«Я хачу, каб гаварылі праўду». Маці памерлага чыноўніка са Шчучына распавяла пра смерць сына і звярнулася да ўладаў

Днямі з’явілася інфармацыя пра смерць 31-гадовага чыноўніка Дзмітрыя Крывецкага, які працаваў намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама па эканамічных пытаннях. «Наша Ніва» пагаварыла з ягонай маці.

Крывецкі родам з Капыля, там па сёння жыве яго маці Ірына Іванаўна. Дзмітрый — старэйшы яе сын, яшчэ ёсць дачка Ксенія.

Дзмітрый Крывецкі спачатку адвучыўся ў Гомелі, там жа працаваў у Прыёрбанку, расказвае маці. У 28 гадоў яму паставілі сур’ёзны дыягназ — лейкоз.

— Яму рабілі хімію. Адразу патрохі, але не дапамагала, пасля павялічвалі, — кажа Ірына Іванаўна.

Нягледзячы на хваробу, Крывецкі працягваў працаваць. Нават пайшоў на павышэнне — яго паставілі намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў каля года.

— Ён сам пракладваў свой шлях, усяго дабіваўся сам. Я нават не ведаю, як ён змог атрымаць гэтую пасаду. Пры ім Шчучынскі раён уваходзіў у тройку найлепшых па вобласці па эканамічным развіцці, — кажа маці. — Хвароба на працы не адбівалася, ён працаваў ў поўную моц.

Калі пачаўся каранавірус, Дзмітрый стараўся берагчыся. У 2020 годзе яму пашанцавала, кавід не падхапіў. Але сёлета, у пачатку чэрвеня, ён усё ж захварэў.

— Я так разумею, праца такая, з людзьмі трэба сустракацца. Калі пачаўся каранавірус, я вельмі хвалявалася. Дзмітрыя рыхтавалі да перасадкі коснага мозгу, рабілі хіміятэрапію. Донара ўжо знайшлі, бралі аналізы ў яго. Усё было б добра, працэдура была запланаваная на восень, але… У сына быў аслаблены імунітэт, а як лечаць у нас — я не ведаю, — кажа маці.

Яна расказвае, што Дзмітрый правёў у бальніцы амаль 2,5 месяца.

— Ён спачатку ляжаў у Гродне, пасля яму было то лепш, то горш. Яго нават выпісвалі на нейкі час, але стан пагоршыўся, ізноў шпіталізавалі, — згадвае маці.

У жніўні чыноўнік быў ужо на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, упаў у кому і праз два дні, 24 жніўня, памёр. Ірына Іванаўна кажа, што ў пасведчанні аб смерці сына напісана: «Каранавірусная інфекцыя».

Дзмітрый не дажыў некалькі месяцаў да 32-годдзя. Ён быў жанаты, без бацькі застаўся маленькі сын.

Па словах маці, прышчэпку Дзмітрый не зрабіў. Чаму — яна дакладна не ведае. Сама Ірына Іванаўна таксама не вакцынавалася, нават пасля смерці сына.

— Я не веру. Не веру, што вакцына дапамагае, — прызнаецца жанчына.

Напрыканцы Ірына Іванаўна папрасіла апублікаваць яе зварот да ўладаў, найперш, Міністэрства аховы здароўя:

— Напішыце пра маё стаўленне да ўсяго гэтага. Маё меркаванне, як маці, у якой памёр сын ад каранавіруса: я хачу, каб у нашай краіне нічога не замоўчвалася. Каб усе гаварылі праўду: праўду пра колькасць захварэлых, праўду пра колькасць памерлых. Каб людзі не былі такімі нядбалымі.

Каб казалі праўду, дзе ачагі — нават у нас у горадзе, я ведаю, што ў ЖКГ на дадзены момант ачаг, дык каб людзі туды не хадзілі без вострай неабходнасці. Таксама любы раён — мы б туды проста не ездзілі, каб ведалі хоць нешта, каб недзе была б хоць нейкая інфармацыя.

Мне здаецца, гэта наша Міністэрства аховы здароўя, наша дзяржава, напрыканцы… Зразумелая палітыка нашага прэзідэнта. Але страціўшы сына, — і я ведаю вельмі шмат такіх людзей, — мне хацелася бы ведаць праўду. Дзе ачаг — каб людзі туды не ішлі. Каб нічога не замоўчвалася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(30)