«Я не магу проста скласці яе ў чамадан і ехаць сюды, як турыст» (фота)
Палесцінскі мастак хоча прывезці ў Беларусь карціну ростам з васьміпавярховы дом. «Няма розніцы паміж Джамалам, Іванам або Джонам, Мухамеджам ці Сярожам», – растлумачыў Дамал Бадван «Салiдарнасцi», што хоча паказаць людзям праз свае працы.
У оскараносным фільме «Мільянер з трушчобаў» індыец Джамал стаў вядомым, дзякуючы перамозе ў тэлегульні «Хто хоча стаць мільянерам». Не менш цікавым сюжэтам для Балівуда магла б стаць і жыццёвая гісторыя Дамала, ужо рэальнага.
Палесцінец Дамал Бадван (54) жыве ва Ўкраіне. Ён жанаты, выхоўвае сына і маючы доктарскую ступень па эканоміцы, займаецца бізнесам. Год назад пра яго пісалі ледзьве ні ва ўсім свеце – Дамал Бадван увайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса як аўтар самай вялікай карціны свету, напісанай маслам.
Маслам па халсце 12 гадзін у суткі
Карціну ростам з васьміпавярховы дом Дамал пісаў чатыры гады. Яшчэ шэсць – праводзіў эксперыменты на халсце і рабіў замеры, шукаючы месца для будучай карціны-гіганта.
– Задумка была сур'ёзная, таму перш чым узяцца за кістачку, я шмат эксперыментаваў, – узгадвае мастак. – З тым жа халстом: як яго нацягнуць, каб палатно не парвалася? Найбольш інтэнсіўным выдаўся апошні год працы: маляваць даводзілася па 12 гадзін у суткі. Але вынікам я задаволены. Прэзентацыя прайшла ва Ўкраіне проста на вуліцы – знайсці памяшканне, куды б магла змясціцца карціна, на жаль, не ўдалося.
Дамал ганарыцца сваім рэкордам і лічыць, што ні кожны мастак можа паўтарыць яго дасягненне:
– Сваю карціну я пісаў не па частках, а цалкам. Я ведаю, што «самыя вялікія» карціны рабіліся і да мяне, аднак тэхнічна людзі рабілі прасцей – малявалі на асобных палотнах, а пасля проста склейвалі іх у адзін. Я лічу, што гэта не рэкорд. Рэкорд – гэта калі ты маеш адзін холст на 15-20 метраў (як было ў мяне) і пішаш на ім, не маючы магчымасці паглядзець цэльны малюнак. І калі праца ўдасца, гэта і будзе рэкорд.
«Калі б Пікаса не пісаў маслам, яго карціны б ужо струхнелі»
Дамал Бадван назваў сваю карціну «У мностве – адзін». У цэнтры гіганцкага палатна змешчаны белы голуб, які сімвалізуе мір над будынкі трох цэркваў – мячэці, хрысціянскай царквы і сінагогі. Унізе і па баках карціны – сюжэты з Бібліі.
– Гэтай карцінай я хацеў сказаць, што ў свеце ёсць толькі адна рэлігія – Любоў. Белы ты ці чорны; мусульманін, яўрэй ці хрысціянін – усе рэлігіі гавораць пра любоў. Бог – адзін на ўсіх, няма Бога твайго ці майго. І нацыя таксама адна – гэта чалавек.
Аргументуючы выбар матэрыяла для карціны, мастак зазначае:
– Любая фарба праз пяць-шэсць гадоў становіцца блеклай і паступова знікае, а карціны, напісаныя маслянымі фарбамі, могуць жыць і сто, і трыста гадоў. Тыя ж Да Вінчы, Пікаса малявалі якраз маслам. Выкарыстай яны іншыя фарбы, іх карціны, магчыма б, ужо струхнелі.
Я хацеў, каб мая карціна ўспрымалася як ліст-зварот да свету і чалавецтва – спыніць ваенныя канфлікты і жыць у міры. Мая мара – паказаць карціну як мага большай колькасці людзей. Мой 15-гадовы сын нядаўна сказаў, што як вырасце, марыць паказаць маю карціну ва ўсіх краінах свету…
Карціна і Беларусь
У прыватнай гутарцы Дамал прызнаецца, што калі б у Беларусі знайшліся зацікаўленыя аматары, якія б паспрыялі яго прыезду, ён з задавальненнем прывёз бы карціну і ў Беларусь. Але мужчына цудоўна разумее, што ехаць аднаму ў чужую краіну з гіганцкім багажом, дзе цябе ніхто не чакае, бессэнсоўна.
– Я не магу скласці яе ў чамадан і ехаць сюды, як турыст. Для таго, каб прывезці карціну ў Беларусь, трэба запрашэнне, дазвол мытнікаў... Прапановы аб прывозе карціны ў іншыя краіны да мяне ўжо паступалі, але я хацеў бы распачаць міні-турнэ з краін-суседак Украіны. І Беларусь магла б стаць першай з гэтага пераліку. Нават калі б не знайшлося месца, мы б выставілі карціну на адкрытым паветры…
Дамал прызнаецца, што быў бы вельмі рады, калі б цікавасць да яго працы праявіла Міністэрства культуры Беларусі, аднак мастак не ўпэўнены, што яго ініцыятыву там падтрымаюць.
«Паміж Мухамедам і Сярожам розніцы няма»
Маляваць Дамал пачаў з дзевяці гадоў. З таго часу з яго рук выйшла безліч прац: партрэты, пейзажы, нават карыкатуры – выстаўкі ладзіліся ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі. Днямі карціны Дамала Бадвана ўпершыню «прыехалі» і ў Беларусь – іх экспазіцыя распачалася ў Нацыянальнай бібліятэцы. Адметна, што свае палотны мастак з доктарскай па эканоміцы разглядае толькі як хобі.
– Я магу маляваць шмат чаго – партрэты, карыкатуры... Але найперш я малюю тыя карціны, якія датычаць блага чалавека, а найперш – палесцінскі народ. Я сам палесцінец, перажыў тры вайны і ўжо 20 гадоў вымушаны жыць у замежжы. Мой народ пакутуе ўжо 75 гадоў. У яго забралі зямлю і ўсе правы… Тэматыка амаль усіх маіх карцін датычаць лёсу палесцінцаў.
Калі мне было дзевяць, я перажыў усё гэта асабіста – бачыў, як забіваюць дзяцей і як здзекуюцца з жанчын. Я супраць гэтага жаху.
Я дзякую Богу за той дар, які ён даў мне – я магу маляваць. А праз карціны я хачу паказаць, што няма розніцы паміж Джамалам, Іванам або Джонам, Мухамеджам ці Сярожам. Кожны з нас – найперш чалавек, які мае такія ж правы, як і кожны іншы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное