Комментарии
Святлана КАЛІНКІНА, «Народная воля»

ХХІ стагоддзе. Беларускі супраціў

Здохла свіння. Каб не напала рэквізіцыя, мужык палікаў суседа і ў поцемках, цішком, адцягнулі яны яе далей ад вёскі ды закапалі без слёз і фармальнасцяў.

— Свінні заўсёды дохлі, — кажа. — Купляем корм у п'яніцаў з фермы. Ад гэтага корма, бывае, і свінні дохнуць, і куры слепнуць. А то і нічога ім не робіцца. Заўсёды так было -- жыццё...

Ну дык вось... Закапалі мы тую свінню, але знайшлася адна актыўная дурніца ды патэлефанавала ў раён. Толькі ў раёне таксама нашы людзі, вясковыя. Не ведаю, што ўжо яны ёй адказалі, але не паехалі. А яна ўсё супакоіцца не можа — тэлефануе ў вобласць. І вось гэтыя ўжо спецбрыгаду выслалі. Дзякуй мужыку ейнаму, што папярэдзіў. Дык мы работы пакідалі, хуценька дадому кінуліся — чакаем. Але ж не ведаем, з якога боку яны будуць на нас нападаць, таму цэлую спецаперацыю арганізавалі. Дзяцей на веласіпедах паслалі ў розныя бакі. Мабільнікі ім далі, каб тэлефанавалі адразу, як толькі ўбачаць машыны. А самі — хто з калом, хто з віламі — вышлі бараніць свіней. Усе мужыкі вышлі! Наша вёска дружная, вы не думайце, хаця адна дурніца ўсё-ткі знайшлася.

І вось едуць. І міліцыя, і ветэрынары, і нейкія пры гальштуках. Мы сталі наўпрост упоперак дарогі, каб нават не даць уехаць у вёску. Старыя, маладыя, дзеці з веласіпедамі... Кажам: "Няма чаго вам тут рабіць, не хварэюць нашы свінні, не аддадзім".

Міліцыянеры — адразу ўбок (нічога дрэннага не скажу пра міліцыю). А ветэрынары ды тыя, ў гальштуках, давай пагражаць. "Не маеце права. Пасадзім. Аштрафуем. Загад. Супраціў асобам пры выкананні..."

Але мы сцяной стаім. Злосць нейкая і страху ніякага. "Не аддадзім і ўсё, едзьце адсюль".

Яны спрабуюць ехаць — мы насустрач з віламі. Спыняюцца, людзей душыць баяцца. Крык, мацюкі... Калі б Лукашэнка быў, то, можа б і парвалі яго людзі, не ведаю.

Бабы тым часам выганялі свіней ў калгасную кукурузу: пашчасціла, што поле прама за гародамі. Як справіліся — то і яны прыбеглі да нас. А ўжо дзе бабы — там гвалт такі, што не перадаць. Ветэрынар нейкай паперчынай трасе, а адна выхапіла ды на кавалкі. Яны яму і вочы гатовы былі выдраць, не тое што...

Карацей, гэтыя, са спецбрыгады, зразумелі, што тут ужо не свінні, а людзі забітыя могуць быць, і, відаць, спалохаліся.

"Добра, — кажуць. — Хаця б пакажыце, дзе свінню закапалі".

Ну, ўжо гэтую свінню мы ім аддалі. З ёй яны і паехалі.

Сваіх парсюкоў мы потым яшчэ ці не два дні па кукурузе вылоўлівалі. Усё поле яны патравілі. Дзякуй старшыні, і слова не сказаў, бо ўсё разумее — чалавек. А вось бабе той, што рэквізіцыю выклікала, цяпер ў вёсцы месца няма, людзі ў вочы плююць. Можа б, і хату спалілі, каб не мужык ейны.

Праўда, вось яшчэ што...

Усе навокал нашу гісторыю чулі, куды ні прыдзем — распытвалі. Толькі тут недалёка яшчэ адна вёска ёсць, з той жа фермы корм куплялі, дык і там (ужо пасля нас) усё роўна адна лярва актыўная знайшлася. У людзей усіх свіней знішчылі, жывымі палілі, бабкі прытомнасць гублялі. Што ўжо ёй будзе — не ведаю. Але, паглядзіце, нешта будзе. Людзі ёй не даруюць.

Ды і што яна нарабіла сваім доўгім языком? Навошта? Думала, калі закладзе, ейных свіней чапаць не будуць? Дык усіх знішчылі. І ейных знішчылі.

... Некалі бацька мне прытчу расказваў пра беларусаў: "Выклікаў Бог беларуса і кажа: "Прасі, што хочаш. Толькі твайму суседу я дам у два разы больш". Беларус падумаў і папрасіў: "Выкалі мне вока..."

Ну, што ж ёсць за людзі?!

* * *

Свінні ў людзей засталіся. Не ўсе, праўда. Што маглі змясціць у халадзільнікі ды маразільнікі — тое забілі. Астатніх гадуюць. Таму я дурніцай не буду і дзе ўсё гэта адбывалася, не скажу. Хіба толькі пазней, пісьменнікам. Падаецца, што з такімі сюжэтамі новы Мележ можа нарадзіцца. А то і Быкаў...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)