Общество
Генадзь Косараў, «Завтра твоей страны»

Хваля затрыманняў можа павялічыцца

За апошнія два дні супрацўнікі беларускіх спэцслужбаў затрымалі ўжо 7 дэмакратычных актывістаў, якіх падазраюць у спрычыненьні да выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня. Што будзе далей з затрыманымі і як будуць разьвівацца падзеі найбліжэйшым часам, разважаюць экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.

Як адзначае юрыст Валянцін Стэфановіч, паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэкса актывістаў могуць пратрымаць у ізалятары на Акрэсьціна да прад’яўленьня ім абвінавачаньня – да дзесяці сутак.

-- Па заканчэньні гэтага тэрміну сьледчыя органы павінныя альбо выставіць абвінавачаньне, альбо адпусьціць затрыманых, - адзначае праваабаронца. – Таму перад сьледствам стаіць вельмі складаная і канкрэтная задача: за дзесяць дзён сьледчыя мусяць назьбіраць дастаткова матэр’ялу для прад’яўленьня гэтага абвінавачаньня. І трэба сказаць, што, у прынцыпе, пастановы сьледства аб прыцягненьні ў якасьці падазраваных вельмі нематываваныя, там напісана, што, дзе адбылося, што чалавек падазраецца, але ў чым канкрэтна, ці паказалі на яго сьведкі, - не. Тады ў чым падазрэньне? Цяжка сказаць, як будуць разгортвацца падзеі, хаця нас як праваабаронцаў вельмі турбуе, што менавіта палітычная вэрсія зараз распрацоўваецца сьледствам, і прадстаўнікі апазыцыйных групаў, партыяў, прадстаўнікі апазыцыйнае моладзі актыўна затрымліваюцца, прэсуюцца і гэтак далей.

-- Мы сёньня абмяркоўвалі гэтую праблему з калегамі-юрыстамі, і нам незразумела, чаму затрыманыя знаходзяцца на Акрэсьціна, бо звычайна там месьцяць затрыманых па адміністратыўных справах, - адзначае былы сьледчы пракуратуры Алег Волчак. – А калі затрымліваюць па такіх гучных справах, то людзей трымаюць у камэры папярэдняга зьняволеньня ГУУС. Магчыма, іх ужо завочна абвінавацілі ў дробным хуліганстве, каб потым апраўдацца, калі тыя затрыманыя ня будуць прызнаныя спрычыненымі да выбуху. Таму абсалютна незразумела, на якой падставе іх утрымліваюць, бо высокія чыны цьвердзяць, што гэтыя людзі ня ёсьць падазраванымі. Тады на якой падставе яны “сядзяць”? Мы ўжо бачым, якая актыўная праца йдзе па рэгіёнах, як дапытваюць актывістаў “Маладога Фронту”. Я думаю, што сілавыя структуры цяпер спрабуюць паказаць, што гэта ёсьць радыкальныя групы апазыцыі. Гэта самы просты спосаб апраўдацца перад кіраўніком дзяржавы.

-- Яшчэ ў панядзелак Лукашэнка ўчыніў разнос усім сілавікам, сказаў, што прайшло столькі часу, а вы нікога не знайшлі, і вось зараз яны выпраўляюць сваю памылку і пачалі хапаць усіх, хто трапляе пад руку, - падкрэсьлівае палітоляг Валеры Карбалевіч. – Сілавікі выконваюць каманду, імітуюць, што яны вельмі добра працуюць, як гэта ў нас звычайна адбывалася ў Беларусі яшчэ за савецкімі часамі. Таму і адбылося так, што цяпер ужо ёсьць пра што дакласьці начальству. Я вельмі баюся, каб пад такім ціскам нашыя праваахоўныя органы не прызначылі злачынцу, прымусілі яго прызнацца, потым – закрыты суд, усе задаволеныя, апроч таго няшчаснага небаракі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч прагназуе, што хваля затрыманьняў найбліжэйшым часам пашырыцца. “Я мяркую, што сёньняшнія лічбы затрыманых ня ёсьць канчатковымі, а колькасьць затрыманых можа павялічыцца да дзесяці – пятнаццаці чалавек”, -- падкрэслівае юрыст.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)