Скандалы

«Я абураны такімі паводзінамі сілавых структур». Акадэмік Мрочак пра затрыманьне дактароў

Вядомы кардыёляг, акадэмік, доктар мэдычных навук, экс-дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія» Аляксандар Мрочак пракамэнтаваў Свабодзе затрыманьне сваіх былых падначаленых, вядучых спэцыялістаў РНПЦ «Кардыялёгія».

Раніцай 27 кастрычніка на праспэкце Дзяржынскага схапілі і даставілі ў Маскоўскае РУУС «для разбору» 11 лекараў РНПЦ. Некаторых ужо адпусьцілі з пратаколамі, іх чакае суд.

Фото cardio.by

«У мяне не хапае здаровага сэнсу, выхаваньня, слоў, каб зразумець гэту сытуацыю. Урэшце, мэдыкі заўсёды былі і будуць супраць гвалту, гэта іхная сутнасьць. І затрымліваць, арыштоўваць за тое, што яны пра гэта адкрыта гавораць? Ды іх гэтаму ва ўнівэрсытэтах вучылі! Я абураны такімі паводзінамі сілавых структур. Мэдыкі ж выйшлі ў нерабочы час, перад пачаткам працоўнага дня!» – абураецца прафэсар Аляксандар Мрочак.

Ён зазначае, што гэтым разам затрымалі вядучых спэцыялістаў РНПЦ «Кардыялёгія», унікальных адмыслоўцаў у вузкіх кірунках, якіх у краіне лічаныя адзінкі.

«На сёньняшні дзень гэта найлепшыя рукі і розумы РНПЦ. Гэтых пацыентаў з інфарктамі міякарду павінны таксама весьці найлепшыя адмыслоўцы. Затрымалі найлепшых дыягностаў ня толькі цэнтру «Кардыялёгія», але найлепшых дыягностаў краіны. Ну як да гэтай сытуацыі ставіцца, акрамя як з абурэньнем? У мяне няма слоў!», – кажа акадэмік.

«Калі чалавек не хварэе, ён, магчыма, можа так ставіцца да мэдыцыны – па-наплявацельску. Але, як толькі пачынае хварэць, мяняецца стаўленьне і псыхалёгія чалавека, гэта адназначна. Я ня ведаю, хто дакладна затрымліваў, але падазраю, што АМАП. Гэта яўная неабдуманасьць. Для мяне гэта шок. Я ніколі б і падумаць ня мог, што такое магчыма».

На пытаньне, ці стрымаюць жорсткія затрыманьні і сур’ёзныя наступствы мэдыкаў, бо толькі што двух вядучых адмыслоўцаў, Алега Паланецкага і Ўладзімера Андрашчука, выпусьцілі з Маскоўскага РУУС з пратаколамі (інкрымінуюць удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, артыкул 23.34), Аляксандар Мрочак адказаў, што ня спыняць.

«Што адбылося зь людзьмі, якіх затрымлівалі ці якіх пэўны час пратрымалі ў засьценках на Акрэсьціна? Толькі чалавек, у якога каменнае сэрца, паставіцца да гэтага абыякава. Гэта фармуе абурэньне, гэта фармуе пэўныя пратэсты. А ў мэдыкаў гэта на генэтычным узроўні.

Чым больш гэта будзе працягвацца, тым больш будзе пратэстаў з боку мэдычных работнікаў. Будзеце і далей арыштоўваць мэдыкаў, хлопцы? А хто ж тады будзе лячыць?» – пытаецца акадэмік, прафэсар, вядучы кардыёляг краіны Аляксандар Мрочак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(43)