года ўжо адбывалася пад лёзунгам незалежнасьці «За Беларусь!».

Нягледзячы на супроцьдзеяньне і неверагодныя антыфронтаўскія высілкі камуністычнай намэнклятуры, у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня усё ж патрапілі пару дзясяткаў фронтаўцаў. Пытаньне барацьбы за незалежнасьць стала набываць рысы канкрэтнай палітыкі і канкрэтных дзеяньняў.

11-га траўня 1990 года адбыўся Сойм БНФ, на якім сцьверджана, што незалежнасьць Беларусі зьяўляецца палітычнай мэтай Народнага Фронту. Было прынятае рашэньне аб правядзеньні агульнафронтаўскай канфэрэнцыі «Незалежная Беларусь». Канфэрэнцыя адбылася ў Менску ў канцы траўня. На ёй прысутнічалі дэпутаты ад БНФ саветаў усіх узроўняў, а таксама дэлегаты з усёй Беларусі. Асноўны даклад рабіў старшыня Фронту (аўтар гэтых радкоў). Канфэрэнцыя прыняла рашэньне аб змаганьні за незалежнасьць.

У пачатку чэрвеня тэкст фронтаўскай дэклярацыі пра незалежнасьць Беларусі быў падрыхтаваны і прадстаўлены дэпутатамі Фронту ў Вярхоўны Савет у якасьці праекту заканадаўчага дзяржаўнага дакуманту.

Нягледзячы на супраціўленьне камуністычнай бальшыні, дэпутаты БНФ дамагліся ўключэньня пытаньня пра дэклярацыю ў парадак дня 1-й сэсіі ВС. Прадстаўляў праект фронтаўскай дэклярацыі і выступаў з дакладам таксама аўтар гэтых радкоў.

Трэба мець на ўвазе, што слова «незалежнасьць» гучэла ў той час для намэнклятурных камуністаў нейкім кашчунствам, якое маглі казаць хіба што «враги советской власти». А значэньне слова «суверэнітэт» добрая палова зь іх увогуле слаба разумела, некаторыя ня ўмелі нават правільна вымавіць. І тут раптам — «дэклярацыя пра незалежнасьць». Сяргей Навумчык так апісвае тую характэрную падзею нашага парляманцкага змаганьня:

«Калі Пазьняк казаў на сэсіі ВС пра суверэнітэт Беларусі як менавіта абвяшчэньне незалежнай дзяржавы, большасьць дэпутатаў слухала яго так, як бы ён абвясьціў, што ў Менск прыляцелі прадстаўнікі іншай галактыкі, і вось толькі што ён зь імі размаўляў. На тварах дэпутатаў чыталася ці ня ўся гама пачуцьцяў — ад зьдзіўленьня да сарказму. Эканамічная самастойнасьць яшчэ ўспрымалася (сакратарам і дырэктарам надакучыла выпрошваць на кожную дробязь дазвол Масквы), а вось уласныя грошы, уласнае войска — не, гэта было па-за межамі іх разуменьня».

Ашарашаная намэнклятура выслухала даклад у мёртвай цішыні. Потым былі пытаньні рознага кшталту (прытым і даволі асэнсаваныя). Але ўвязывацца ў дыскусію намэнклятура пабаялася. Пасьля некалькіх савецкіх сэнтэнцыяў праект быў пастаўлены на галасаваньне — і завалены камуністычнай бальшынёй.

Я, аднак, заўважыў, што шмат хто зь іх над усім, што адбылося, сур’ёзна задумаліся. Ёрніцтва і хіхіканьня, якое спрабавалі пачаць цемрашалы, ніхто не падтрымаў. А «хітруны-мудрацы» па-філясофску заўважылі: «Вопрос серьезный, но — не время».

Падрыхтоўка Дэклярацыі аб суверэнітэце

Тым часам змаганьне за ўладу ў імпэрскай КПСС паміж Ельцыным і Гарбачовым пачало набываць камічныя элемэнты. Бальшавікі-імпэрцы загаварылі аб суверэнітэце. 12-га чэрвеня 1990 года Вярхоўны Савет РСФСР пад старшынствам Ельцына прыняў «Дэклярацыю аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР», якая прадугледжвала (заўважце!) прыярытэт расейскіх законаў над саюзнымі. Зразумела, што гэта рэзка павялічыла палітычную вагу Ельцына, які быў старшынёй Вярхоўнага Савета РСФСР.

Гарбачоў тут жа прыдумаў свой контрплян суверэнітэту (каб абмежаваць Ельцына). Гарбачоўскі плян складаўся з двух этапаў. На пачатку было прапанавана ўсім «саюзным» рэспублікам прыняць дэклярацыі аб суверэнітэце (але фармальныя), а потым заключыць навы саюзны дагавор (з праекту якога вынікала, што ўсе правы былі б у маскоўскай улады СССР, гэта значыць — у Гарбачова). У свой плян Гарбачоў пачаў гуляцца ўжо ў чэрвені 1990-га. Неўзабаве Старшыня Вярхоўнага Савета БССР і кіраўніцтва ЦК КПБ атрымалі рэкамендацыю з Масквы падрыхтаваць і прыняць дэклярацыю аб суверэнітэце «в составе Союза ССР».

Памятаю зьбянтэжаны «готовый к исполнению» твар нашага арыгінала, камуністычнага «сьпікера» Дземянцея. Толькі што яны завалілі наш фронтаўскі праект дэклярацыі і казалі, што ніякай незалежнасьці ня можа быць, і тут на табе — такі паварот.

Зрэшты, намэнклятура вырашыла нічога не рабіць, адмахнуцца пустой паперкай. Але ў палітыцы пустых паперак не бывае. Тут выявіліся нігілістычныя адносіны камуністычнай намэнклятуры. Яны адразу зразумелі, што ад іх патрабуецца толькі бачнасьць дэклярацыі, фармальнасьць, і думкамі пра лёс краіны сябе не абцяжарвалі.

Камісія па выпрацоўцы праекту, фактычна, бязьдзейнічала. Ніхто не хацеў працаваць. Калі да абмеркаваньня дэклярацыі засталося менш за тыдзень, зьбянтэжаны старшыня Камісіі Леанід Козік запанікаваў (разумеючы, што яго абвінавацяць). Ён стаў мне казаць, што ўсе самаўхіліліся, і папрасіў дапамогі («Ребята, может Оппозиция бы помогла?»). Напрацоўкі ў нас былі гатовыя, і мы дружна прыйшлі працаваць у Камісію.

Неўзабаве праект падрыхтавалі. Козік быў задаволены, што ганебна не «ўтапіўся», але ён цудоўна разумеў, што гэта быў зроблены за праект. Таму 26-га ліпеня, прадстаўляючы яго Вярхоўнаму Савету, ён абачліва паведаміў, што праект быў падрыхтаваны ў Камісіі разам з Апазыцыяй БНФ, а таму ён прапануе, каб і на сэсіі яго прадстаўлялі старшыня Камісіі і прадстаўнік Апазыцыі. Козік адчуваў сваю недастатковую падрыхтаванасьць у гэтым пытаньні і асьцерагаўся выглядаць дрэнна перад намэнклятурай, але галоўнае — ён хацеў зьняць з сябе ўсялякую адказнасьць за фармулёўкі, пераадрасаваўшы ўсё на Апазыцыю і на нашых плячах (пасьля таго, як Вярхоўны Савет пакрамсае ўсю нашую працу) выехаць са становішча выгадна для сябе.

Аднак для нас такая прапанова стала падарункам, які мы адразу ж скарысталі. У пачатку дзейнасьці Вярхоўнага Савета (на першай сэсіі) намэнклятура была цалкам пад уплывам тых уяўленьняў пра маю асобу, якія былі сфармаваныя камуністычнай прапагандай і дыфамацыяй («экстрэміст», «будзе расстрэльваць камуністаў» і тп.). Некаторыя нават не набліжаліся, бліскалі з-пад ілба, некаторыя дранцьвелі, пры сустрэчы пачыналі гаварыць штучна, нацягнута і г. д. Магчыма, Козік якраз і спадзяваўся на нігілізм намэнклятуры ў дачыненьні да маёй асобы. Але я ведаў, што трэба рабіць.

Парляманцкае змаганьне за Дэклярацыю. Першы дзень

Я ўзяў тон сумеснага клопату. Маўляў, мы абмяркоўваем дэклярацыю аб незалежнасьці, якая датычыць усіх нас аднолькава, маўляў, вырашаем свой агульны лёс, зьвяртаўся да кожнага адкрыта і па-сяброўску. (І сапраўды, тут была агульная справа, калі разважаць па праўдзе.) Я заўважыў, што гэты падыход дэпутаты ад камуністычнай бальшыні адчулі і многія адгукнуліся. Абмеркаваньне было вельмі актыўным і энэргічным, але ветлівым і канструктыўным. Змагаліся за кожную фармулёўку, за кожны тэрмін, за кожнае слова, і нават за знакі прыпынку ў тэксьце. Калі мы прайгравалі адно слова ці адзін тэрмін, тут жа зьяўлялася новая прапанова новага слова, новая перафармулёўка, новы разгляд, дыскусія, галасаваньне. Прытым рабілася ўсё хутка і дакладна.

Тут зазначу, што адна з нашых істотных пераваг перад камуна-намэнклятурай была ў здольнасьці хутка думаць і хутка фармуляваць дэфініцыі. Намэнклятуршчыкі (і асабліва ветэраны НКВД), якія ня мелі такой інтэлектуальнай трэніроўкі, думалі павольна і часам проста гублялі нітку лёгікі і разуменьня, пра што гаворыцца. Тады яны альбо рабілі памылкі ў галасаваньні, альбо галасавалі па падказцы, альбо бяздумна: супраць таго, што кажа БНФ і за тое, што кажуць камуністы. Але не заўсёды ім проста было ўсё зразумець. Таму дыскусія з галасаваньнем у тым Вярхоўным Савеце — гэта было цэлае мастацтва, якое, як я лічу, мы нядрэнна тады засвоілі, каб перамагаць намэнклятурную масу іхнымі ж галасамі.

Нагадаю, што нас, фронтаўскіх дэпутатаў Апазыцыі, было восем адсоткаў ад ўсяго складу камуністычнага Вярхоўнага Савета. У клясычным парляманце з адстоянымі традыцыямі і з заходнім складам розуму дэпутатаў такая малалікая апазыцыя не адыгрывае звычайна ніякай ролі. Уплываць на парляманцкую палітыку, рэалізаваць сваю праграму і перамагаць апазыцыя з такой колькасьцю галасоў у прынцыпе ня можа.

Тым часам апазыцыйная трыццатка БНФ у камуністычным Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня (345 дэпутатаў) даказала, што можна ўплываць на парляманцкую палітыку, рэалізоўваць сваю праграму і ня толькі перамагаць у асобных пытаньнях, але і прымусіць працаваць увесь парлямант па нашай мадэлі заканатворчасьці і нават, у асобных выпадках, прапаноўваць бальшыні свае ўмовы.

З пункту гледжаньня лёгікі, арыфметыкі і нават усялякага здаровага сэнсу — гэта не рэальна, тут фантастыка. Але няма сэнсу нам дыскутаваць з усялякім стандартным думаньнем. Рэчаіснасьць перакуліла ўсе стандартныя разважаньні.

Палітычная перамога БНФ у Вярхоўным Савеце — гэта ёсьць гістарычны факт. Змагаючыся з магутнай камуністычнай большасьцю, мы насуперак ёй дамагліся незалежнасьці Беларусі, сцьвердзілі нацыянальныя сымвалы (Бел-Чырвона-Белы сьцяг і гэрб Пагоню) у якасьці дзяржаўных (хоць шмат якіх камуністаў аж круціла ад нянавісьці), паднялі праблему Чарнобыля і дамагліся замацаваньня ў заканадаўстве права ратаваньня людзей ад радыяцыі, падрыхтавалі асноўную заканадаўчую базу незалежнай дзяржавы Беларусі, настаялі на стварэньні нацыянальнага войска, нацыянальных грошай, грамадзянства і г.д.).

Як і якім чынам усяго гэтага ўдалося дасягнуць я апісаў ў кнізе «Дэпутаты незалежнасьці», якая неўзабаве выходзіць ў «Беларускіх Ведамасьцях» (Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк. Дэпутаты незалежнасьці, — Нью Ёрк-Вільня-Варшава, 2010 г.).

Аднак вернемся да Дэклярацыі. Нягледзячы на страты, абмеркаваньне і галасаваньне за асобныя артыкулы Дэклярацыі ў цэлым былі ў нашу карысьць. Удалося стварыць гэтакі дзелавы дух, дзе кожны хацеў выказацца і дадаць сваё. Апазыцыя БНФ выступала больш ста разоў.

Памятаю, калі 26-га ліпеня аб’явілі апошні перапынак, мой сусед па 1-м сэктары ў Авальнай залі дэпутат Селівончык (намесьнік дырэктара МАЗа) — чалавек спакойны і не благі, але рэакцыйны ў поглядах — быў так узрушаны, што аж рукі ўздымаў «да неба». Гаварыў з моцнай беларускай рэдукцыяй: «Да што ани дзелают! С ума пасхадзили. Пазьняк павёл за сабой Верховный Савет, а ани хлопают!» (Ён быў супраць суверэнітэту.)

У канцы дня я ўбачыў, што атмасфэра ў залі зьмянілася. Да таго часу мы ўжо прынялі 10 артыкулаў з 12-ці і з большага, фактычна, у нашу карысьць. А тут усё часьцей стала чуваць злых выкрыкаў ветэранаў НКВД. Абмеркаваньне палажэньняў стала ісьці вельмі цяжка. Калі ў дыскусіі ўсе быццам бы пагаджаліся пра той ці іншы тэрмін, фармулёўку, то ў галасаваньні амаль нічога нашага ўжо не праходзіла.

Гэта быў вынік начальніцкай апрацоўкі намэнклятуры пасьля перапынкаў з боку «селівончыкаў» і партсакратароў. Дэпутатам бальшыні (якія страцілі «бдительность») даказвалі, што БНФ выйграе, што працэс пайшоў «не туды». Старшыня Камісіі Козік таксама апамятаўся і падліў масла на галавешкі: «Если мы примем эту Декларацию, — заявіў ён, — то она направлена на сто процентов на выход из Союза».

Намэнклятура зрабілася раптам такой «пруценькай» і паблісківала вачыма. Зразумела, іх пераканалі начальнікі (цемрашалы), што БНФ «их околпачил». Мае прапановы сталі часам не праходзіць насуперак усялякай лёгіцы і здароваму сэнсу. Гэта значыць, што «бэтон» пачаў галасаваць па інтуіцыі: «свой» — «чужы». Як вядучы я стараўся даваць больш магчымасьці выказвацца калегам па Апазыцыі. Але становішча не зьмянілася. Ігар Гермянчук адкрыта паказаў на алягізм паводзінаў намэнклятуры: «Глядзіце, некаторыя галасуюць «супраць» толькі таму, што Пазьняк «за»!»

А ўвогуле, гэта былі звыклыя паводзіны камуна-ветэранскага бэтону — ня думаючы, галасаваць супраць усяго, што кажа БНФ. Да канца гэтага дня яны, што называецца, «знайшлі сябе».

І калі пачалі абмяркоўваць перадапошні артыкул, дзе рэтраграды прапанавалі адлюстраваць гатоўнасьць да новага «саюзнага дагавору», стала зразумела, што тут намэнклятура ляжа касьцьмі.

Ад Апазыцыі БНФ выступіў Уладзімер Заблоцкі, які ў складзе дэлегацыі Вярхоўнага Савета быў камандзіраваны ў Маскву на абмеркаваньне гэтай «саюзнай дамовы». Заблоцкі паведаміў шакуючую інфармацыю. Па новай дамове Масква хацела забраць у сваё распараджэньне ўсё — ад замежнай палітыкі, войска, эканомікі і КГБ, да радыё і навукі. Беларусам пакідалі толькі будаўніцтва прасёлачных дарог і вынікі Чарнобыльскай катастрофы.

Тым часам ніякага асаблівага хваляваньня ад паведамленьня Заблоцкага ў камуністаў (як ні дзіўна) ня ўзьнікла. Намэнклятура выслухала ўсё спакойна (усё праектнае нявольніцтва новай дамовы) і амаль што з задавальненьнем, як само сабой зразумелае.

Тут фэнамэн. Самым зацятым ворагам незалежнасьці Беларусі была мясцовая камуна-савецкая намэнклятура. Менавіта зь ёй (а не з Масквой, якой тады было не да нас), менавіта зь мясцовай партапаратняй змагаўся найперш (!) Беларускі Народны Фронт за свабоду і незалежнасьць Бацькаўшчыны. Гэта быў галоўны вораг незалежнасьці, галоўны ненавісьнік вольнага нацыянальнага разьвіцьця. Халуйства іх перад Масквой зьдзіўляла нават самых маскоўцаў. (З гэтага гнілога асяроддзя і сфармаваўся пазьней цяперашні антыбеларускі рэжым і антынацыянальная палітыка).

(Гісторыя паходжаньня і генэзіс улады гэтай антыбеларускай намэнклятуры вядомыя. Яе зьяўленьне зьвязанае з другой савецкай акупацыяй у 1944 годзе, калі, гонячы немцаў, Беларусь заняло савецкае войска. Тады ўладу ў пасьляваеннай Беларусі Масква перадала ў рукі НКВД — так званым «партызанам» — энкавэдзісцкім групам, арганізаваным Масквой у Расеі і перакінутым ў Беларусь для тэрарыстычнай дзейнасьці на беларускай тэрыторыі. Энкавэдзісцкія партызаны разьвязалі найперш тэрор супраць беларускага насельніцтва. З партызанскіх справаздачаў, якія энкавэдзісты адсылалі ў Маскву, вынікае, што толькі 10 адсоткаў ад агульнай колькасьці забітых партызанамі былі немцы. Астатнія — беларускія настаўнікі, інтэлігенцыя, сяляне, служачыя ў нямецкай адміністрацыі і іншыя беларусы. Пасьля вайны, асядлаўшы ўладу ў Беларусі, «партызаны» НКВД сорак гадоў вытоптвалі беларускую мову, культуру, людзей, усё жывое беларускае. Гэта была абсалютна антынацыянальная беларусафобная улада, якая ў дадатак стварыла афіцыёзны татальны зьдзеклівы міф пра «рэспубліку-партызанку», «народных мсьціўцаў» і тп., улада, якая пладзіла рэнегатаў, манкуртаў і лукашэнак.)

Такое становішча і такая антынацыянальная намэнклятура кампартыі была толькі ў Беларусі. У гэтым была цяжкасьць змаганьня для Беларускага Народнага Фронту і цяжкасьць зразуменьня нашай сытуацыі іншымі. (Што датычыць Захаду, то ён з прычыны асаблівасьцi свайго разьвіцьця і сёньня нічога не разумее.)

Агрэсіўна-адкідальніцкі настрой, які зьявіўся сярод намэнклятуры ў канцы першага дня пры завяршэньні абмеркаваньня дэклярацыі, быў небясьпечны тым, што мы маглі страціць усё, што так прыгожа адваявалі. Мы ўжо ведалі звычкі гэтай камуністычнай публікі, якая ў 10-12 разоў пераўзыходзіла нас па колькасьці. Пры галасаваньні за дэклярацыю агулам («у цэлым») яны маглі зноў вярнуцца да асобных артыкулаў і пачаць рэвізію прагаласаванага.

Першы дзень скончыўся напружаньнем у залі і дыскусіяй па новай саюзнай дамове. Прыняцьце артыкула адклалі на заўтра. Нам трэба было нешта рабіць. І справа не ў артыкуле. Паколькі не прайшло нашае галоўнае палажэньне аб вяршэнстве беларускіх законаў над саюзнымі, гэты артыкул, пра намер заключыць новую саюзную дамову, хоць быў і важны, але ўжо ня меў першаступеннага значэньня. Істотным было тое, што намэнклятура пад уплывам сваіх начальнікаў агрэсіўна салідарызавалася ў канцы дня і магла перахапіць ініцыятыву. Тады рэвізія ўжо прынятага была непазьбежная.

Па ўсталяванай традыцыі кожны дзень пасьля паседжаньня Вярхоўнага Савета мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, зьбіраліся ў сваім пакоі 363 абмеркаваць дзень, нашыя дасягненьні і прапановы, прааналізаваць паводзіны камуністаў, вызначыць тактыку, пазыцыю, выступоўцаў на заўтра. На зборцы вечарам 26-га ліпеня мы сур’ёзна ацанілі сытуацыю, якая яшчэ больш магла пагоршыцца назаўтра пасьля магчымага ціску і «настрапаленьня» начальствам нашых апанентаў.

Я выказаў меркаваньне, што ні ў лоб, ні ў абход мы ўжо гэтую масу ня возьмем. Трэба прыдумаць экстраардынарнае рашэньне і выканаць яго, і што трэба быць усім да гэтага гатовымі.

Сыграць з камуністычным бэтонам можна было толькі на іхняй псіхалёгіі, на паталягічным жаданьні рабіць усё насуперак БНФ і галасаваць «супраць», калі Пазьняк «за».

Пэрформанс для бэтона

Як і чакалася, за ноч намэнклятура «апамяталася» яшчэ больш. На другі дзень абмеркаваньня дэклярацыі перад пачаткам паседжаньня я сказаў калегам, што як толькі «камуна» трыумфальна прыме артыкул пра «саюзную дамову», я адразу раблю рэзкую заяву аб няўдзеле ў галасаваньні, і мы пакінем залю. Эфект павінен быць. Яны пачнуць нас мяшаць з зямлёй, і прагаласуюць за дэклярацыю «ў цэлым» у піку БНФ. Маўляў, «ах так! Вам такая дэклярацыя непатрэбная, дык мы вось яе і прымем». Словам, зробяць тое, што нам трэба, прагаласуюць за нашу дэклярацыю. Рэвізіі ня будзе.

Тут я найбольш непакоіўся, што калегі мне не павераць, што мы выйграем. Але аказалася, што нашы дэпутаты ў бальшыні падтрымалі маю прапанову, бо выдатна ведалі гэты Вярхоўны Савет і ўвесь ягоны тэатр абсурду. Канешне, элемэнт рызыкі прысутнічаў, і некаторыя сябры-дэпутаты пра гэта казалі. Але я пераконваў іх, што бэтонам ў гэтай сытуацыі будзе кіраваць толькі «клясавы інстынкт» зрабiць насуперак БНФ, плюс эмоцыі. Наш выхад і адмаўленьне галасаваць — гэта сьведчаньне для іх (і асабліва для недалёкіх), што дэклярацыя нам не падабаецца. А значыць ім трэба яе прымаць, без сумніву (бо, маўляў, што фронтаўцу дрэнна, камуністу добра). Урэшце мы хутка прынялі рашэньне, і з залі выйшлі нават тыя, што сапраўды сумняваліся, бо вагацца і не падпарадкавацца тут нельга было — усе ў адно.

У залі мы пакінулі Сяргея Навумчыка, Уладзімера Грыбанава, Васіля Шачака і яшчэ некалькі з падпісантаў заявы пра Апазыцыю.

Свой выступ я зрабіў просталінейны і, як кажуць у такіх выпадках, правакацыйны, адмыслова закрануўшы самалюбства камуністычных дэпутатаў і гонар мундзіра Вярхоўнага Савета, заявіўшы, што дэпутаты «не дарасьлі да суверэнітэту», і што «Вярхоўны Савет ня здольны прыняць Дэклярацыю аб сапраўдным суверэнітэце» і г. д.

Вось як гэта апісвае Сяргей Навумчык: «І тады Пазьняк прапанаваў тактычны крок, які спачатку падаўся шмат каму з нас натуральнай авантурай. Пазьняк прапанаваў апэляваць не да розуму дэпутацкай большасьці, а, скажам гэтак, да калектыўнага інстынкту, скарыстаўшы ўжо выпрацаваную звычку галасаваць насуперак БНФ.

«Паважаныя дэпутаты, — пачаў свой выступ Пазьняк на сэсіі, — я не затрымаю доўга вашай увагі. Тое, што мы зараз пачулі зьвесткі, што нам рыхтуе «саюзны дагавор», і тое, што зараз сэсія прагаласавала за гэты «саюзны дагавор», гэта тое самае, што сунуць галаву ў пятлю. Гэта значыць, што далейшая размова аб сувэрэнітэце ня мае сэнсу. Гэта значыць, што наша праца два дні была без патрэбы. На вялікі жаль, народныя дэпутаты, відаць, мы ўсё ж такі не дарасьлі да сувэрэнітэту. Таму я, Пазьняк Зянон Станіслававіч, заяўляю, што я адмаўляюся далей удзельнічаць у гэтай сэсіі ў выніку таго, што Вярхоўны Савет ня здольны прыняць Дэклярацыю аб сапраўдным сувэрэнітэце. Тых дэпутатаў, якія мяне падтрымліваюць, прашу зрабіць тое самае. Я пакідаю залю».

З Авальнай залі выйшла трыццаць дэпутатаў (аднак некалькі дэпутатаў БНФ, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, былі пакінутыя ў залі).

Заява Пазьняка і выхад з залі выклікалі ў прысутных шокавы эфэкт сваёй нечаканасьцю. Але значна больш моцным было жаданьне зрабіць насуперак — як перад гэтым на сэсіі заўважыў Ігар Гермянчук, некаторыя галасуюць «супраць» толькі таму, што Пазьняк галасуе «за».

Перад выхадам з залі мы абмяркоўвалі гэты крок, нам ён падаваўся вельмі рызыкоўным. Найбольш рызыкаваў, канешне, Пазьняк: калі б у выніку Дэклярацыя не была б прынятая (скажам, не хапіла галасоў) — на ягоным палітычным аўтарытэце, ды і на аўтарытэце ўсяго Народнага Фронту, можна было б ставіць крыж.

Адбылося так, як разьлічваў Пазьняк: дэпутаты заявілі, што поўныя рашучасьці прыняць Дэклярацыю і пачалі актыўна галасаваць. Ня ведаю, чаго тут у Пазьняка было болей: дакладнага палітычнага разьліку, адчуваньня псыхалёгіі ці проста інтуіцыі».

Калі мы выходзілі з залі, чулася з боку бэтону: «Вот оно, истинное лицо БНФ!» і г. д. Выдатна. Апынуўшыся ў файе Вярхоўнага Савета, я ўбачыў, як усе хваляваліся і перажывалі. Памятаю, што да мяне падышоў Аляксандар Сасноў і амаль шэптам, хвалюючыся, кажа: «Прайграем, усё перавернуць» і г. д.

Мы назіралі за ходам сэсіі па тэлевізійным маніторы моўчкі і напружана. Усё ішло па нашаму пляну, і нават лепш, чым мы думалі. Сапраўды, пачалося ўдакладненьне некаторых палажэньняў, але прапановы тут жа пасыпаліся з боку нашых дэпутатаў, што засталіся, і ад нашых прыхільнікаў, якія выказваліся ў агульным рэчышчы абмеркаваньня. Іхныя прапановы ўспрымаліся як «у піку БНФ» і «насуперак Пазьняку». Бэтон зусім ашалеў, ці дакладней, зьехаў з глузду. Былі нават прынятыя (падкінутыя нашымі дэпутатамі і пададзеныя цяпер як новыя) мае прапановы аб беларускіх узброеных сілах, унутраных войсках і службе дзяржаўнай бясьпекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету, палажэньні, якія ўчора намэнклятура заваліла (а сёньня, відаць, пра гэта забылася). Я часта жартаваў у тым Вярхоўным Савеце, што дурні бываюць вельмі карыснымі людзьмі ў жыцьці, толькі трэба правільна зь імі абыходзіцца.

Першы крок на дарозе да незалежнасьці

Калі ў Авальнай залі прагаласавалі за Дэклярацыю канстытуцыйнай большасьцю, мы ў фае пачалі абымацца ад радасьці, а некаторыя нават прытанцоўвалі. Шчасьлівыя і радасныя, мы ўвайшлі ў залю, віншуючы ўсіх і сьмеючыся ад перапоўненых пачуцьцяў і ад таго, што раптам з плячэй зваліўся такі цяжкі груз трывогі за правільнасьць свайго ўчынку. Мы перажывалі ўзьнёслае адчуваньне перамогі над трохсотнай масай камуністаў.

Я глядзеў на абліччы дэпутатаў у залі. Шмат хто нічога ня цяміў, што адбываецца. Але дзіўна — адразу ўсё зразумеў ветэранска-энкавэдзісцкі бэтон. Абліччы іх выцягнуліся, некаторыя глядзелі на нас, выпучыўшы вочы. «Товарищи, нас развели,» — сказаў нехта замагільным голасам.

Потым мы гэтую псіхалягічную тактыку (выкарыстоўваньне паталягічнай устаноўкі бэтону на бяздумнае галасаваньне «супраць БНФ») ужывалі яшчэ з посьпехам некалькі разоў, і камуністычны бэтон рэгулярна «купляўся», упарта наступаючы на свае граблі. Вядома, прыняцьцё Дэклярацыі аб суверэнітэце без канстытуцыйнай нормы аб вяршэнстве беларускага права не азначала незалежнасьці краіны і, як быццам, на першы погляд, мала што зьмяняла, асабліва ўлічваючы наяўнасьць каляніяльнай адміністрацыі і савецкай улады з прамаскоўскай намэнклятуры.

І ўсё ж яна зьмяняла шмат што. Гэта быў першы рэальны крок да рэальнай незалежнасьці краіны. Была закладзена юрыдычная база і зроблена аснова для далейшых паводзінаў улады і грамадзтва на шляху да незалежнасьці. Трэба ўлічваць, што пры саветах нацыянальная ідэалёгія была так моцна вынішчана ў беларускім грамадзтве, што людзі баяліся стаць вольнымі, шмат хто нават не ўяўляў, як гэта можна будзе існаваць без СССР. На ўмацаваньне гэтых збочаных уяўленьняў 70 гадоў працавала маскоўская прапаганда. Прыняцьце Дэклярацыі аб суверэнітэце зрабіла вялікі станоўчы зрух у сьведамасьці беларусаў. Людзі пачалі ўсьведамляць самакаштоўнасьць нацыі і сваборды.

Дэклярацыя дала магчымасьць нам, дэпутатам БНФ, рэальна працаваць у Вярхоўным Савеце над заканадаўчай базай незалежнай дзяржавы, рыхтаваць законы аб грамадзянстве, аб банках і банкаўскай справе, аб узброеных сілах, аб беларускіх грошах, аб зямлі і эканамічных рэформах і г. д. Словы «суверэнітэт» і «незалежнасьць» сталі афіцыйнымі тэрмінамі, увайшлі ў сьведамасьць грамадзтва і ўладнай бюракратыі. Нарэшце, гэта быў ужо гатовы дакумант для хуткага аб’яўленьня незалежнасьці, дастаткова было толькі зрабіць яго канстытуцыйным законам і заручыцца падтрымкай людзей.

Пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб суверэнітэце падтрымка грамадзтвам ідэяў свабоды і незалежнасьці шматкроць павялічылася. І калі праз год, 25 жніўня 1991 года, пасьля гістарычнай нечарговай і надзвычайнай Сэсіі Вярхоўнага Савета БССР настаў гэты даўгачаканы Дзень Незалежнасьці, то (і гэта асабліва ўлічым) асноўная палітычная і заканадаўчая база незалежнай Беларусі (і, перш за ўсё, Дэклярацыя) былі ўжо падрыхтаваныя. І другое, — было ўжо агулам падрыхтаванае і грамадзтва, нашыя людзі. Заставалася толькі сцьвердзіць і рэалізаваць палітычную волю. І гэта было зроблена.

25 Жнівень 1991 года стаў найвялікшым днём нашай гісторыі — Днём рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Дэклярацыя была пярэдаднем гэтага гістарычнага дня. Усе мы ацэньваем яе прыняцьце як вялікую падзею і моцны крок да незалежнасьці. «Калі мы пісалі Дэклярацыю, — казаў пазьней на радыё Свабода Валянцін Голубеў, — зацьвярджалі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і «Пагоню» ў якасьці дзяржаўнай сымволікі, працавалі над Канстытуцыяй, — мы спадзяваліся, што ўсё гэта прывядзе да ўмацаваньня Незалежнасьці».(Радыё «Свабода», 15 жніўня 2007 г.)

Сяргей Навумчык і Лявон Дзейка засяроджваюць увагу таксама на тактыцы і драматычным накале, пры якім прымалася Дэклярацыя. «Вось гэты выхад дэпутатаў з залі Вярхоўнага Савету (і мы ўжо потым удзел у паседжаньні не прымалі), мне падаецца, найбольш драматычным момантам», — адзначае Лявон Дзейка. (Радыё Свабода, 27 ліпеня 2006 г.)

«Драматычны момант», пра які кажа Л.Дзейка, паспрыяў таму, што нам удалося падрыхтаваць і правесьці рукамі парляманцкай бальшыні рэальны грунт пад будучую незалежнасьць Беларусі. З другога боку, гэты «момант» прымусіў скансалідавана выказацца намэнклятуры па чужароднаму для яе паняцьцю суверэнітэту, які яна прыняла як дазволеную акцыю, нічым не рызыкуючы. Выхад Апазыцыі з залі ў патрэбны момант перакуліў традыцыйнае адмаўленьне намэнклятурай ідэі суверэнітэту, пераключыў яе ідэйны нігілізм на нянавісьць да носьбітаў гэтай ідэі (гэта значыць да БНФ) і прымусіў парадаксальным чынам падтрымаць яе. Я назваў для сябе такі прыём (які мы потым ня раз паўтаралі) «палітычным дзюдзюцу» (нагадаю, сутнасьць барацьбы «дзюдзюцу» — выкарыстаць сілу праціўніка супраць яго самога).

Тое, што нашая тактыка ўдавалася, тое, што мы яе плянавалі і ня раз перамагалі, мы самы гэтаму найперш сталі сьведкамі. Цяпер жа, з далечыні 20 гадоў часу, аналізуючы ўсё і памятаючы ліхаманкавы накал падзеяў, мне падаецца, што на ўсё тут была воля Божая. Асабліва 27 ліпеня 1990 года і 25 жніўня 1991-га. Падзеі прайшлі, як кажуць, па вастрыні ляза. Малая недакладнасьць, памылка з нашага боку — і ўсё магло стацца інакш.

Тут мушу яшчэ сказаць, што нашае няроўнае змаганьне з пераўзыходзячымі сіламі камуністычнай намэнклятуры ў Вярхоўным Савеце не выглядала і не зьяўлялася адчайнай барацьбой фанатычных ці апантаных людзей. Усё выглядала вельмі па-беларуску, мы «секлі» гэтую трохсотную масу камуны часта са сьмехам і гумарам, як Несьцерка Шкаляра, але заўсёды дружна і з разуменьнем справы. Сьмех нас аб’ядноўваў, даваў адчуваньне свабоды і перавагі над гэтым намэнклятурным бэтонам з закасьнелымі паняцьцямі і псіхалёгіяй.

Шкада, што мінуў час і загінула шмат матэрыялаў, што не вялося падрабязнага летапісу тых гадоў, што непрыяцелі Беларусі пазьнішчалі відэазапісы, стэнаграмы і кіназдымкі, што мярзота запусьценьня і хлусьні расьселася ў нашай культуры. Тым больш, што 90-я гады, — гэта яшчэ не гісторыя. Гэта сучаснасьць, якая змагаецца за існаваньне і перамогу над злом.

Марната марнаты і гістарычная веліч падзей

Чым далей беларускі сьвет аддаляецца ад 90-га і нацыянальнай рэвалюцыі 91-га, тым больш (нягледзячы на замоўчваньне, нішчэньне і хлусьню) вырастае ў сьвядомасьці тых, хто ведае і памятае, веліч мінулых падзей. Цікава, што ў сьвятле гэтай велічы нават тыя, што выступалі тады супраць суверэнітэту і незалежнасьці (ці, у лепшым выпадку, маўчалі, нічым не выяўляліся), нават тыя стараюцца цяпер неяк зманіць і далучыцца да гістарычнай справы, якая перамагла. Прытым пішуць заведамую няпраўду, мяркуючы, што нехта ж паверыць.

Калі пачытаць «незабыўнага» М.Дземянцея, дык ён усё зрабіў: і Канстытуцыю, і Дэклярацыю, і суверэнітэт. І гэта пры тым, што гэтая рэакцыйна-камічная асоба заўсёды выконвала толькі ўстаноўкі КПСС і ляжала калодай на шляху да волі і незалежнасьці.

Тое ж самае — цяпер разгаварыўся былы сьпікер Мечыслаў Грыб. Аказваецца, за Дэклярацыю тады і ён зямлю гараў. А мы й ня ведалі нічога пра нашага «змагара», які асуджае цяпер Апазыцыю БНФ і выказваецца па ўсіх пытаньнях. Аказваецца, спадар Грыб, гэты баязьлівы і нерашучы палітык, у 1995 годзе меў у галаве плян, як змагацца з таварышам Лукашэнкам, але гэтаму ягонаму намеру перашкодзілі, маўляў, дэпутаты БНФ, аб’явіўшы галадоўку пратэсту ў Авальнай залі Вярхоўнага Савета і гэтакім чынам заваліўшы тры галоўныя пытаньні, вынесеныя Лукашэнкам на незаконны рэфэрэндум, якія пры галасаваньні не прайшлі (аб скасаваньні Бел-Чырвона-Белага сьцяга і гэрба «Пагоня» як дзяржаўных сымвалаў, аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і аб праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет).

Лепш бы Мечыслаў Іванавіч нічога такога не пісаў. Менш бы меў недаверу. Бо падзеі былі такія, што ад яго тады залежыла пакласьці канец беззаконьню і ўзурпацыі Лукашэнкі. Але гэтага ня сталася, бо Старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб банальна спалохаўся і ўсё праваліў.

А было так. Пасьля ўводу войска ў парлямант у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года і зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ, нараніцы 12-га Генэральным пракурорам Беларусі Васілём Шаладонавым (пасьля звароту нашых дэпутатаў ад БНФ) была ўзбуджана крымінальная справа па факту ўвядзеньня войска і зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі. У 9 раніцы мы, дэпутаты БНФ, зьявіліся на паседжаньне Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета, на якім было прынята рашэньне аб пастаноўцы і разглядзе на сэсіі Вярхоўнага Савета пытаньня аб увядзеньні войска ў парлямант і аб зьбіцьці дэпутатаў, аб стварэньні парляманцкай камісіі па рассьледваньні падзеяў аб зьбіцьці дэпутатаў. Рэальна паўставала пытаньне аб прыпыненьні (згодна Закону) прэзыдэнцкіх функцыяў А.Лукашэнкі на пэрыяд сьледзтва і рассьледваньня.

Але рашучасьць спадара Грыба тут жа выпарылася, калі ён пад’ехаў да Вярхоўнага Савета і ўбачыў, што будынак акружаны войскам і яго самога (сьпікера ВС) не пускаюць у залю паседжаньняў.

Прайшоўшы ўсё ж у залю, ён ад перапалоху праштампаваў усё, што загадаў яму ўзурпатар Лукашэнка. Калі мы, дэпутаты БНФ, прарваліся сілай праз міліцыю на сэсію, спадар Грыб на сьпікерскім месцы толькі нешта мямліў у мікрафон, а ветэраны НКВД, пачуўшы пах крыві, раўлі: «Правильно сделали! Мало дали!» (гэта пра нас) і г. д. Грыб толькі лыпаў вачыма.

Вось такая гісторыя. Лепш бы яны, намэнклятурныя «змагары», маўчалі, бо сэнс іхных «успамінаў» толькі ў тым, каб убрыкнуць Народны Фронт. (А быў яшчэ такі Шарэцкі, які (ужо пазьней) проста здаў нас, усіх беларусаў, у дыктатуру. Таксама нешта напіша, як ён «змагаўся» за «суверэнітэт».)

Не адстае ад намэнклятуры па наскоках на Фронт і Станіслаў Шушкевіч. У яго свае адносіны да БНФ. Хоць, каб не БНФ, яго ўвогуле не існавала б у палітыцы.

Сяргей Навумчык неаднаразова зьвяртаў увагу на гэтыя кручаныя паводзіны Шушкевіча ў пытаньні Дэклярацыі, Суверэнітэту і Незалежнасьці (у якую Шушкевіч тады ня верыў і пра гэта казаў). Нянавісьць да Фронта, зайздрасьць, рэўнасьць, страх перад сьведчаньнем пра мінулыя паводзіны, засьцяць вочы усім гэтым таварышам і спадарам.

«Яны вышлі з залі», «не галасавалі» — шыпяць цяпер тыя, што тады прайгралі (думаюць, што хоць гэтак адпомсьцяць за сваю паразу). «Яны выйшлі з залі, — падпявае Шушкевіч, гарэзьліва бліскаючы у наш бок. — Яны не галасавалі». «Яны выйшлі дэманстратыўна з залі на чале з маім намесьнікам Шушкевічам, каб не прымаць дэклярацыю», — рубануў па ўсіх на хвалях Свабоды Мікалай Дземянцей. (Сяргей Навумчык. Радыё Свабода 14 верасьня 2007 г.)

Тут спадары-таварышы дакаціліся ўжо да поўнага фарсу. (Шушкевач, дарэчы, не выходзіў, а сядзеў паруч з Дземянцеем і разам зь ім прымаў артыкул аб «саюзнай дамове», за якую галасаваў абедзьвюма рукамі.) Лепш бы ўжо, сапраўды, памаўчаць гэтым спадарам, ато яшчэ пасварацца.

Мы ўратавалі тады наш тэкст Дэклярацыі ад псаваньня і здабылі дакумант, які рэальна дапамог ў дасягненьні незалежнасьці.

І Беларускі Народны Фронт, і ўсё беларускае грамадзтва з энтузіязмам вітала перамогу нацыянальна-дэмакратычных сілаў і прыняцьце Дэклярацыі аб суверэнітэце. Усе, хто ўмеў добра думаць, разумелі, што пройдзены першы этап на шляху да дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, што гэтая перамога тактычная, што дарога да волі ўжо пракладзена.

Васіль Быкаў так характарызаваў тады падзеі і дзейнасьць дэпутатаў Народнага Фронту: «Што ж датычыцца Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, то я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай суверэннасьці. Гэта яе заслуга. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца, незалежна ад лёсу Беларусі наогул, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна, гэта будзе ацэнена праз вякі».

І сапраўды, мінуў роўна адзін год і адзін месяц з дня 27 ліпеня 1990-га, і наша агульная барацьба за свабоду прынесла перамогу ўсім беларусам. Усе беларусы, падтрымліваючы Народны Фронт, дасягнулі дзяржаўнай волі, стварылі наш сьветазарны Дзень незалежнасьці, пра які 200 гадоў марылі і за які змагаліся пакаленьні змагароў. 25 жніўня 1991 года Беларусь дамаглася рэальнай незалежнасьці і стала незалежнай дзяржавай. За год пасьля Дэклярацыі ўжо шмат што было падрыхтавана і мабілізавана. І калі ў жніўні 91-га пасьля раптоўнай паразы камуністычна-гэбоўскага путчу ў Маскве настаў кароткі час «Ікс», ён быў скарыстаны намі імгненна, з усім вопытам і рашучасьцю.

Няхай жыве наша прыўкрасная вольная і незалежная Беларусь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)