«Яго галоўнай зброяй была праўда…»
У Мінску прайшла вечарына памяці ў гонар выбітнага сына Чэхіі і яе былога прэзідэнта.
Шчыры чалавек, таленавіты драматург, адданы ідэалам дэмакратыі палітык, мужная постаць з адкрытым і вялікім сэрцам… Такім Вацлаў Гавел запомніўся сучаснікам. Шмат хто ведае, што ў сэрцы Вацлава Гавела заўжды было месца для Беларусі, але не многія знаюць, што свой апошні ў жыцці ліст ён напісаў у падтрымку беларускіх палітзняволеных, за некалькі дзён да смерці, у снежні 2011 года…

Пра гэта на вечарыне ўзгадаў галоўны рэдактар Беларускай службы Радыё «Свабода» Аляксандр Лукашук, які ў памяць аб Гавеле выйшаў на сцэну ў адмыслова падкасаных штанах. Журналіст нагадаў, што на інагурацыю ў снежні 1989 года Гавел таксама прыйшоў у кароткіх штанах, гэты факт стаў прадметам жартаў над былым чэшскім прэзідэнтам, а зараз гэта своеасаблівая даніна павагі Гавелу. Менавіта так, з падкасанымі штанамі на яго магілу ў Праге прыйшлі чэшскія беларусы…

Аляксандр Лукашук
– Мая першая сустрэча з Вацлавам Гавелам адбылася ў верасні 2001 года, – узгадвае Лукашук. – Менавіта ў той дзень, калі тэрарысты знішчылі вежы гандлёвага цэнтра ў Нью-Йорку. На той дзень у календары Вацлава Гавела была прызначана сустрэча з Васілём Быкавым. І я думаю, што амаль бы ўсе тагачасныя прэзідэнты еўрапейскіх краін гэтую сустрэчу адмянілі б, а Гавел яе правёў… Настолькі для Вацлава Гавела была важная Беларусь…
Наступная сустрэча з Гавелам таксама звязана з імем Васіля Быкава. Праз год пасля смерці Васіля Уладзіміравіча мы, пражскія беларусы, сабраліся ў адной з кавярняў, каб успомніць Быкава. А там як раз праходзіла нейкая канферэнцыя. У ёй прымаў удзел і Гавел. Мы перадалі яму запрашэнне і ён далучыўся да нас…
Дарэчы, мала хто ведае, што рэдактарская зала Беларускай службы Радыё «Свабода» носіць імя Вацлава Гавела. Першае пасяджэнне рэдакцыйнай калегіі адкрываў менавіта ён.
Апошні раз я асабіста гаварыў з Гавелам пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Адбылося гэта ў снежні 2010-га. 700 чалавек тады апынуліся за кратамі. Мы вырашылі пачытаць іх імёны ў эфіры, звярнуўшыся да розных выбітных людзей з усяго свету. Чыталі іх Кандаліза Райс і Барыс Стругацкі, Сяргей Юрскі і Джордж Буш… А закрываў чытанні гэтых імёнаў як раз Вацлаў Гавел. Дарэчы, пазней мы выпусцілі кружэлку, так што пачуць, як Гавел чытае імёны людзей, пакараных за Плошчу, пачуць яго голас можна і зараз… Гэтая перадача выйшла ў эфір у Новы, 2011 год, а пазней – у снежні 2011-га – мы звярнуліся да Гавела з просьбай даслаць ліст у падтрымку беларускіх палітвязняў. Ён пагадзіўся. 15 снежня мы атрымалі гэты ліст, вырашылі пачакаць да Калядаў, але праз два дні Вацлава Гавела не стала… Адразу пасля яго смерці мы гэты ліст апублікавалі. Яго апошні ліст, дзе ёсць пажаданне: «Хачу, каб ваша Беларусь стала свабоднай…»

Уладзімiр Арлоў
У мiнскай імпрэзе, прысвечанай Гавелу, узялі ўдзел шматлікія беларускія грамадскія дзеячы і палітыкі: экс-кандыдат у прэзідэнты краіны Рыгор Костусеў, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Таццяна Равяка, Людміла Гразнова, пісьменнік Уладзімiр Арлоў, музыкант Лявон Вольскі, старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў і іншыя.
Зразумела, што на мерапрыемства былі запрошаны і падстаўнікі чэшскай амбасады ў Беларусі.

Выконваючая абавязкі амбасадара Чэхіі Дагмар Дзідзенка-Наваградска адзначыла:
– Беларусь жыла ў сэрцы нашага былога прэзідэнта. Ён ніколі не адмаўляўся ад сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі, ва ўласнай бібліятэцы ён ладзіў выступы беларускага «Свабоднага тэатра»… Ён зрабіў шмат для таго, каб пра праблемы і сітуацыю ў Беларусі ведалі не толькі ў Чэхіі, але і па ўсяму свету… Варта адзначыць і тое, што менавіта Гавел асабіста напісаў ліст аб просьбе прадастаўлення Васілю Быкаву віда на жыхарства ў Чэхіі. І, як ужо тут узгадвалася, апошні ліст Гавела быў адрасаваны беларускім палітвязням. Я хачу пажадаць беларусам, каб патрэбы ў падобных лістах у вашай краіне хутка не было…

Аляксандр Мілінкевіч i Валянцін Стэфановіч
Асабіста ведаў Вацлава Гавела і старшыня Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
– Галоўнай зброяй Гавела заўжды была праўда. Ён лічыў, што чалавек, які нясе праўду абавязкова пераможа, – сказаў ён у размове з карэспандэнтам «Салідарнасці». – Гэта вельмі актуальна для Беларусі, бо мы жывем у краiне, дзе пакуль няма сапраўднай палітыкі, сапраўдных выбараў. Гавел – яскравы прыклад таго, што калі чалавек чысты, калі чалавек маральны, – ён можа быць абсалютна чыстым палітыкам. Самае вялікае ўражанне ад Гавела – гэта ягоная прастата, адкрытасць і шчырасць. Ён многа ведаў пра Беларусь. На аповеды аб тым, як мы змагаемся ўнутры краіны за дэмакратыю, заўжды казаў: «Працуйце, а вынік абавязкова будзе…».
Читайте еще
Избранное