Скандалы

«Я бандэраўцаў не кармлю!» Працаўнік кавярні ў Івацэвічах адмовіўся абслугоўваць кліента

У судзе Івацэвіцкага раёну разглядалася скарга менскага прадпрымальніка Сяржука Бахуна на працаўніка прыдарожнай кавярні, які адмовіўся абслугоўваць яго, называючы «бандэраўцам», піша Радыё Свабода.

Сяржук Бахун каля суду Івацэвіцкага раёну

Інцыдэнт адбыўся 14 студзеня, калі Сяржук Бахун разам з непаўнагадовай дачкой вяртаўся з каляднага падарожжа з Украіны. Ён спыніўся каля прыдарожнай кавярні ў Івацэвіцкім раёне, дзе і адбылася дыскусія з працаўніком установы.

Пасьля гэтага Сяржук Бахун зьвярнуўся ў міліцыю з просьбай прыцягнуць гэтага чалавека да адміністрацыйнай адказнасьці. Аднак суд 12 сакавіка ня выявіў доказаў правапарушэньня паводле артыкулу аб дробным хуліганстве.

«Я хацеў бы вярнуцца ў Савецкі Саюз»

Першым у судзе выступаў працаўнік кавярні. Ён растлумачыў, што яго справакаваў Сяржук Бахун.

— Я нецэнзурна не казаў. Павышаны тон быў, але абсалютна ніякае не брыдкаслоўе. Ён (Бахун — Р. С.) пачаў пытаць пра Савецкі Саюз, а я яму сказаў, што я хацеў бы вярнуцца ў Савецкі Саюз, калі былі заробкі аднолькавыя, вучоба бясплатная, ахова здароўя бясплатная. І перайшло гэта ў палітыку. Разумееце, пра што я кажу, што яны загуляліся ўжо. Да такой ступені загуляліся, што яны хочуць краіну разваліць, ужо яны практычна развалілі яе. Што яны хочуць?.. Дзед мой у НКВД служыў? Мой дзед ляжыць пад Кёнігсбергам. Хатынь хто спаліў? Бандэра спаліў... І я сказаў — я бандэраўцаў не кармлю, усё! — казаў пра сваю пазыцыю працаўнік кавярні, які працуе кухарам.

«Валіце адсюль, хахлы, бандэраўцы»

Сяржук Бахун распавёў у судзе, што дыскусія з працаўніком кавярні пачалася пасьля таго, як ён пажартаваў са сваёй дачкой наконт мовы мэню.

— Дачка доўга выбірала ў мэню, я яе папрасіў хутчэй і пажартаваў, што можа ёй на беларускай мове трэба, каб лягчэй чытаць было. Яна нічога не пасьпела адказаць, як гэты мужчына кажа, што тут хутка ня будзе Беларусі, а будзе СССР. Я падумаў, ён пажартаваў, і сказаў, што калі б быў СССР, то ня было б і прыватнага бізнэсу, адпаведна і гэтай кавярні, — распавёў Сяржук Бахун у судзе.

Пасьля гэта, кажа Бахун, ён спрабаваў спыніць гэтую размову.

— Аднак гэты мужчына спытаў, што я маўляў, хачу як ва Ўкраіне? Я спытаў, што ён мае на ўвазе, бо мы якраз з Украіны едзем. Ён як пачуў словы, што мы з Украіны едзем, кінуў асадку аб стол і сказаў «Валіце адсюль хахлы, бандэраўцы». Я яму сказаў, навошта ён нацыянальную варажнечу распальвае, бо мы, беларусы, да ўсіх нацыяў цярпіма ставімся. А ён: «Усё, я вас ня буду абслугоўваць, валіце адсюль, хахлы, бандэраўцы, — казаў Сяржук Бахун у судзе.

Спадар Бахун казаў, што спрабаваў запярэчыць на тэзу працаўніка кавярні пра тое, хто спаліў Хатынь.

— Казаў, што бандэраўцы Хатынь спалілі, я яму казаў, што Сьцяпан Бандэра да 1944 году знаходзіўся ў нямецкім канцлягеры, а Хатынь у 1943 была спаленая, і што яшчэ савецкі суд вызначыў вінаватых у гэтай трагедыі і пакараў вінаватых, — тлумачыў у судзе Бахун.

Сяржук Бахун казаў, што патрабаваў кнігу скаргаў, але, паводле яго словаў, яму яе спачатку не давалі, а калі далі, то без асадкі і ён ня змог зрабіць запіс. Ужо калі прыехаў у Менск, ён напісаў скаргі ў Івацэвіцкі райвыканкам і пракуратуру, потым — і ў міліцыю.

Рашэньне суду Бахуна не задаволіла

Івацэвіцкі суд спыніў справу аб адміністрацыйным правапарушэньні па артыкуле 17.1 КаАП Беларусі (дробнае хуліганства) за адсутнасьцю складу правапарушэньня.

Сяржук Бахун кажа, што ня выключае, што будзе зьвяртацца ў міліцыю яшчэ раз, бо ня згодны, што міліцыянты распачыналі справу за дробнае хуліганства, а не за абразу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(106)