«Я ў шоку». Гатэль вярнуў беларусу грошы, а падатковая палічыла гэта даходам з-за мяжы
Беларус Аляксей Козік зараз жыве ў Ізраілі. У канцы мінулага года ён падаў дакументы і сплаціў пошліну, каб атрымаць пашпарт серыі РР (для пастаяннага пражывання за мяжой) і стаць на ўлік у беларускай амбасадзе.
А ў лютым з хлопцам звязаліся супрацоўнікі амбасады і паведамілі, што яму адмоўлена. Выявілася, што Жодзінская падатковая інспекцыя знайшла нясплачаныя падаткі на даходы з-за мяжы за два гады.
«Я быў шакаваны, як такое наогул магчыма. Улічваючы, што я ніякіх грошай ніколі не атрымліваў», — абураецца Аляксей.
Калі ў падатковай яму назвалі даты, у якія нібыта паступаў даход, ён вывучыў свой банкаўскі рахунак. І пабачыў, што ў тыя дні яму вярталі грошы розныя замежныя сэрвісы.
Напрыклад, $ 23 прыйшло ад платформы па здыму арэнднага жылля Airbnb. Калі Аляксей адпачываў на Мальце, ён браніраваў жыллё праз гэты сэрвіс. Але з апартаментамі былі праблемы, таму гаспадыня вяртала хлопцу на картку частку сплочанай сумы.
У даходы запісалі таксама $ 7 і $ 6, вернутыя Apple Music.
«Я купіў падпіску, суму здымаюць на месяц наперад. Потым вырашыў перастаць карыстацца сэрвісам, вось і вярнулі кошт месячнай падпіскі», — тлумачыць Аляксей.
У выпіску трапілі таксама даты, калі хлопец праз інфакіёск у Мінску паклаў сабе на картку $ 25. А таксама калі атрымаў назад заклад, сплочаны за ўдзел ў адукацыйнай праграме.
Агулам назбіралася каля $ 100 «даходаў».
Хлопец дадае, што яму давялося пісаць тлумачэнні па кожным пункце, адпраўляць лісты ў Міністэрства па падатках і зборах.
«Два дні я апраўдваўся. Толькі на адныя званкі патраціў даляраў 30», — наракае ён.
Атрымліваецца, падатковая аўтаматам разглядае вяртанне грошай замежнымі сэрвісамі як даход?
«Мы бачым, што даход атрыманы ад нейкай замежнай юрасобы — мы ж не ведаем сутнасць гэтага пераводу», — каментуе начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб Жодзінскай падатковай інспекцыі Уладзімір Стрыгун.
Ён кажа, што, каб у органаў не ўзнікла пытанняў да гэтых аперацый, трэба даваць тлумачэнне па кожнай. Інакш гэтыя грошы палічаць аплатай за працу і патрабуюць з вас падатак.
«Фізічная асоба можа прыйсці ў падатковую інспекцыю і даць пісьмовае тлумачэнне. Можна падаць яго праз асабісты кабінет на партале міністэрства ці даслаць па пошце. Калі ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што чалавек пералічыў грошы, а потым тая юрасоба іх вярнула, значыць, трэба іх прыкласці», — апісвае механізм Уладзімір Стрыгун.
Такія тлумачэнні па атрыманых з-за мяжы грошах падаюцца раз на год не пазней за 31 сакавіка.
Читайте еще
Избранное