Общество
Раман Трускавец

«Я не магу ўявіць «Млын моды» без Сашы»

Дацэнт берлінскай школы моды «Lette-Verein» Анэта Хофман у інтэрв’ю «Салідарнасці» расказала, што яе звязвае з «Млыном моды», і як ўспрымаюць беларускiх дызайнераў на Захадзе.

У Мінску фінішуе «Млын моды-2012». Арганізатарам упершыню выступіў тандэм Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Сярод заяўленых замежных гасцей конкурса -- чатыры краіны (Расія, Латвія, Фінляндыя і Велікабрытанія).

На жаль, Мінск не пабачыць сёлета экспертаў, якія ў розныя гады па запрашэнні Варламава наведвалі «Млын моды» -- прадстаўнікоў моднай індустрыі з Германіі, Італіі, Швецыі, Аўстрыі, Бельгіі, Іспаніі, Чэхіі, Партугаліі, Даніі і Літвы.

«На Захадзе дызайнераў з Усходняй Еўропы недаацэньваюць»

… Анэта -- выкладчыца берлінскай школы моды «Lette-Verein», ганаровага госця конкурсу мінулых гадоў -- дастае з сумкі канверт, адрасаваны ёй арганізатарамі «Млына моды-2012», і паказвае тэкст. «Вельмі дзіўна: пісьмо адрасавана нібыта мне, але з адрасам наблытана», здзіўлена канстатуе Анэта. «Я працую ў «Lette-Verein», а тут стаіць «Berlin-Weisensee» (іншая школа моды Берліна, якая таксама ў мінулым была госцем на беларускiм фестывалi -- Аўт.)».

Хофман прыязджала на «Млын» пяць разоў у статусе члена журы. У заключны дзень фестывалю выкладчык дызайну выбірала дзве калекцыі, аўтары якіх атрымлівалі стажыроўку ў «Lette-Verein».

Анэта Хофман з беларускімі дызайнерамі адзення, 2010 год

-- Анэта, як Вы пазнаёміліся з Сашам Варламавым?

-- Адна з маіх дочак вывучала ў свой час рускую мову і падпрацоўвала афіцыянткай у адным з кафэ Берліна. Аднойчы там снедалі рускамоўныя турысты, якія, як высветлілася, былі з Віцебска і мелі дачыненне да конкурса дызайнераў, які там праводзіўся. Мы пазнаёміліся, а праз некаторы час яны запрасілі мяне ў Віцебск у журы гэтага конкурсу. Я прыязджала ў Віцебск на працягу трох гадоў. Там пазнаёмілася з Сашам, які таксама быў у журы (гаворка пра «Белую амфару» -- Аўт.). Аднойчы Саша запрасіў мяне ў Мінск у журы на «Млын моды», так я ўпершыню наведала беларускую сталіцу.

-- Як Вам спадабалася ў Беларусі?

-- Арганізатары давалі магчымасць прывозіць па дзве калекцыі студэнтаў з маёй школы. Для ўсіх, хто там быў, гэта быў вельмі цікавы час. З маімі студэнткамі я была прыемна здзіўленая, наколькі добра там ўсё арганізавана -- самалёт, гасцініца -- усё для нас было самае лепшае. Прычым усе выдаткі бралі на сябе арганізатары.

Варламаў i Хофман, фота Наталлi Амбражэвiч

-- У заключны дзень фестывалю Вы адзначалі лепшыя калекцыі і выбіралі дызайнераў для стажыроўкі ў «Lette-Verein». Ці не было пасля расчаравання?

-- Ні ў якім разе. Яны прыязджалі да нас са сваімі напрацоўкамі, спрабавалі над гэтымі тэмамі працаваць у нас далей. У іх былі вельмі добрыя эскізы.

Мінулага разу, калі мы былі ў Мінску, нас запрасілі ў адну з беларускіх тэкстыльных школ, дзе шыюць адзенне. І я была таксама вельмі здзіўленая якасці тых эскізаў. Мяне прыемна здзівіла, наколькі добра тут зладжана праца з ілюстрацыяй моды, тэхнікай тэхнічнага і канструкцыйнага малюнка. Як я ўжо пасля даведалася, чатыры гадзіны тут адведзена на тэхнічны малюнак, і столькі ж -- на канструктарскі. Гэтую практыку я, дарэчы, пераняла і карыстаюся ёю на сваіх занятках.

У Беларусi са студэнткамі школы моды «Lette-Verein», 2010 год

-- ЦІ ёсць у Германіі праекты, падобныя да беларускага «Млына моды»?

-- Так. Напрыклад, праект «Baltic Fashion Award» -- конкурс для маладых дызайнераў з Германіі і краін Балтыкі.

-- Ці лічыце вы беларускі праект выключным?

-- У нас заўсёды лічылася, што лепшыя ўзоры моды прыходзяць з Захаду, таму часта дызайнераў з усходняй Еўропы крыху недаацэньвалі. На «Млыне моды» я рабіла шмат фотаздымкаў. І калі пасля паказвала іх калегам, яны прыліпалі да здымкаў са словамі: «Хто робіць такія рэчы?! Ты сур'ёзна? Гэта унікальна! Чаму ж мы раней не чулі пра гэтых дызайнераў?». Магчыма, якраз тут і можна казаць пра выключнасць.

-- Як бы Вы ацанілі «модны» твар Беларусі сярод краін Усходняй Еўропы?

-- На жаль, усё, з чым я сутыкаюся падчас працы ў школе моды, не змяшчае згадак пра Беларусь. Калі глядзець на сусветныя брэнды, новыя калекцыі -- гэта прэзентацыі на Тыднях моды ў Нью-Ёрку, Барселоне, Парыжы... Часам трапляюцца якіясьці згадкі пра Украіну або Польшчу, але, на жаль, не пра Беларусь. Са студэнтамі другога семестра мы праводзім аналіз трэндаў сезона і аналізуем, чым новым багаты сёння свет. І часцей за астатнія краіны Усходняй Еўропы трапляецца інфармацыя пра Расію.

-- Ці чулі Вы пра Belarus Fashion Week?

-- На жаль, не.

«Я думала, што ў Варламава добрая рэпутацыя ў афіцыйных колах»

-- Як вы даведаліся пра арышт Варламава?

-- Мне расказала мая студэнтка Аляксандра, якая летась была са мной на «Млыне моды». Мякка кажучы, я была шакаваная. Не магу растлумачыць: я думала, што ён ва ўрадавых колах прызнаны і мае падтрымку. І была здзіўлена, калі летась даведалася, што ў конкурса ёсць нейкія фінансавыя праблемы.

-- Што вы думаеце пра яго арышт?

-- Цяжка ўявіць гэтую сітуацыю. Я чула, ён прызнаўся ў сваёй арыентацыі. Але каб гэта было як-небудзь звязана?.. Варламаў быў дастаткова вядомым чалавекам, і я думала, што пра яго арыентацыю ўсе ведаюць.

-- Афіцыйнае абвінавачванне нітуецца вакол таго, што Варламаў нібыта прысвоіў грошы, якія яму не належалі...

-- Я ведала Варламава найперш як кіраўніка «Млына моды». Я не мела з ім цеснага знаёмства, каб ведаць падрабязнасці «кухні конкурса». Але што я заўважыла падчас апошняга візіту -- Саша быў прыветлівы, але нервовым і неспакойным.І напрыканцы мерапрыемства, калі ён выйшаў на сцэну разам з двума дзецьмі (магчыма, я не ўсё зразумела, бо ён гаварыў па-руску), то калі ён ім нешта казаў, яны глядзелі на яго і адказвалі «Да». Наколькі я правільна зразумела, ён прасіў у Лукашэнкі падтрымкі для праекта

-- Як вы лічыце, ці мог бы дапамагчы ў вызваленні з-пад варты Варламава збор подпісаў у яго падтрымку?

-- Я ўжо думала пра гэта. Як толькі я даведалася пра яго арышт, адразу вырашыла, што трэба нешта рабіць. Праўда, спачатку варта наладзіць кантакт, бо я, на жаль, ужо даўно ні з кім з запрошаных на «Млын моды» гасцей з замежжа не бачылася.

-- Чаму вы не прыехалі на «Млын моды» сёлета?

-- Па-першае, я амаль месяц не ведала, што я запрошаная. Ліст прыйшоў на адрас школы якраз у той час, калі былі канікулы. Пасля я два тыдні хварэла. Таму, з візай, напрыклад, я ўжо не паспела б. Да таго ж у мяне заняткі, выпускныя экзамены, прэзентацыі…Спраў назбіралася даволі. Калі б я ўбачыла запрашэнне трохі раней, то было б больш часу, каб прааналізаваць вучэбны план і выдаткаваць дні для паездкі.

-- Як вылічыце, якая будучыня ў фестываля без Варламава?

-- Без Сашы гэты конкурс я не магу ўявіць. Знаёмства з ім я лічу шчаслівым для сябе: дзякуючы яму я адкрыла для сябе свет моды ў Беларусі. Што датычыць сёлетніх арганізатараў, то я з імі незнаёмая. Я атрымала толькі запрашэнне, дзе зусім нічога не напісана пра тое, хто будзе там удзельнічаць, і якая канцэпцыя. Гэта проста ліст паперы з тэкстам «Мы запрашаем вас…» Запрашэнне не выклікае нейкага асаблівага інтарэсу. Калі б яны напісалі, што на гэтым конкурсе адбудзецца…

Новым арганізатарам «Млына моды» ў любым выпадку патрэбна канцэпцыя. Варламава, чаго тут хлусіць, замяніць цяжка. Аднак павінен быць рост конкурса, новыя ідэі, якія б прымусілі мяне сказаць: «Ок. Варламаў больш не працуе, але гэтая новая ідэя таксама вельмі цікавая». Але не ведаю, што магло б быць цікавым у замену ідэям Варламава.

-- Калі вы атрымаеце запрашэнне на наступны год, што будзеце рабіць?

-- Мая школа заўсёды вельмі зацікаўленая ў сумеснай працы, і я, натуральна, таксама. З радасцю прыехала б на «Млын» яшчэ раз. Аднак, як я ўжо казала, спачатку я хацела б ведаць, куды я еду і навошта.

ДАВЕДКА

Анэта Хофман -- дацэнт школы моды Lette-Verein (Берлін), выкладчыкам працуе з 1994 года. Спецыяліст у галіне дызайну адзення, доўгі час была практыкуючым дызайнерам у індустрыі моды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)