Общество
Кастусь Лашкевіч, TUT.BY

Як беларускія таленты выціскаюць за мяжу

Сітуацыя, у якой апынуліся сёстры Юлія і Лілія Івашкевіч, абсурдная і паказальная адначасова. Пакуль дзяржаўныя мужы з высокіх і не вельмі трыбун выказваюць падтрымку маладым талентам, спрабуючы прадухіліць «адток мазгоў», «на месцах» змушаюць гэтыя самыя таленты іміграваць.

Сямейная трагедыя

У адрозненні ад многіх, хто ледзь не з дзяцінства марыць стаць доктарам, сясцёр-блізнят Лілю і Юлю Івашкевіч з Віцебска ў прафесію падштурхнула сямейная трагедыя.

“Калі мы вучыліся ў 10-м класе, цяжка захварэў наш стрыечны брат, — з жалем апавядае Лілія Івашкевіч. — Ён тады служыў у арміі і пачаў згараць на вачах. Дактары перавозілі яго з аднаго ваеннага шпіталя ў другі, паўтараючы: “Усё добра! Ачуняе!” Выявілася ж, што ў брата было анкалагічнае захворванне. За некалькі месяцаў моцны жыццярадасны хлопец ператварыўся ў шкілет з земляным колерам твару. 21 чэрвеня 2003 года, калі ў нашай школе мусіў адбыцца выпускны, мы з сястрой паехалі на пахаванне брата...”

Праз тыдзень дзяўчаты падалі дакументы на стаматалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта (БДМУ) і адразу паступілі на “бюджэт”.

Найлепшыя на курсе

Сказаць, што вучыліся старанна — нічога не сказаць. “За пяць год мы не прапусцілі ніводнай пары, у нас не было ніводнай адпрацоўкі. Стараліся не хварэць, а калі здаралася, усё адно хадзілі на заняткі. У інтэрнат пасля дазволеных 23.00 ні разу не вярталіся”, — распавядае Юлія Івашкевіч.

Поспехі ў навучанні мелі адпаведныя. Сярэдні бал дыплому ў абедзвюх сясцёр — 9,5! — адзін з найлепшых на курсе.

Юлія і Лілія Івашкевічы

“Добра памятаю гэтых студэнтак, — прыгадвае ў размове з карэспандэнтам TUT.BY адзін са старажылаў Медуніверсітэту, доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры марфалогіі чалавека Аляксандр Арцішэўскі. — Адна з іх здавала мне экзамен — настолькі глыбока і прадумана, што я паставіў ёй “дзясятку”. Сёстры Івашкевіч заўжды былі выключна падрыхтаваныя, сур’ёзныя, сучасныя. Мяне вельмі радавала, што апроч адукаванасці дзяўчаты вылучаліся сумленнем і адказнасцю. Гэта вельмі важна, бо медыцына — надзвычай адказная справа”.

Пры тым вялікай прыхільнасці да выдатніц дэканат не меў.

“Мы вучыліся на “выдатна”, але ніводнай граматы за пяць год не атрымалі, — дзеліцца Лілія Івашкевіч. — Чаму? Бо заўжды імкнуліся трымацца незалежна, не кланяліся і не закладалі. Аднойчы прачынаемся аб 11-й вечару, а ў нашым інтэрнацкім пакоі — дым. Мы адразу набралі 101. Выявілася, што суседка папросту забыла адключыць электрачайнік. Потым да нас некалькі разоў заходзіла намеснік дэкана, якая дала зразумець, што смецце з хаты выносіць нельга”.

“Мы былі стараннымі студэнткамі, удзельнічалі ў навуковым жыцці, але калі на 5-м курсе з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у міжнароднай канферэнцыі ў Маскве, дэканат адмовіўся даць нам два выходных”, — прыгадвае Юлія.

Бар’еры да ардынатуры

У 2008-м, пасля сканчэння пяці курсаў, будучых стаматолагаў накіравалі для праходжання 12-месячнай інтэрнатуры ў Віцебскую абласную стаматалагічную паліклініку. Далей можна працягваць навучанне ў аспірантуры. Пры гэтым паступленне ў аспірантуру вызваляе ад двухгадовай адпрацоўкі па размеркаванні.

Дзяўчаты ж збіраліся стаць стаматолагамі-артадонтамі ­— практыкамі, а для гэтага, паводле нормаў, неабходна скончыць двухгадовую ардынатуру, то бок павысіць практычныя клінічныя навыкі.

Нюанс у тым, што з 2009 года паступіць у ардынатуру ў Беларусі стала магчыма толькі пасля двухгадовай адпрацоўкі па размеркаванні.

У законе ёсць, праўда, адно выключэнне. Гэта лаўрэаты спецыяльных фондаў прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і па падтрымцы таленавітай моладзі. Адразу пасля інтэрнатуры іх без двухгадовай адпрацоўкі прымаюць у ардынатуру.

На практыцы падобную магчымасць маюць і іншыя выбітныя студэнты, якія атрымліваюць асабістую рэзалюцыю міністра аховы здароўя. Для гэтага неабходна сабраць пакет дакументаў, сярод якіх — характарыстыка-рэкамендацыя alma mater. Менавіта гэтая паперчына і стала каменем сутыкнення, што перакрыў сёстрам Івашкевіч найбліжэйшы шлях у ардынатуру.

Чаму кафедра адмовілася рэкамендаваць?

На адмысловым паседжанні кафедра агульнай стаматалогіі БДМУ адмовілася рэкамендаваць дзяўчат для “працягу навукова-даследніцкай працы”. Фармальная прычына — падчас удзелу ў навуковым студэнцкім гуртку кафедры дзяўчаты не прадставілі сваю працу “Уплыў часовых фіксуючых матэрыялаў на адгезію” для ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе. Хаця з гэтым самым дакладам студэнткі выступалі на Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Актуальныя праблемы сучаснай медыцыны-2005”. Сёстры Івашкевіч тлумачаць гэты “пракол” тэхнічнымі прычынамі, якія былі скарыстаныя для прыняцця “ідэалагічна матываванага рашэння”.

“Гэта было ідэалагічнае рашэнне, расплата за нашу незалежную пазіцыю. Былы дэкан сказаў нашай маці, што гэта характарыстыка дае надта вялікія магчымасці”, — кажуць дзяўчаты.

Такім чынам, яны мусілі вярнуцца ў Віцебск, каб адпрацаваць два гады ва ўжо знаёмай абласной стаматалагічнай паліклініцы.

100 балаў са 100 у Маскве!

“Падчас інтэрнатуры мы сутыкнуліся з тым, што матэрыялы ў паліклініцы былі яшчэ больш старажытныя, чым ва ўніверсітэце, — распавядае Юлія Івашкевіч. — Калі ты на “выдатна” скончыў медуніверсітэт, атрымаў там добрыя веды, вельмі цяжка прымусіць сябе займацца толькі што не шкодніцтвам”.

Словы дзяўчат пацвярджаюць афіцыйныя дакументы. Гэтак, Пастанова калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 26 траўня 2010 г. N 6.1 “Аб стане і арганізацыі стаматалагічнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь” сведчыць аб жаласным становішчы са стаматалагічным абсталяваннем ў Віцебскай вобласці. “37,7% парку стаматалагічных установак, якія працуюць у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, прадстаўлены маральна і фізічна састарэлым абсталяваннем. Самая складаная сітуацыя са стаматалагічным абсталяваннем адзначаецца ў Віцебскай вобласці, дзе 47,0% стаматалагічных установак маюць тэрмін эксплуатацыі 10 гадоў і больш”, — адзначаецца ў дакуменце.

Знаёмыя параілі дзяўчатам паспрабаваць працягнуць адукацыю ў Маскве. На ўступных іспытах у ардынатуру Маскоўскага дзяржаўнага медыка-стаматалагічнага ўніверсітэта сёстры Івашкевіч набралі 95 і 100 балаў са 100 магчымых! Уражаны такімі вынікамі, загадчык кафедры артадантыі асабіста дзякаваў маці дзяўчат за тое, што яны прыехалі ў Маскву, а не засталіся ў Беларусі.

Гэтым летам сёстры Івашкевіч сканчаюць двухгадовае навучанне, пасля чаго атрымаюць права працаваць урачамі-артадонтамі.

60 млн дзяржаве

Тым часам універсітэт, не дачакаўшыся з’яўлення былых студэнтак на месцы размеркавання, падаў у суд з мэтай спагнаць сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх бюджэтнае навучанне.

28 снежня 2010 года суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Жанна Жукоўская ў поўным аб’еме задаволіла патрабаванні пазоўніка, пастанавіўшы спагнаць з Юліі і Ліліі Івашкевічаў больш за 60 млн рублёў на карысць рэспубліканскага бюджэту. 28 красавіка 2011 года ўжо Мінскі гарадскі суд адхіліў касацыйную скаргу выпускніц медуніверсітэта, пакінуўшы ў сіле першапачатковае рашэнне.

Што ў Расіі – ўзровень адукацыі, у Беларусі – “форма падрыхтоўкі”

Па словах адваката сясцёр Таццяны Фадзеевай, ёсць некалькі істотных момантаў, якія даюць падставы яе давернікам дабівацца перагляду гэтага рашэння ў судзе больш высокай інстанцыі.

“Па-першае, ардынатура ў Расіі з’яўляецца, калі карыстацца тэрміналогіяй беларускага заканадаўцы, формай атрымання больш высокага ўзроўню адукацыі, што мусіла б вызваляць дзяўчат ад выплаты сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку маладых спецыялістаў”, — кажа ў інтэрв’ю TUT.BY Фадзеева. — Аднак беларускае заканадаўства адносіць клінічную ардынатуру да “вышэйшай формы падрыхтоўкі ўрачоў — спецыялістаў”, і ў пераліку падстаў для вызвалення ад кампенсацыі сродкаў, затрачаных на падрыхтоўку маладых спецыялістаў, паступлення ў ардынатуру няма”.

З матывацыйнай часткі да рашэння суда Фрунзенскага раёна Мінска

З улікам 14 год існавання Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі сітуацыю інакш як абсурднай не назавеш. У чым тады сэнс падобных саюзаў, калі нават такія сацыяльна важныя пытанні дагэтуль не вырашаны, і простыя грамадзяне трапляюць у пасткі заканадаўчай неадпаведнасці?

“Па-другое, падчас суду мы апелявалі да існай у краіне практыкі, згодна з якой з лаўрэатаў спецыяльных фондаў прэзідэнта, якія пасля інтэрнатуры адразу паступаюць у ардынатуру, грошы за неадпрацаванае размеркаванне не спаганяюць, — распавядае Таццяна Фадзеева. — Падчас разбіральніцтва мы атрымалі адказ з Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі: лаўрэаты спецыяльных фондаў прэзідэнта ад выплаты затрачаных дзяржавай сродкаў не вызваляюцца. Разам з тым, навучанне ў ардынатуры таксама абавязвае бюджэтнікаў да двухгадовай адпрацоўкі. Але гэта ўжо другое размеркаванне лаўрэатаў — пра першае ніхто не ўзгадвае”.

Апроч таго, сёстры Івашкевіч сцвярджаюць, што праз пераезд не атрымалі ад медуніверсітэту ліста з разлікам сумы і прапановай дабравольнай выплаты кампенсацыі ў сувязі з няяўкай на размеркаванне, якая павінна быць задаволена ў 6-месячны тэрмін. Іх адвакат падкрэслівае, што паводле заканадаўства абавязку паведамляць у навучальную ўстанову аб змене месца жыхарства няма. Тым не менш, суд пастанавіў, што ўніверсітэт “добрасумленна выканаў ускладзеныя на яго абавязкі і накіраваў ліст па апошнім вядомым месцы жыхарства”.

“Мы хочам жыць і працаваць дома!”

Таццяна Фадзеева звяртае ўвагу на тое, што Мінгарсуд адкладаў рашэнне па іх касацыйнай скарзе на месяц: “Відаць, суддзі дэталёва разбіраліся ў сітуацыі і зразумелі, што з-за нявыдадзенай рэкамендацыі выбітных студэнтаў папросту змусілі з’ехаць вучыцца ў Маскву. На паседжанні суддзя нават запыталася, чаму б дзяўчатам не адпрацаваць размеркаванне пасля сканчэння маскоўскай ардынатуры. І мы, спасылаючыся на практыку з лаўрэатамі спецфондаў прэзідэнта, запэўнілі, што яны гатовы адпрацаваць размеркаванне”.

Пры гэтым адвакат перакананая, што суду было “цяжка вынесці іншае рашэнне, бо механізм спагнання грошай добра адпрацаваны”.

“У нас ужо ёсць цікавыя прапановы ад маскоўскіх клінік, аднак мы хочам вярнуцца дадому і працаваць на радзіме, — кажа Юлія Івашкевіч. — Цяперашняя сітуацыя, праўда, значна ўскладняе справу, прымушае задумацца, што рабіць далей”.

Тым часам, судовае рашэнне ўступіла ў сілу. Паколькі ані 60 млн, ані маёмасці ў без пяці хвілін дактароў няма, сёстры баяцца, што могуць надоўга патрапіць у спіс тых, каму забаронены выезд за мяжу. Але дзяўчаты ўсё яшчэ вераць у сілу справядлівасці ды здаровага сэнсу і рыхтуюць зварот на імя старшыні Мінскага гарадскога суда і ў пракуратуру.

Рэдкі выпадак, калі звышперспектыўныя маладыя спецыялісты, маючы выключную адукацыю і вялікія кар’ерныя перспектывы за мяжой, хочуць вярнуцца і працаваць на карысць сваёй Радзімы. Няўжо дзяржава не прадставіць ім такой магчымасці?!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)