Як амбіцыі разбіваюцца аб беларускае «нахрана»
Пісьменнік Андрусь Горват на сваёй старонцы ў Фэйсбуку разважае пра феномен абыякавасці беларусаў.
Калі я чытаю беларускія навіны, то гляджу на каляндар і лічу, колькі дзён засталося ў Беларусі.
Дзе-небудзь у Германіі ці Швейцарыі на запраўцы да мяне, галоднага, але свабоднага і шчаслівага, падыйдзе жылісты дальнабойшчык. Дальнабойшчык пакажа фотаздымак і скажа:
– Гэта мой дома.
На фотаздымку будуць яго прыгожы дом, прыгожая жонка і прыгожыя дзеці.
А я раскажу дальнабойшчыку пра Беларусь. Раскажу пра абсурд і маразм. Раскажу з іроніяй. Я буду вышэй за тое, пра што раскажу. Тады дальнабойшчык сплюне сліну з нікацінам, кіслатой і смоламі, скажа:
– А што ты зрабіў, каб было лепей?
Я раскажу, што многа ўсяго пачынаў рабіць. Але ў нас для гэтага няма ўмоў.
Ён яшчэ раз сплюне і яшчэ раз запытае:
– Дык што ты зрабіў, каб былі ўмовы?
Я скажу, што не зрабіў нічога.
Дальнабойшчык скажа:
– От.
Так і скажа: «от».
Ён вернецца ў прыгожы дом, да прыгожай жонкі і прыгожых дзяцей.
Я сяду дзесьці збоку. Будзе пахнуць свабодай і бензінам.
Успомню, як сказаў дзядзьку ў Прудку:
– А давайце пераймянуем вуліцу Дзяржынскага. Назавём вуліцай Палуяна. Дзяржынскі забіраў з гэтай вуліцы людзей на руднікі. Не сам забіраў, вядома. А Палуян хадзіў гэтай вуліцай і расказваў людзям, што яны маюць годнасць. Сам хадзіў. Лагічна перайменаваць. Лагічна пісаць на канвертах імя героя, а не злодзея.
Дзядзька памаўчаў, падумаў. Затым паглядзеў на мяне, як на дзібіла, і адказаў:
– Нахрана?
Я разумею Федарэнку – чаму яго герой не вытрымаў і з’ехаў («Нічога гэтага Васкевіч ужо не чуў і не бачыў, у паўцёмным вагоне ён шукаў сваё месца»). Я разумею Стася – чаму ён не хоча нават спрабаваць размаўляць з дзядзькамі і цёцькамі.
Кожнае «многа ўсяго пачынаў рабіць» разбівалася не аб абсурд і маразм. Амаль заўсёды яно разбівалася аб «нахрана». Абсурд і маразм у нас адзін, а нахрана – дахалеры.
Гэтае «нахрана» застыла ў вачах дзяцей, якіх я марыў вучыць у школе. Яно напісана на тварах цётак, якія ў канторах ляніва ядуць салаты з пластыкавых кантэйнераў, чытаюць мой фэйсбук і думаюць: «Дурак какой-та самы настаяшчы».
Іх дзеці таксама стануць цёткамі і будуць есці салаты. Ім не трэба ні спазнаць Космас, ні хаця б проста праверыць: а што я – адна беларуская цётка – магу змяніць, каб стала лепей? Ніхрана. То нахрана?
Я не разумею людзей без свабоды і амбіцый. Я нямы перад імі. Я «дурак самы настаяшчы» для іх.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное