«Я ведаю Лукашэнку: сёння ён кажа адно, заўтра іншае»

Польскі гісторык і дыпламат Лешак Шарэпка, што цягам пяці гадоў быў паслом у Беларусі, абмаляваў перспектывы Беларусі.

Фота Яцэк Турчык, PAP

– Тое, што адбываецца цяпер, бачыцца мне незваротнай мяжой, за якую сягнула Беларусь Лукашэнкі. Яму будзе вельмі складана выкараскацца з той сітуацыі, якая склалася апошнім месяцам. Ён намагаецца пераканаць свет, што не бярэ ўдзелу ў агрэсіі, робіць выгляд, маўляў, для маёй краіны нічога не адбылося. Але гэта поўная лухта, на яе ніхто ў цывілізаваным грамадстве не вядзецца, – заявіў Шарэпка ў размове з НН. – Зірніце ў замацаваныя дакументамі нормы міжнароднага права. Там чорным па белым напісана: калі даяце дазвол агрэсару выкарыстоўваць вашу тэрыторыю для правядзення баявых дзеянняў, вы аўтаматычна прыраўноўваецеся да нападніка.

У чым была яго матывацыя? Хутчэй за ўсё, Лукашэнка ставіў на кароткатэрміновую вайну, у якой Украіна нават шанца на выратаванне не займее.

Пасля ж расійскай перамогі быў разлік атрымаць бонусы за лаяльнасць — газ, напрыклад, ці грашовую дапамогу ды паслабленне па крэдытах. Да таго ж у геапалітычным сэнсе ваша краіна атрымлівала краіну-блізня па суседстве, з максімальна лагодным стаўленнем да Расіі. А значыць, і да Беларусі, што зноў жа дае надзею на разнастайныя профіты.

Аднак Лукашэнка не ўлічыў, што вайна павернецца да яго і Пуціна вось такім крывавым бокам, як атрымалася насамрэч. Доўгатэрміновая, з велізарнай колькасцю ахвяр. І з кожным наступным днём баёў яго разлік і, адпаведна, пазіцыя як палітыка нішчыцца…

Калі Украіна скончыць баявыя дзеянні з пазіцыі сілы на сваю карысць, Лукашэнка паспрабуе зноў уступіць у гульню з Захадам. Ён ужо трымае падобны манеўр у галаве — вызваленне з турмы Анжалікі Борыс таму пацверджанне ды сігнал. Аднак пастаянныя правакацыі на мяжы ды антызаходнія выказванні ўсё роўна выдаюць яго сутнасць.

Я ведаю Лукашэнку: сёння ён кажа адно, заўтра іншае. Таму беларускаму народу дакладна не мае сэнсу верыць яму на слова. Больш за тое, праблемы Расіі ў вайне — асабліва калі яны будуць множыцца — адкрываюць акенца магчымасцей для жыхароў вашай краіны. Гэты крызісны для агрэсара час варта скарыстаць з розумам і зрабіць усё, каб беларускі народ абраў сабе легітымнага лідара, а не гуляў з Лукашэнкам.

Калі Украіна знікне з палітычнай карты, мы разумеем, што і Беларусь наўрад ці застанецца самастойнай.

Тыя ж сілавікі, якія цяпер узважваюць шанцы, каго падтрымаць, схіляцца ў расійскі бок, бо Пуцін у якасці «збіральніка земляў» будзе значна больш моцны за Лукашэнку.

Калі ж Украіна захавае суверэнітэт, то тут махавік, хутчэй за ўсё, пойдзе ў адваротны бок. І на гэтай хвалі той жа Лукашэнка паспрабуе ўтрымацца: маўляў, хай сабе з ахвярамі, але ж я захаваў вам незалежнасць і не праліў крыві.

Выбар, зразумела, не самы прыемны для беларусаў. Але, паўтаруся, цяпер вы можаце самі падпільнаваць ды скарыстацца момантам, калі менавіта калектыўная воля народа — пры адпаведнай еднасці дзеянняў — стане вызначальнай гістарычнай сілай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(39)