Общество
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Хворыя паміраюць. Лекары маўчаць

Дактары і Міністэрства аховы здароўя ўхіляюцца ад камэнтароў наконт таго, што азначае ўспышка пнэўманіяў у Беларусі.

Крыніца ў адным са шпіталёў Менску, якая прасіла не называць яе імя, распавяла Радыё Свабода:

— За выходныя дні 150 чалавек з пнэўманіяй у наш шпіталь паступіла. Наша аддзяленьне і дзьве пульманалёгіі цалкам забітыя. Гэта ўскладненьні грыпу. А ў хворых, якія памерлі, пацьвердзіўся сьвіны грып, нам так абвясьцілі.

— А шмат памерла?

— Чалавек дзевяць. У нас памерла тры альбо чатыры. А астатнія — у пятым шпіталі. Там жа з усіх мэдработнікаў узялі падпіску аб неразгалошваньні.усе падпісаліся.

Мы спрабавалі праверыць гэтую інфармацыю ў прыёмным пакоі шпіталя. На пытаньне, ці праўда, што за выходныя ў шпіталь паступіла каля 150 хворых з дыягназам “пнэўманія”, супрацоўніца адказала:

— Праўда. Шмат паступіла. Але я не на такой пасадзе, каб адказваць на такія пытаньні.

І паабяцала злучыць з галоўным лекарам шпіталя. Цягам дня ён слухаўку так і ня ўзяў, а 16-й гадзіне ў яго скончыўся працоўны дзень. Лекарка-тэрапэўт, якая заступіла на дзяжурства ад 16-й гадзіны, сказала, што пакуль не валодае сытуацыяй, і параіла зьвязацца ў аўторак з галоўным лекарам.

Супрацоўніца прэсавай службы Міністэрства аховы здароўя Раіса Чудук паведаміла Радыё Свабода:

— Вы можаце зьвярнуцца да нас зь пісьмовым запытам, такіх дадзеных у мяне пакуль няма.

— Што два аддзяленьні пульманалёгіі і нават рэўматалёгія запоўненая хворымі...

— Я таксама адсочваю навіны, а нешта падобнае дзесьці бачыла. Да нас у прэс-службу дадзеных такога кшталту яшчэ не паступала. Я думаю, што мы падрыхтуем прэс-рэліз, вывесім яго на сайце, бо запытаў вельмі шмат.

Мэдык, якая працуе ў шпіталі, распавяла і пра іншыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца лекары:

— Нас маскамі не забясьпечваюць. Лекаў не хапае.

— А чым вы лечыце?

— У нас ідзе ўжо ўскладненая пнэўманія, таму выкарыстоўваем антыбіётыкі: цэптрыаксон, цэптрафасфат (цэфаласпарыннага шэрагу, гэта ўсё беларускія прэпараты). А імпартныя прэпараты вельмі дорага каштуюць, іх няма. Хворым два разы на суткі даем вельмі вялікія дозы антыбіётыкаў.

У аптэках сталіцы няма масак і назіраюцца перабоі зь недарагімі супрацьвіруснымі сродкамі беларускай вытворчасьці, кшталту арпітолу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)