Комментарии
Наша Ніва, даслаў чытач Андрэй Ерашкевіч, Гародня

Як 100.000 рублёў ператварыліся ў нішто

Дваццаць гадоў таму, 17 кастрычніка 1996 года, была ўведзена ў абарачэнне банкнота 100 000 рублёў.

У той дзень афіцыйны курс рубля складаў 14.800 рублёў за адзін амерыканскі даляр. Няцяжка падлічыць, колькі можна было купіць гэтых даляраў за адну статысячную купюру. Хто памятае тыя часы, можа запярэчыць: маўляў, у той час быў яшчэ і рынкавы курс, які да канца снежня 1996 года, пры афіцыйным курсе 15.500, дайшоў да 26.000 рублёў. Гэта былі кветачкі...

За ўвесь 1997 год афіцыйны курс знізіўся з адзнакі 15.500 да 30.740 рублёў за адзін даляр. У 1998 годзе ўпаў з адзнакі 30.740 да 107.000 рублёў, а яшчэ праз год, у снежні 1999 года, ён стаў роўны 320.000 рублёў.

І ўвесь гэты час з усіх экранаў тэлевізараў і радыё мы чулі: «Даляр стане таннейшым», «Будзьце асцярожныя з гэтым далярам», «Курс даляра абрынецца», «Для чаго хапаць гэтыя паперкі», «Навошта на тым свеце даляры?», «Далей будзе нармальна. Бегчы ў абменнікі не трэба... Невядома, што яшчэ будзе з далярам...»

1 студзеня 2000 года здарылася другая дэнамінацыя і наша купюра страціла тры нулі і ператварылася ў 100 рублёў, за якія можна было купіць прыблізна 30 цэнтаў, бо курс быў роўны 320 рублём за $1.

За перыяд з пачатку 2000 года да канца чэрвеня 2016 года дэвальвацыя давяла курс да 20.000 рублёў.

У 1994 годзе, у той час, калі мы ўсе даведаліся імя першага прэзідэнта, адзін даляр каштаваў 27.960 рублёў. Дадамо 4 нулі, якія «адабралі» дзве дэнамінацыі, і атрымаем тое, што на канец чэрвеня 2016 года даляр каштаваў бы 200.000.000 рублёў. Вось гэта ягадкі...

На пачатку ліпеня 2016 года трэцяя дэнамінацыя ператварыла нашыя сто рублёў у 1 (адну!) капейку, за якую не купіш НІЧОГА.

І адбылося гэта ўсё ў краіне, дзе не было вайны і прыродных катаклізмаў. У краіне, якая багатая сваімі працавітымі людзьмі. У краіне, якая знаходзіцца не дзе-небудзь у акіяне на выспе са скалістым рэльефам, а ў краіне ў цэнтры Еўропы.

Так за 20 гадоў купюра вартасцю 100.000 ператварылася ў нішто.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)