Общество
Арцём Мартыновіч, Еўрарадыё

«Я зарабляю 2,5 мільёны, а трэба, каб 5 было»

На прэс-канферэнцыі Лукашэнкі называюць сярэдні заробак на МАЗе ў 4 мільёны. Еўрарадыё вырашыла пашукаць такі заробак на МАЗе.

– Сярэдні заробак на Мінскім аўтамабільным заводзе напрыканцы году ў сярэднім – 4 мільёны, – дэкламуе на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі галоўны рэдактар газеты “Автозаводец” Юрый Дудзінаў.

Ля прахадной МАЗа ў гадзіну дня не вельмі людна. Хто здымае грошы ў банкамеце, нехта кіруецца на абед. У працоўнага, які паліць на ганку пытаю: “Якія цяпер умовы працы?” Той спачатку пужаецца. Маўляў, адкажаш – а заўтра звольняць. Але пасля расказвае.

– Колькі заробіш:2,5 – 3 мільёны. Для завода гэта мала. Добра, каб пяцёрку давалі. Кошты скачуць, а заробак – не. Адно прыбяруць – іншае падымуць, – адказвае Мікалай – мужчына гадоў 50-ці.

За ім бачу зусім маладога хлопца – гадоў 19. Андрэй працуе ў электратакарным цэху.

– Плацяць недзе 2,5 мільёны. Я працую тут не больш за год. Мне хапае, –кажа хлопец.

На працу пасля абеду вяртаецца працоўны з канвееру. На заводзе ён збірае кабіны для машын.

– Мы збіраем кабіны асобна ад рам. Плацяць 2,5 і вышэй. Гэта да часу залежыць, колькі працуеш, там надбаўкі за стаж.

Мужчына працуе на МАЗе два гады. Кажа, што за паўгода заробак яму паднялі на 13%. Каля яго сустракаю інжынера па ахове працы. І ён таксама не мае агучаных 4 мільёнаў:

– Цяпер глядзяць, якая адукацыя, колькі адпрацаваў на МАЗе. Крызіс моцна ўдарыў. Заробак, шчыра, не вялікі. 2,3 мільёны. Гэта ў звычайнага інжынера. Працоўныя больш атрымоўваюць.

Сярод 10 апытаных знаходзяцца два працоўныя, якія маюць 4 мільёны за месяц. Адзін з іх працуе ў цэху платформ. Крызіс, кажа, ударыў не моцна.

– Я б не сказаў, што ўдарыў. Усё задавальняе пакуль. Каля 4 мільёнаў выходзіць. Прэміі паднімалі, разы ў два, – распавядае хлопец.

Што ж трэба, каб атрымаць 4 мільёны… Каб даведацца пра гэта звяртаюся ў газету ад МАЗа “Автозаводец”.

– Ёсць, і працоўныя атрымоўваюць, ёсць, і майстры. Ваганні вялікія. У кагосьці 1,5 мільёны, у кагосьці і 6 мільёнаў. Напрыклад, ліцейшчыкі, кавалі, гальваніка, тэрмічка. Там у людзей за шкоднасць ідуць даплаты. У іх большыя адпачынкі, – тлумачаць у газеце.

Па дарозе з МАЗу сустракаю жанчыну, у якой на заводзе працуе сын. Размеркавалі пасля вучэльні. Яна скардзіцца, што той атрымлівае толькі мільён: штрафуюць за спазненні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)