«Я Лявон Вольскі, і я не хворы»
Лідэр «Крамбамбулі», жывы і здаровы, з’явіўся 17 сакавіка ў сталічным рэстаране «Госці», дзе з-за ягонай «хваробы» у гэты дзень не адбыўся канцэрт гурта. Спявак задаў пытанне ў лоб дырэктару рэстарана: «Чаму вы кажаце ўсім, што я захварэў?».
Раніцай 15 сакавіка ахвочыя ўжо не змаглі замовіць столік на канцэрт. Ва ўстанове ім паведамлялі аб адмене канцэрту са спасылкай на хваробу музыкаў. Карэспандэнт TUT.BY, які таксама паспрабаваў набыць квіток, пачуў ад прадстаўніка «Гасцей»: «Канцэрт адменены з-за хваробы вакаліста».
У дзень адмененага канцэрту лідар «Крамбамбулі» у суправаджэнні некалькіх чалавек, сярод якіх быў і карэспандэнт TUT.BY, наведаў рэстаран. Мы селі за столік і замовілі каву. Праз нейкі час з’явіліся прыхільніцы гурта, якія прыйшлі вярнуць грошы за квіткі. Прывітаўшы сваіх слухачоў, Лявон Вольскі падышоў да дырэктара рэстарана Любові Сачыўкі:
– Я Лявон Вольскі і я не хворы. Чаму адменены канцэрт?
Прадстаўніца ўстановы сумелася, пачаўшы гаварыць нешта пра тое, што канцэрт не адменены, а перанесены на больш позні тэрмін.
– Чаму вы кажаце ўсім, што я захварэў?! – не адступаў Вольскі. Чаму вы хлусілі людзям? Вы маглі патэлефанаваць мне і патлумачыць сітуацыю, а не распаўсюджваць паклёпніцкую інфармацыю!
– Мы не гаварылі такога, - адмаўляла Любоў Сачыўка. – Нашы супрацоўнікі інфармавалі ўсіх, што канцэрт адменены, магчыма перанесены, – раз за разам паўтарала прадстаўніца страўні.
Пабачыўшы, што музыку ейны адказ не задавальняе, дырэктарка сышла, паведаміўшы праз нейкі час, што прычыны адмены канцэрту паведаміць на наступны дзень.
– Я магу ўсё зразумець. Можна было патэлефанаваць мне, па-людску патлумачыць, што яны атрымалі ўказанне і не могуць не падпарадкавацца. Я б і ва ўпраўленне культуры гарвыканкаму з імі схадзіў. Але яны схлусілі. Людзі пачалі мне тэлефанаваць, пытацца, што за мной здарылася... – кажа лідар «Крамбамбулі».
Нагадаем, на пачатку сакавіка ў сацыяльных сетках з’явіўся спіс беларускіх і замежных дзеячоў культуры і мастацтва, імёны якіх забаронена ўзгадваць у дзяржаўных СМІ. Міністэрства інфармацыі абвергла, што мае дачыненне да гэтага загаду. У той самы час са з’яўленнем таямнічай паперы склалася абсалютна абсурдная сітуацыя. Афіцыйных забаронаў нібыта няма, але нават прыватныя ўстановы адна за адной адмяняюць канцэрты музыкаў з «чорнага» спісу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное