«Я ніколі ня быў дармаедам», — жонка знайшла перадсьмяротную запіску мужа

3 кастрычніка 60-гадовы Айвар Яскевіч заплаціў 360 рублёў падатку за «дармаедзтва». 6 сьнежня ён выкінуўся з 5 паверху, з сваёй кватэры ў Асіповічах. На стале пакінуў запіску і квітанцыю пра сплату «дармаедзкага падатку».

«Там было напісана: «Я ніколі ня быў дармаедам, гвалтаўніком, рабаўніком, я ўсё жыцьцё сумленна працаваў», — жонка Галіна кажа, што гэтыя словы запомнілася ёй найбольш.

З Галінай мы размаўляем у яе дома. У Яскевічаў сьціплая кватэра на апошнім паверсе панэльнага дому. Галіна трымае ў руках тэчку з дакумэнтамі — тут працоўная кніжка Айвара, пэнсійнае пасьведчаньне, пасьведчаньне вэтэрана працы, падзячныя лісты.

«Столькі дакумэнтаў, а цяпер вось гэта — галоўны дакумэнт», — кажа яна, паказваючы пасьведчаньне пра сьмерць. Тут жа ў тэчцы і паведамленьне аб прызнаньні Айвара «дармаедам», і квітанцыя, якая пацьвярджае, што падатак у 360 рублёў ён заплаціў.

Айвар Яскевіч — карэнны асіпаўчанін. Імя яму даў бацька ў гонар доктара, які выратаваў яго ў вайну. Пра выпадак з мужам, апавядае Галіна, гудуць усе Асіповічы. Кажа, што нават на памінках яго згадвалі як вельмі вясёлага і жыцьцярадаснага чалавека.

«Ён такі чалавек быў, ведаеце, нікога не пакідаў убаку, — распавядае яна. — Вельмі зычлівы з усімі. З усімі павітаецца, спытае, як маюцца, як жыцьцё».

У Айвара 34 гады працоўнага стажу. Незадоўга да пэнсіі ён звольніўся з КРЗ (так у Асіповічах па звычцы называюць кардонна-рубэройдавы завод. Цяпер гэта прадпрыемства «Тэхнаніколь»). Там ён адпрацаваў 30 гадоў.

«Стасункі з начальствам былі ня вельмі добрыя. Ён напісаў заяву пра звальненьне — ганарлівы быў. І з траўня 2014-га не працаваў, — апавядае Галіна. — Мы спрабавалі ўладкавацца, але год да пэнсіі заставаўся — нідзе не хацелі яго браць... І вартаўніком хацелі, але нідзе ня бралі. Месяц, відаць, адпрацаваў апэратарам кацельні», — тлумачыць Галіна.

У красавіку Айвару споўнілася 60 і ён стаў пэнсіянэрам. А ўвосень атрымаў паведамленьне, што дзяржава прызнала яго дармаедам.

«Ён сабраў дакумэнты — пэнсійнае пасьведчаньне, працоўную кніжку, кажа: „Пайду ў падатковую, усё гэта пакажу“, — Галіна згадвае апошнія месяцы жыцьця мужа. — Прыходжу з працы, пытаюся: „Айвар, ты быў?“. Ён адказвае: „Быў, нічога не заплаціў, маўляў, сказалі — які вы дармаед“. Гэта ён сябе так супакойваў».

Жанчына кажа, што пра такую трагедыю яна не магла нават падумаць. «Гаварыў, што „вось высакосны год, як бы мне яго дажыць“, — кажа Галіна. — У яго была вельмі моцная дэпрэсія, асабліва апошні месяц. Ён калі сышоў з КРЗ, дзе адпрацаваў 30 год, вельмі моцна здаў — і сьпіна, і ціск, раздражнёны стаў. Мы ўжо і на прагулкі зь ім хадзілі, я яго супакойвала. Але нічога не прарочыла, каб вось так скончыць жыцьцё».

Нават у той дзень, 6 сьнежня, муж паводзіўся як звычайна, і яна нічога не адчула. Галіна працуе настаўніцай пачатковых клясаў у мясцовай школе. У яе 29 гадоў стажу, і яна ўжо таксама зьбіралася на пэнсію па выслузе гадоў. Але праз падвышэньне пэнсійнага ўзросту яшчэ будзе працаваць.

«Праводзіў мяне, дзьверы зачыніў, спытаў: „Калі будзеш?“. Я і падумаць не магла, — згадвае яна. — Вось гэтая квітанцыя, гэты падатак яго падштурхнулі да гэтага кроку. Калі б я яшчэ была дома... Але спыніць не было каму», — апавядае жанчына.

«З працай лягчэй. Дахаты не хачу прыходзіць, — тлумачыць яна. — Цяжка».

Галіну Пятроўну прыйшла падтрымаць яе калега і сяброўка Аксана. Яна кажа, што «трагедыя ўскалыхнула ўвесь горад».

«Мы ведаем, што мужчына пакінуў запіску, у якой напісаў, што ў жыцьці ён не дармаед, і пакінуў квітанцыю пра сплату падатку за дармаедзтва. Чалавек усё жыцьцё адпрацаваў, да пэнсійнага ўзросту, выйшаў на пэнсію, атрымаў званьне вэтэрана працы, усё жыцьцё добрасумленна працаваў, — кажа Аксана. — І замест таго, каб жыць далей, карыстацца тым, што ён зарабіў, ён сышоў з гэтага жыцьця».

Аксана апавядае, што і ў яе сям’ю прыйшло паведамленьне пра «дармаедзтва». Яго атрымала 22-гадовая дачка. «Ёй 22 гады. Яна цяпер працуе. І ўвогуле працуе з 15 гадоў, — кажа Аксана. — Падатак яна мусіць плаціць у сувязі з тым, што ў 2015 годзе працавала менш за 183 дні». Дзяўчыну тады звольнілі з працы, і пэўны час яна шукала працу, якая ёй падабаецца. — «І мы мусілі заплаціць 150 рублёў. Я перажывала, вось Галіна Пятроўна ведае. Для мяне гэта было балюча».

Жанчына доўга разважае, якія добрасумленныя і працавітыя беларусы. «Мы маладая эўрапейская дзяржава. У якой дзяржаве Эўропы яшчэ такое ёсьць? — пытаецца Аксана. — Закон абсалютна не прадуманы... У такіх умовах, калі дзяржава ня можа забясьпечыць людзей годнай працай, уводзіць падатак на дармаедзтва — гэта неабдуманы крок».

Аксана ўспамінае Айвара як усьмешлівага і прыязнага чалавека. «Высокі, прыгожы... Гэта быў шок, — кажа Аксана. — Гэта крок у нікуды. І гэты крок яму дапамагла зрабіць дзяржава».

Галіна Пятроўна кажа, што на працы ёй лягчэй перажываць гора. Быць дома ўсё яшчэ цяжка. Апавядае, што хоча атрымаць ад сьледчага хаця б копію запіскі, якую пакінуў яе муж.

«Я двойчы ўжо ў падатковую хадзіла, — са сьлязьмі кажа яна. — Думала, можа грошы гэтыя вернуць, 360 рублёў. Яны скапіявалі гэтыя дакумэнты, але — нічога. Нідзе праўды не дабіцца. Кажуць, такі закон».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)