Ягор Марціновіч з-за кратаў: так хочацца ездзіць па Беларусі і атрымліваць асалоду ад нашай краіны

Больш за месяц галоўны рэдактар НН за кратамі. За гэты час з імі амаль не праводзілі ніякіх следчых дзеянняў. Праваабаронцы прызналі пераслед палітычна матываваным. Ягор кажа, што нават сілавікі смяюцца з таго абсурднага абвінавачвання, якое яму прыпісваюць.

Ягор Марціновіч у Мсціславе

У лістах да сяброў наш калега згадвае падарожжы па Беларусі. Са 118 раёнаў ён не быў толькі ў пяці. Пачытайце, як цёпла ён апісвае нашу краіну.

— Чытаю пра вашы паездкі па Беларусі і па-добраму зайздрошчу! Наколькі гэтага не хапае, наколькі хочацца ездзіць і атрымліваць асалоду ад нашай краіны. Хоць усё распланаваўшы, хоць экспромтам, але падарожнічайце.

На мяне за гэта лета (ну, той месяц, што ў мяне быў) найбольшае ўражанне зрабіла вёска Саматэвічы ў Касцюковіцкім раёне — гэта радзіма пісьменніка Аркадзя Куляшова.

Некалі ў Саматэвічах жыло каля трох тысяч чалавек, але прыйшоў Чарнобыль і адсяленне. Ад гіганцкай вёскі засталася толькі царква — закінутая, раскрадзеная, але велічная.

Цікава, што ніякіх знакаў пра заезд у забароненую зону няма, толькі ў самой вёсцы, але з указальнікам на іншую частку вёскі. Мы з калегамі, наіўныя, думалі, што пад’едзем на машыне пад царкву, пафоткаемся ў шортах і майках ды рушым далей. Ага, зараз жа!

Аказалася, што ад дарогі да царквы ісці метраў 400, але праз лес, дзе трава вырасла мне па пояс, а камусьці і па шыю. Па нагах б’е крапіва, а ўслед за кожным ляціць воблака сляпнёў і камароў — такое, што не можаш размаўляць, бо адразу атрымліваеш поўны рот насякомых.

Прабеглі палову шляху, а наперадзе хісткі масток, па якім ніхто з нас не хоча ісці. Наперадзе зусім ужо джунглі! Расчараваныя, пабеглі назад да машыны. Пасядзелі, паразважалі: крыўдна будзе падабрацца так блізка, але не дайсці да мэты.

Знайшлі паралельную вулачку, але па ёй адлегласць узрастае да 1,2 кіламетра. Нейкі час працісківаліся на машыне, пакуль ледзь не захраслі ў лужыне. Ну і пасля марш-кідок на хвілін 15, заматаўшыся ў нейкія коўдры. Але дабраліся! Пакусаныя, аблепленыя кляшчамі, затое зайшлі ў гэту царкву.

Такі здымак царквы ў Саматэвічах зрабіў Ягор

І яе выгляд, і шлях да яе не забуду ніколі. Абавязкова пагугліце, асабліва эфектна выглядаюць здымкі з дрона. Ну а калі ехаць, то лепш сухой восенню, калі трава ўжо не будзе так перашкаджаць. Ну ці на джыпе, папярэдне абпырскаўшыся ўсімі сродкамі ад насякомых.

Вось такіх паездак і бракуе, калі марнуеш на Валадарцы палову лета.

Галоўны клопат — чым заняць галаву, якая не прывыкла да такога нічога-не-раблення. Звычайна час — адна з самых вялікіх каштоўнасцяў. А тут ты мусіш прыкладаць максімум намаганняў, каб забіць яго.

Думаеш: вось халера, чаму ў ліпені 31 дзень? Іначай бы ўжо хутчэй пераскочылі ў жнівень.

[…] Гадуйце дзетак сапраўднымі беларусамі, давайце ім магчымасць адчуць прыгажосць непаўторнай краіны».

Родныя некалькі разоў спрабавалі перадаць Ягору карту Беларусі, але адміністрацыя СІЗА лічыць гэта забароненым прадметам. Таму Ягор па памяці схематычна склаў мапу самастойна.

Такую карту па памяці склаў Ягор у СІЗА

У лістах галоўны рэдактар НН заклікае беларусаў як мага больш падарожнічаць па краіне — за сябе і за яго, дасылаць яму свае ўражанні.

Падтрымайце Ягора лістом, паштоўкай ці тэлеграмай. Пісаць можна па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марціновічу Ягору Аляксандравічу

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)