Аліна Таранік, фота Сяргея Ягелы
«Хто ведае, што цябе не затрымаюць заўтра?»

Штотыднёвыя акцыі маўклівага пратэсту ў Беларусі заканчваюцца масавымі затрыманьнямі. Брутальныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным справакавалі хвалю салідарнасьці з асуджанымі. Маладзёны, што дапамагаюць «сутачнікам», падзяліліся цікавымі гісторыямі, назвалі прычыну, якая падштурхнула валантэрыць ды апісалі свой «дзяжурны» дзень.

Думка пра тое, што трэба падтрымліваць затрыманых, што намаганьні павінны быць скаардынаваныя, зьявілася пасьля судоў за маўклівую акцыю 29 чэрвеня. Будучыя валантэры заўважылі, што ў сьпісах Маскоўскага РАУСу былі прозьвішчы толькі пятнаццаці чалавек, а пратаколаў было складзена каля пяцідзесяці. Маладзёны вырашылі высьвятліць, каго затрымалі і колькі чалавек. З таго і пачалося.

Дапамога арганізавалася ад першых штрафаў ды затрыманьняў. Самых актыўных валантэраў, так бы мовіць, каардынатараў – шэсьць чалавек: Алеся, Максім, Дамініка, Наста, а з часам да іх далучыліся Сяржук ды Адарка, якія дапамагалі яшчэ сьнежаньскім вязьням.

Адарка, Сяржук, Дамініка на Акрэсьціна

Адарка распавяла, што ўпершыню з такой нялюдскасьцю яна сутыкнулася ўзімку. З таго часу і спрабуе дапамагчы, чым можа. «Валантэры ня менш за сядзельцаў ды сваякоў, напэўна, маюць псыхалягічную патрэбу ў аказаньні дапамогі... Бо калі сядзіш дома, чытаеш навіны, пачынаеш паціху вар'яцець. Гэта як у экзыстэнцыялістаў», – кажа Адарка.

На Акрэсьціна ды ў Жодзіна прыходзіцца дзяжурыць пазьменна. Дамініка апісала свой расклад: «Самымі напружанымі былі першыя дні, калі і ў Жодзіна садзілі, і на Акрэсьціна. І паўсюль трэба было пасьпець. То бок раніцай лячу на Акрэсьціна гадзіны да дзевятай. Там адбываецца раздача перадачак, апытаньне бацькоў – хто прыйшоў, а хто – не. Апошнім часам бацькі пайшлі насустрач: бяруць і для сваіх перадачы, і для іншых. Таксама больш арганізавана зь перадачамі стала: раней прыходзілася чакаць да пятнаццатай гадзіны, каб высьветліць, каму перадавалі, а каму – не, а потым высьвятлялася, што тэрмінова трэба 80 перадачак везьці.

Часамі трэба сустрэць тых, каго вызваляюць у Жодзіна, бо калі выходзяць 50-70 чалавек, натуральна, што не па ўсіх на машыне прыедуць. А апынуцца без тэлефонаў ды бяз грошай у незнаёмым горадзе даволі непрыемна...

Увечары вяртаюся дадому пасьля дзесятай. А потым ужо паводле наступнай схемы: цела прыйшло, цела павячэрала, напісала нейкія скаргі або дапамагло бацькам, і пайшло спаць. А раніцай – знову пад'ём».

Са слоў валантэркі, стома хоць і адчуваецца, але найцяжэй прыходзіцца ў псыхалягічным пляне, бо можна наслухацца розных гісторыяў. Адзін з «выпускнікоў», да прыкладу, распавёў пра сукамэрніка - малога хлопчыка, якога пасадзілі на 2 гады за тое, што ён скраў кавун. «Уявіце, два гады за нейкую ягадку! Сапсуюць дзіця ўшчэнт», – абураецца Дамініка.

З назіраньняў валантэркі, бацькі, людзі, якія спачуваюць, вельмі мяняюцца ў параўнаньні з тым жа сьнежнем. Цяпер яны больш шчырыя ды рашучыя.

«Мы толькі разам нешта можам. Калі ёсьць адна-дзьве гадзінкі часу, чаму не дапамагчы? Хто ведае, што цябе не затрымаюць заўтра?» – кажа дзяўчына.

На фота на першым пляне зьлева направа: Наста, Алеся, Максім, Дамініка; ззаду – браты Дварэцкія, якія атрымалі за ўдзел у акцыі 22 чэрвеня штрафы па 25 базавых велічыняў.

Наогул валантэрства – гэта ня толькі перадачы. Адарка патлумачыла, што «акрамя гэтага ёсць збор інфармацыі па РАУСах, судах, сайт. Нядаўна пачалі супрацоўнічаць з "анёламі", якія маюць старонку ў інтэрнэце, дзе зьмешчаныя дадзеныя пра сядзельцаў».

Нягледзячы на працаёмкія дні дапамогі асуджаным, Дамініка не наракае на свой расклад. «Быў такі выпадак, калі падыходзіць жанчына з тэрмасам пасьля масавых затрыманьняў і кажа: трымайце, толькі гэта вам, а не для перадачаў. Папіце кавы на абед! Ну і як ад гэтага ўсяго адмовіцца, калі людзі настолькі ідуць насустрач», – з усьмешкай кажа валантэрка.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)