«Я працу меў заўжды, але патрапіў у спіс дармаедаў»
Літаратар і мастак Адам Глобус – пра скандальны дэкрэт і дармаедаў.
Фота Alena Adamchyk
«Ніколі не ўскладаў вялікіх спадзеваў на дзяржаву, таму і працаваў, каб зарабіць не толькі на дзень сёняшні, а нешта адкласці і на будучыню. Працаваў без выходных, бо ў мастакоў і пісьменнікаў выходных не бывае. Калі нейкі мастак ці пісьменнік скажа табе, што ў яго выходны дзень – ведай, гэта не мастак і не пісьменнік.
Разам з тым, жыву я ў грамадстве, ад яго нідзе не падзецца. Таму і вырашыў, што свой штодзённы ранішні бег у парку я спыню ў 60. Замест бегу буду шпацыраваць. Вырашыў, але рашэнне давялося змяніць, бо дзяржава перасунула пенсійны ўзрост на пару гадоў. Добра – буду бегаць да 62.
Цяпер дзяржава парадавала мяне законам пра дармаедаў. Не працуеш? Плаці! Людзі абурыліся. Разумею. У цывілізаваных краінах беспрацоўны чалавек атрымлівае фінансаванне. Толькі наша дарагая дзяржава (дарагая, у кепскім сэнсе) глядзіць на цывілізаваныя краіны толькі тады, калі ёй выгодна на іх глядзець. Цяпер яна глядзіць на дзікунскія краіны і патрабуе грошы з тых, хто не мае працы.
Я працу меў заўжды, але і я патрапіў у спіс дармаедаў. Патрапіў туды разам з Ігарам Бабковым, Віктарам Марціновічам, Святланай Алексіевіч і ўсімі сябрамі з саюзу пісьменнікаў. Дзяржава палічыла наш саюз другасным, і цяпер сяброўства ў ім не абараняе ад падаткаў за дармаедства. Дзяржава спрабуе скрасці гісторыю нашай арганізацыі і перадаць яе ў карыстанне іншым людзям. Нейкае дзікунства. Інакш і не скажаш.
P. S. Скарыстаю нагоду і скажу зноў пра сваё. Наша дарагая (дарагая, у літаральным сэнсе слова) дзяржава за ўсе гады сваёй новай незалежнасці яшчэ не выдала ніводнай маёй кнігі».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное