Экономика

Павел Кірылаў, Новы час

Хто заплаціць за сарваны адпачынак?

Падарожжы — гэта не толькі задавальненне ды новыя ўражанні, але і грашова-арганізацыйныя турботы. У хуткім часе будзе прыняты новы закон «Аб турызме», і асноўныя змены ў ім якраз датычаць розных непрыемнасцяў, якія могуць быць звязаныя з адпачынкам. 

Улетку з ініцыятывы Міністэрства спорту і турызму прайшло грамадскае абмеркаванне дакумента, які, паводле гэтага ведамства, «накіраваны на ўдасканаленне механізмаў вядзення турыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама абароны правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў турыстычных паслуг». Праз некаторы час пасля разгляду ў Савеце міністраў закон «Аб турызме» накіруюць у Палату прадстаўнікоў. Магчыма, з наступнага лета ён уступіць у сілу. Але гэта не дакладна, бо, бадай, самае істотная навацыя ў законе — адначасова і самая дыскутаваная, а таксама дастаткова складаная для ажыццяўлення.

Гаворка вядзецца пра абавязак турыстычных фірмаў мець фінансавыя гарантыі дзеля абароненасці кліентаў ад раптоўных збанкрутаванняў ды розных неспадзяванак ці ў час, калі мы рыхтуемся да арганізаваных вандровак, ці ўжо калі мы падарожнічаем-адпачываем у межах тураў.

Такая практыка дзейнічае шмат у якіх краінах у розных фарматах. У праекце нашага закона «Аб турызме» прапісаныя тры магчымыя варыянты, з якіх турфірмам можна будзе выбраць той, што найбольш пасуе: банкаўская гарантыя, страхаванне грамадзянскай адказнасці або ўдзел у фармаванні калектыўнага фонду персанальнай адказнасці тураператараў.

Прычым, гэта будзе абавязковай умовай для вядзення бізнесу на турыстычным рынку. У Міністэрстве спорту і турызму лічаць, што самым папулярным варыянтам будзе трэці — фондавы, як самы просты. Прынамсі, бліжэйшым часам.

Бо банкаўская гарантыя — рэдкая справа ўвогуле ў беларускім бізнесе, як і страхаванне грамадзянскай адказнасці тураператара. Але гэтыя механізмы адмысловыя структуры маюць намер прапрацаваць, улічыўшы ўсе магчымыя нюансы.

Працяг артыкула чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(5)