Общество

Ягор Марціновіч перадаў пасланне з-за кратаў: «Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі»

Ужо 11 дзён нашаніўцы знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна ў невыносных умовах — без перадач, якія  супрацоўнікі не аддаюць, без матрасаў і элементарных сродкаў гігіены. Учора іх не адпусцілі, а затрымалі адразу ў другі раз, па новым артыкуле, піша Наша Ніва.

Сукамернікі, якія выйшлі на свабоду, умовы ў камерах апісваюць, як «канюшню». Ягор Марціновіч перадаў пасланне на волю.

«Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі, але ў нас не атрымалася, — кажа Ягор. — На жаль, прастора для дзейнасці незалежных СМІ скарацілася да памеру камеры на Акрэсціна ці Валадарцы. Ні я, ні, думаю, мае арыштаваныя калегі не шкадуем, што засталіся ў Беларусі і працавалі з Беларусі да апошняга.

Праца нацыянальнага брэнда павінна працягвацца хоць з намі, хоць без нас, таму што «Наша Ніва» — гэта не Марціновіч, Скурко, Дынько і Раковіч (галоўны рэдактар выдання яшчэ не ведае, што бухгалтара 16 ліпеня вызвалілі — НН), а высокапрафесійная журналісцкая каманда і сотні тысяч чытачоў. Як можна нам дапамагчы? Падпішыцеся на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, падпішыцеся на наш тэлеграм-канал!

Чытайце па-беларуску, рэпосціце па-беларуску, размаўляйце па-беларуску! І калі такіх людзей будзе не сотні тысяч, а мільёны, то ўсе мы вызвалімся нашмат раней. Люблю Беларусь!»

Ягор Марціновіч быў затрыманы 8 ліпеня, пры затрыманні збіты, у СК прыязджала хуткая дапамога, паколькі была траўма галавы. Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч (яе 16 ліпеня вызвалілі). Як паведамлялі ў СК, усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (падрыхтоўка ці арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх).

За гэтыя 10 сутак, пакуль нашыя калегі сядзелі ў ізалятары, мера ўтрымання ім не абіралася, абвінавачванне не прад’яўлялася. 18 ліпеня Марціновіча, Скурко і Дынько затрымалі ў другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэкса. На гэты раз — на трое сутак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)