Як без прыгодаў адпачыць у Косаве
Што варта ведаць, калі вы сабраліся на радзіму Тадэвуша Касцюшкі. Некалькі карысных парадаў ад «Салідарнасці».
Косава, палац Пуслоўскіх. Згодна пашпарта аб’екта тут ідзе другая чарга рэстаўрацыі, якая скончыцца ў лютым наступнага года. Пакуль што вандроўнкі могуць палюбавацца палацам толькі праз будаўнічы плот.
Ацаніць веліч палаца ХІХ стагоддзя можна праз нешматлікія ўчасткі плоту, дзе агароджа зробленая з сеткі. Яго можна абысці па перыметры, але будзьце гатовыя — большая частка шляху пройдзе па пратаптанай праз высокі бур’ян сцежцы. Бур’ян, праўда, даволі маляўнічы, у ім поўна прыгожых палявых кветак. Але прагулка па ім пасля дажджу — сумнеўная асалода.
Не бяруся ацэньваць якасць рэстаўрацыйных працаў (гэта ўжо зрабілі адмыслоўцы). Адно можна ўпэўнена сказаць, што неабазнанага ў тонкасцях справы чалавека нават у сённяшнім выглядзе палац Пуслоўскіх ня можа не ўразіць. Як і фантастычна прыгожыя краявіды навокал.
З палаца Пуслоўскіх адкрываецца фантастычная панарама на сядзібу Касцюшкі
Мемарыяльны музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі прапануе сатысфакцыю аматарам прыгожага за часовую немагчымасць трапіць на тэрыторыю палаца. Але тут варта загадзя спланаваць свой візіт. Музей працуе з 10 па 18, аднак апошніх наведнікаў пускаюць у памяшканні 17-й. Па панядзелках і аўторках сядзіба не працуе. Быў сведкам, як некалькі сем’яў, у тым ліку турысты з Польшчы, былі расчараваныя такім графікам працы, прыехаўшы да музея акурат а пятай гадзіне вечара.
Адноўленая сядзіба Тадэвуша Касцюшкі
Пазаштатны супрацоўнік музея
Адноўленая сядзіба-музей — не адзіны будынак, звязаны з нашым слынным земляком. На месцы колішняга косаўскага драўлянага касцёла ў 1788 годзе збудавалі мураваны —Троіцкі. Завітайце і да цэркваў. Іх тут дзве — мураваная царква Святога Антонія (1868) і драўляная царква Святога Георгія (XVIII ст). На мясцовых могілках можна пабачыць помнік палеглым у паўстанні 1863 года.
У мястэчка таксама варта звярнуць увагу на старасвецкія дамкi, рассыпаныя па ўсім паселішчы.
Косаўскія сілуэты
Троіцкі касцёл
Прагаладаліся на вольным паветры? Многія, магчыма, ведаюць пра косаўскую кавярню «У Тадэвуша», што непадалёк ад музея. Зараз яна на рамонце, але гэта не азначае, што вам трэба ісці ў краму па чыпсы і кока-колу. У якой сотні метраў ад касцёла адчынілася новая кавярня «Стары двор». Мінчукоў прыемна здзівяць цэны, ды і асартымент страваў тут вельмі неблагі.
Пасля Косава варта наведацца ў Ружаны, яны тут недалёка. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное