Женщины

Марына Міхайлава

Ядвіга Кастравіцкая, якая служыла сваёй зямлі сэрцам і справай

Яе дом муляў вочы савецкім наменклатуршчыкам, а яна сама ўмела зарабляць грошы і ўкладаць іх у добрыя справы. «Салідарнасць» узгадвае, які след у беларуская гісторыі пакінула Ядвіга Кастравіцкая.

Яе родны брат Эдвард Вайніловіч быў галоўным фундатарам і ініцыятарам будаўніцтва мінскага касцёла Святых Сымона і Алены. Ейнымі блізкімі родзічамі былі кампазітар Станіслаў Манюшка, паэты Гіём Апалінэр і Карусь Каганец, мастак Валенцій Ваньковіч. А вось імя Ядвігі Кастравіцкай, у дзявоцтве Вайніловіч, сёння менш вядомае — хоць калісьці гэтую бізнес-ледзі і грамадскую дзяячку добра ведаў і паважаў увесь губернскі Мінск.

Наогул, на сумежжы 19 і 20 стагоддзяў, калі правоў і магчымасцяў жанчыны мелі не тое каб шмат, яна стала выбітным прыкладам самарэалізацыі, прадпрымальніцтва і актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Не выпадкова менавіта ёй, а не жонцы, Вайніловіч давяраў кіраваць справамі — і яе зрабіў сваёй галоўнай спадчынніцай, даручыўшы распараджацца маёнткам у Нясвіжскім павеце, капіталамі і акцыямі ў розных банках, яе прасіў апублікаваць ягоныя мемуары і выплочваць штогадовае ўтрыманне жонцы ды малодшай сястры Міхаліне Горват.

Магла стаць манашкай

Ядвіга з сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў нарадзілася на свет у 1867 годзе ў Слуцкім павеце Мінскай губерні тагачаснай Расійскай імперыі.

«Вайніловічы не прыйшлі ні з Усходу, ні з Захаду — яны карэнныя, мясцовыя, косць ад косці, кроў ад крыві таго народа, які калісь хаваў сваіх продкаў у тых курганах, што і зараз ёсць на вясковых могілках, і родную зямлю сваёй сахой кроіць», — пісаў пра свой род яе старэйшы брат Эдвард, будучы палітычны дзеяч — старшыня Краёвай партыі Літвы і Беларусі, кіраўнік Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і дэпутат Дзяржаўнай Рады ад Мінскай губерні.

Розніца паміж паміж братам і сястрой ва ўзросце, між іншым, складала 20 год, а ўсяго ў сям’і было чатыры дачкі, Ядвіга — малодшая.

Адукацыю дзяўчына атрымала дамашнюю, а выхаванне даволі строгае — бацькі і атачэнне былі настолькі набожнымі каталікамі, што Ядвіга ледзь не сышла шчэ ў маладосці манастыр — аднак сваякі адгаварылі.

У дзеўках, але замужам

Недзе каля 1880-га — больш дакладную дату даследчыкі не высветлілі — Ядвіга пабралася шлюбам з шляхцічам Вацлавам Кастравіцкім. Аднак абурацца такім раннім шлюбам не выпадае — разлік быў выключна маёмасны, бо пасля паўстання 1863-1864 гадоў і ўвядзення дыскрымінацыйнага заканадаўства каталікі-шляхцічы імкнуліся праз шлюбныя саюзы захаваць за сабой маёнткі і зямлю.

Таму, паводле сведчанняў сяброў Вайніловічаў, ніякіх рамантычных пачуццяў і інтымных адносін сужэнцы не мелі, і дзяцей у Кастравіцкіх не было. Што, дарэчы, выглядае слушным і з другога боку — Ядвіга і Вацлаў даводзіліся адзін аднаму не надта далёкімі сваякамі.

Гаспадыня вялікага дома (і не аднаго)

Калі ў сардэчных справах свабоды Ядвіга Кастравіцкая не мела, то атрымала яе ў справах фінансавых — і выявілася, што ў яе сапраўдны камерцыйны талент.

У прыватнасці, у Мінску яна збудавала некалькі даходных дамоў — адзін з іх размяшчаўся, напрыклад, на скрыжаванні Магазіннай і Сярпухоўскай, цяперашніх Кірава і Валадарскага, частку яго гараджане арандавалі пад кватэры, яшчэ частку займала ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, аптэка, Таварыства ўзаемадапамогі чыгуначнікаў.

Кірава, 11, цяперашні выгляд дома Кастравіцкай у Мінску

Сама ж Ядвіга жыла на вуліцы Захар’еўскай — цяпер Савецкай, — дзе займала 8-пакаёвую кватэру. І там жа архітэктар Генрых Гай (ён, дарэчы, праектаваў і Чырвоны касцёл) на яе замову, па адных звестках, у 1904 годзе, па другіх — у 1911-м, збудаваў яшчэ адзін даходны дом: на першым паверсе знаходзіліся крамы, яшчэ на трох — кватэры.

Напачатку 1920-х бальшавікі «рэквізавалі» дом ва ўласнасць дзяржавы, ён атрымаў назву «Дома металістаў», бо тут жылі рабочыя металаапрацоўчых прадпрыемстваў.  А пазней тут адчынілася вядомая ў сталіцы ювелірная крама.

Дом Кастравіцкай на Савецкай, незадоўга да знішчэння

Дом гэты, дарэчы, перажыў дзве сусветныя вайны і захаваўся да савецкіх часоў, аднак быў знішчаны ў 1964-м — тагачаснаму першаму сакратару ЦК кампартыі БССР Мазураву загарэлася «расчысціць» плошчу Леніна і прыбраць усё тое, што нібыта не ўпісваецца ў архітэктурны ансамбль.

Пад знішчэнне планавалі пусціць і Чырвоны касцёл, але яго мінчукі адстаялі, а вось прыбытковы дом Кастравіцкай, які стаяў акурат насупраць помніка «правадыру сусветнага пралетарыяту» — не. Хоць выбухоўка, як сцвярджаюць гарадскія паданні, разбурыла будынак толькі з пятага разу.

Мецэнатка і «шэры кардынал»

Паміж дзвюма рэвалюцыямі многія літоўска-беларускія губерні ахапіла хваля патрыятчнага ўздыму, жаданне супрацьпаставіць нешта працяглай і гвалтоўнай русіфікацыі.

Ядвіга Кастравіцкая адкрыла ў Савічах, у маёнтку свайго брата ў Слуцкім павеце, тайную летнюю школку — у ёй сялянскіх дзяцей навучалі рэлігіі, беларускай, польскай і рускай мовам.

Маёнтак у Савічах, здымак да 1914 года

На жаль, хутка гэтыя школкі давялося закрыць — але Ядвіга, як «польская патрыётка», паспела яшчэ спрычыніцца да дзейнасці мінскага таварыства «Асвета».

Таксама была актыўным чальцом таварыства дабрачыннасці і ладзіла розныя імпрэзы на дабрачынныя патрэбы: латарэі, балі, вечарыны. Немалую суму ахвяравала на будаўніцтва Чырвонага касцёла, прысутнічала на яго асвячэнні.

Сход чальцоў таварыства «Асвета» ў Мінску. Кастравіцкая другая злева ў першым шэрагу. Каля 1906 года

Апроч таго, Кастравіцкая ўдзельнічала ў працы Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, якое ўзначальваў яе брат, і ўсяляк падтрымлівала яго ў грамадскай і палітычнай дзейнасці. Прынамсі вядомыя званыя вечары, альбо, іначай, «палітычныя абеды» ў салоне Кастравіцкай, на яе кватэры ў Мінску — яны з Эдвардам Вайніловічам запрашалі чальцоў таварыства і розных уплывовых асоб на неафіцыйныя сустрэчы, дзе ў нязмушанай атмасферы абмяркоўваліся гаспадарчыя і палітычныя пытанні.

Ролю сястры на іх добра перадаў у сваім дзённіку Эдвард Вайніловіч, які пісаў: «Надзвычай інтэлігентная, пастаянна занятая грамадскім жыццём, гасцінная, яна давала ў Мінску падчас агульных сходаў Таварыства «палітычныя абеды»…

Старка, віно i прыродны гумар гаспадыні ажыўлялі бяседы, быць запрошаным на якія лічылася за вялікую пашану, а мне, як старшыні, дапамагала выбiраць належную арыентацыю ў кірунку сумеснай працы, не раз выраўноўваць разыходжаннi ў поглядах».

Свабода за мільён

У 1919 годзе Кастравіцкая была арыштаваная і абкладзена так званым «рэвалюцыйным падаткам» — яго бальшавікі патрабавалі ад заможных жыхароў, а калі тыя адмаўляліся, то бралі іх у закладнікі. З Ядвігі, якую схапілі і адправілі ў Смаленскую папраўчую турму, патрабавалі ні многа ні мала — мільён рублёў!

Ці то праз яе ўпартасць, ці праз уменне таргавацца гэтая фантастычная сума, аднак, у выніку была паменшаная да 25 тысяч — і Кастравіцкая заплаціла, каб толькі вырвацца з нямілай цяпер бацькаўшчыны…

Сям’я Эдварда Вайніловіча пасля разрабавання ў 1918-1919 маёнтку Савічы і знішчэння старажытнага сямейнага архіву, а таксама пасля падпісання Рыжскай дамовы, што падзяліла Беларусь на часткі (а ўсе маёнткі Вайніловічаў аказаліся на савецкім баку і былі нацыяналізаваныя), з’ехала спачатку ў Варшаву, потым асела ў польскім Быдгашчы. Удалося з’ехаць, адкупіўшыся ад бальшавікоў і пазбегшы другога арышту, і Ядвізе Кастравіцкай.

У Быдгашчы яна разам з братам фінансава падтрымлівала дзейнасць так званага «Крэсавага інтэрната» — яго зладзілі як прытулак і ўстанову адукацыі для дзяцей былых землеўладальнікаў з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, што страцілі сваю маёмасць праз Рыжскую дамову.

Кастравіцкая на магіле брата, 1929 год

Яна перажыла брата на 7 год і была пахаваная побач з ім, на Старафарных могілках горада. На надмагільнай пліце Кастравіцкай напісана: «Яна жыла верай і праўдай. Яна служыла сваёй зямлі сэрцам і справай. Вечны спачын дасі ёй, Госпадзе!».

Чырвоны касцёл у Мінску, 2024 год

Што праўда, у пасмерці яны з братам усё ж рассталіся — парэшткі Эдварда Вайніловіча ў 2006 годзе былі перапахаваныя ў касцёле Святых Сымона і Алены.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)