Общество
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

«Я ніколі не думаў, што з’еду адсюль»

Звольнены вядучы канала АНТ расказаў Еўрарадыё, калі з’язджае з Беларусі, ці памірыўся з Ярмошынай і пра кампрамісы ў журналістыцы.

Еўрарадыё: Мы дамовіліся, што не будзем гаварыць пра палітыку і тое, як адбывалася вашае звальненне. Пытанне асабістае - як адчувае сябе чалавек, які раптоўна страціў любімую працу?

Сяргей Дарафееў: На маю думку, я прафесію не згубіў, я ў прафесіі застаўся. Журналістыка такая прафесія, якая, з аднаго боку, мае нацыянальны почырк, характар, а з другога - не мае прапіскі геаграфічнай. Таму - у прафесіі я застаюся. Зразумела, доля майго ўдзелу ў беларускай журналістыцы будзе менш. Але сыходзіць з беларускай журналістыкі не збіраюся.

Еўрарадыё: Пад беларускай журналістыкай маюцца на ўвазе беларускія СМІ?

Сяргей Дарафееў: Маецца на ўвазе тая аўдыторыя, якая думае, якая актыўная, у якой ёсць свая грамадзянская пазіцыя і свой пункт гледжання. Я пастараюся, каб мая пазіцыя як вядучага, як рэдактара, ўвогуле - як журналіста, была ў іншай краіне, так сама, як і ў Беларусі, максімальна аб’ектыўнай і палітычна нейтральнай. Я выдатна разумею, што ў любой краіне ў кожнага масмедыя ёсць ўладальнік, ёсць пэўная зацікаўленасць, магчыма — лобі. Але ніхто не адмяняў прынцыпаў брытанскай журналістыкі, паводле якіх усе мы навучаліся, стандартаў ВВС і амерыканскай журналістыкі. Я б не хацеў казаць кніжныя фразы пра неабходнасць нейтральнасці. І пастараюся адпавядаць гэтым крытэрам не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Еўрарадыё: Некалькі разоў праскочыла фраза пра “за межамі”. Ужо ёсць нейкія прапановы працаўладкавання?

Сяргей Дарафееў: Ёсць. І я ўжо вельмі хутка з’язджаю. Але я не хацеў бы пакуль казаць пра гэта. Так, гэта іншая краіна, дзе я буду жыць і працаваць. Як доўга - не ведаю.

Еўрарадыё: Які накірунак: усход, захад, поўнач, поўдзень?

Сяргей Дарафееў: Вектар не мае прынцыповага значэння. Для мяне важны той факт, што я з’язджаю з Беларусі. Я ніколі не думаў, што я адсюль з’еду. Хоць магчымасці і прапановы былі і раней. Мне 31 год. Але ўжо і 7, і 8 гадоў таму была магчымасць з’ехаць і, як мне тады падавалася, ня дрэнна ўладкавацца, расці, працаваць, развівацца. Але я быў упэўнены, што калі нарадзіўся тут, то і жыць ды працаваць павінен тут. У нас шмат адукаваных, інтэлігентных людзей, якім неабыякава тое, што адбываецца. Я хачу ім сказаць асобны дзякуй, вось яны і складалі аўдыторыю праграмы “Выбар” і “Выбар+”. Дзеля гэтых людзей трэба жыць і працаваць тут. Але зараз у мяне магчымасці працаваць тут няма. З суб’ектыўных і аб’ектыўных прычынаў. Таму - папрацую ў іншай краіне, павучуся нечаму новаму.

Еўрарадыё: Ці не будуць побач кабінеты - ваш і Ягора Хрусталёва (былы намеснік кіраўніка БТ, які зараз працуе ў Маскве, у “СТС Медыя”)?

Сяргей Дарафееў: Не, нашы кабінеты не будуць побач. Прычыны нашых ад’ездаў, мая і Ягора, крыху розныя.

Еўрарадыё: А за што вы зараз жывеце?

Сяргей Дарафееў: За рэшткі тых заробкаў, якія атрымліваў яшчэ не так даўно. Зараз у мяне няма заробку, які б я атрымліваў і за які б я жыў. І гэтае пытанне для мяне зараз першаснае. Бо ёсць тыя людзі, якім я мушу дапамагаць, якім я хачу дапамагаць, якім, спадзяюся, я заўсёды буду дапамагаць. Ёсць высокая адказнасць перад сабой, перад гэтымі людзьмі. І мушу як любы мужчына зарабляць грошы!

Еўрарадыё: Мяркую, было шмат жадаючых сябраваць з папулярным вядучым. Ці шмат з такіх людзей “адсыпалася” пасля вядомых падзей у вашым жыцці?

Сяргей Дарафееў: Я б не сказаў, што я быў адкрыты для ўсіх і з кожным вёў задушэўныя размовы. Не таму, што я камусьці давяраю, а камусьці - не. Хаця гэта нармальна - камусьці давяраць, а камусьці - не. Кола маіх зносінаў зусім невялікага дыяметра. Там людзі, якім я давяраю. Хаця не разважаю так: “Нешта шмат у гэтым коле людзей, час абмежаваць туды доступ”. З кімсьці мне цікава абмяркоўваць кнігі, з кімсьці мы абмяркоўваем працу нашых і замежных масмедыя. Я не фільтрую сваё атачэнне. Але, напэўна, у мяне не такі ўжо і лёгкі характар. Кожная падзея ў жыцці любога чалавека пэўным чынам фарматуе тое грамадства, якое яго атачае. Тое ж адбылася і ў мяне.

Еўрарадыё: А ці не было жадання папрасіць палітычнага прытулку на Захадзе?

Сяргей Дарафееў: Я ніколі не займаўся “голай” палітыкай, я заўсёды быў журналістам! Я заўсёды быў палітычна нейтральным, падзейна-аб’ектыўным, як мне падаецца. Хаця, магчыма, я і памыляюся, бо складана захоўваць аб’ектыўнасць на 100%. Такога, напэўна, у прыродзе не бывае. Галоўнае — не ісці на вялікія кампрамісы са сваім сумленнем. А журналістыка, як і шмат якія іншыя прафесіі, - гэта прафесія кампрамісаў. Але атрымліваць палітычныя дывідэнды замежнай прыроды з маёй сітуацыі - гэта нейкае спекуляванне. Я пра такі варыянт не думаў.

Еўрарадыё: А ці не было прапаноў ад якіх-небудзь палітыкаў пайсці працаваць да іх?

Сяргей Дарафееў: Я б не хацеў гаварыць на гэтую тэму. Гэта не азначае, што я нешта хаваю, але гэтая тэма да журналістыкі не мае ніякіх адносінаў.

Еўрарадыё: Часам, таго не жадаючы, мы сваімі матэрыяламі, рэпартажамі крыўдзім людзей. Гэта здараецца ў кожнага журналіста. Пасля праграмы, што была ў эфіры 19 снежня, ці даводзілася сустракацца, размаўляць з Лідзіяй Ярмошынай (старшыня ЦВК сыйшла са студыі падчас прамога эфіру)?

Сяргей Дарафееў: Пасля той праграмы я больш не займаўся грамадска-палітычнай журналістыкай. Гэтай тэматыкі не было, у адпаведнасці з маімі новымі службовымі інструкцыямі. Таму ў мяне і падставаў звяртацца да чыноўнікаў не было. І з ёй я не сустракаўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)