Политика

Хто ў чацьвёртым пакеце санкцыяў (дапоўнена)

На пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму, пiша Радыё Свабода.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, будзе сёньня апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набудзе моц.

Публікуецца ўвесь санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, якi абнаўляецца:

Судзьдзі, сьледчыя і пракуроры

Натальля Бугук, судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску. Вынесла прысуд журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

Аліна Касьянчык, памочніца пракурора ў судзе Фрунзэнскага раёну, удзельніца палітычна матываваных справаў супраць удзельнікаў мірных пратэстаў.

Ігар Курыловіч, старшы сьледчы Сьледчага камітэту ў Фрунзэнскім раёне Менску. Адказны за завядзеньне палітычных крымінальных справаў.

Сяргей Шаціла, судзьдзя Савецкага раёну Менску. Адказвае за шматлікія палітычна матываваныя пастановы супраць пратэстоўцаў, у прыватнасьці Натальлі Хершэ, Дзьмітрыю Галко і Дзьмітрыю Караткевічу.

Анастасія Ачалава, судзьдзя Ленінскага раёну Менску. Палітычна матываваныя прысуды супраць журналістаў, пратэстоўцаў, пэнсіянэраў, у прыватнасьці чальца Каардынацыйнай рады Дзьмітрыя Крука.

Марыя Ярохіна, судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску. Выносіла палітычныя прасуды спартоўцам, прафсаюзным дзеячам, журналістам, у прыватнасьці фатографу Ўладзю Грыдзіну.

Юлія Блізьнюк, судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску. Выносіла прысуды супраць журналістаў, актывістаў і пратэстоўцаў, у прыватнасьці Арцёму Хвашчэўскаму, Арцёму Саўчуку, Максіму Паўлюшчыку.

Анастасія Кулік, судзьдзя Першамайскага раёну Менску. Шматлікія палітычныя прысуды, у прыватнасьці адказная за зьняволеньне Аляксандра Захарэвіча.

Максім Трусевіч, судзьдзя Першамайскага раёну Менску. Палітычныя прысуды актывістам, лідэрам апазыцыі і журналістам.

Тацяна Матыль, судзьдзя Маскоўскага раёну Менску. Адказная, у прыватнасьці, за прысуды Міколу Статкевічу і журналісту Аляксандру Баразенку.

Аляксандар Рудзенка, намесьнік старшыні Кастрычніцкага суду Менску. Адказвае за палітычна матываваныя пастановы супраць журналістаў, актывістаў, у прыватнасьці штрафы пэнсіянэрам і інвалідам, прысуд Людміле Казак, адвакатцы Марыі Калесьнікавай.

Аляксандар Воўк, судзьдзя Савецкага раёну Менску. Прысуды супраць мірных дэманстрантаў, у прыватнасьці сёстрам Анастасіі і Вікторыі Міронцавым.

Вольга Няборская, судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менску. Вынесла прысуды Соф'і Малашэвіч і Ціхану Клюкачу.

Марына Запасьнік, намесьніца старшыні Ленінскага суду Менску. Палітычыя прысуды Ўладзіславу Зяневічу, Вользе Паўлавай, Вользе Класкоўскай, Віктару Барушку, Сяргею Раткевічу, Аляксею Чарвінскаму, Андрэю Хранкову, студэнту Віктару Актыставу і непаўналетняму Максіму Бабічу.

Максім Філатаў, судзьдзя ў Лідзе, Горадзенская вобласьць. Шэраг палітычных судоў, у прыватнасьці прысуд Вітольду Ашурку.

Андрэй Грушко, судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця. Вынес шэраг палітычна матываваных прасудаў.

Дзьмітрый Гара, старшыня Сьледчага каміэту. Нясе адказнасьць за палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць мірных пратэстоўцаў, журналістаў, звычайных грамадзян. Удзельнічаў у справе Сяргея Ціханоўскага.

Аляксей Стук, намесьнік генэральнага пракурора. Нясе адказнасьць за палітычныя рэпрэсіі.

Генадзь Дыско, намесьнік генэральнага пракурора. Удзельнічаў у ініцыяваньні справы супраць Сяргея Ціханоўскага.

Дэпутаты

Сьвятлана Любецкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. На пасадзе старшыні парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве адказвае за прыняцьце новага кодэксу РБ аб адміністрацыйных парушэньнях, які дазваляе адвольныя арышты і павышае адказнасьць за ўдзел у масавых мерапрыемствах.

Аляксей Ягораў, чалец Палаты прадстаўнікоў, сябра камісіі заканадаўства. Адказны за прыняцьце новага Адміністрацыйнага кодэксу.

Аляксандар Амельянюк, чалец Палаты прадстаўнікоў. Сябра камісіі заканадаўства. Адказны за прыняцьце новага Адміністрацыйнага кодэксу.

Дзяржаўныя СМІ і прапаганда

Андрэй Мукавозчык, палітычны аглядальнік «Беларусь сегодня». Зьяўляецца адным з галоўных дзяржаўных прапагандыстаў, які апраўдвае рэпрэсіі і публікуе фэйкі.

Сяргей Гусачэнка, намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Адказвае за падачу хлусьлівай інфармацыі аб выніках прэзыдэнцкіх выбараў, пратэстах і рэпрэсіях.

Генадзь Давыдзька, чалец Палаты Прадстаўнікі, старшыня Камітэту па правах чалавека і СМІ. Адзін з асноўных прапагандыстаў рэжыму. Часта карыстаўся мовай варожасьці і заахвочваў да гвалту супраць мірных дэманстрантаў.

Набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцы

Міхаіл Гуцэрыеў. У санкцыйным дакумэнце: «Дзякуючы сяброўству з Лукашэнкам назапасіў значнае багацьце і ўплыў сярод палітычнай эліты ў Беларусі».

Расейскі алігарх, старшыня рады дырэктараў групы «Сафмар» і нафтагазавай кампаніі «РуссНефть», ягоны асабісты капітал ацэньваюць у 2 мільярды даляраў. Сяброўства Лукашэнкі і Гуцэрыева пачалося ў 2000-х гадах, калі алігарх стаў прэзыдэнтам кампаніі «Славнефть»; тады ён заняўся будаўніцтвам нафтабазаў і бэнзастанцыяў у Беларусі.

Падчас эпідэміі першай хвалі каранавірусу летась менавіта Гуцэрыеву паказальна тэлефанаваў Лукашэнка і прасіў дапамагчы з мэдыцынскай тэхнікай.

У Гуцэрыева ёсьць бізнэс-інтарэсы і ў Беларусі, ён адзін з інвэстараў кампаніі VP Capital, якой валодае Віктар Пракапеня. У Менску Гуцэрыеў пабудаваў гатэль «Рэнэсанс» і базу адпачынку ў Краснасельскім. Апроч таго, Гуцэрыеў зьяўляецца інвэстарам рудніку ў Любані, які цяпер будуецца.

Аляксей Алексін. У санкцыйным дакумэнце: «Ён падтрымлівае цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынам і былым дарадцам па нацыянальнай бясьпецы Віктарам Лукашэнкам».

Адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў у Беларусі, які атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сфэры гандлю тытунём. Гэта ягоныя «Табакеркі» зьяўляюцца цяпер па ўсёй Беларусі.

Саўладальнік кампаніі «Брэміна Груп», якая зьяўляецца буйным лягістычным апэратарам.

Аляксандар Зайцаў. У санкцыйным дакумэнце: «Праз доступ да сям'і Лукашэнкі Зайцаў атрымлівае выгадныя кантракты для свайго бізнэсу».

Буйны бізнэсовец, ягоныя інтарэсы — гандаль з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і краінамі Афрыкі. Ягоная кампанія Sohra Overseas пазыцыянуе сябе як асноўны пастаўшчык цывільнай прадукцыі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў у краіны Пэрсыдзкай затокі і Афрыку.

Лілія Лукашэнка. Жонка старэйшага сына Лукашэнкі Віктара, зьвязаная з шэрагам кампаній, якія маюць бонусы ад Аляксандра Лукашэнкі, а менавіта Dana Holding/Dana Astra.

Лілія Лукашэнка доўгі час працавала намесьніцай дырэктара гэтай кампаніі. Ёй валодаюць дзьве кіпрскія кампаніі. Галоўнымі ж уладальнікамі «Дана Астра» лічацца сэрбскія прадпрымальнікі браты Карычы.

Сяргей Цяцерын. У санкцыйным дакумэнце: Набліжаны да атачэньня Лукашэнкі.

Кіраўнік кампаніі «Белглобалстарт», асноўны напрамак кампаніі — продаж алькаголю. Сяргея Цяцерына называюць блізкім сябрам Аляксандра Лукашэнкі, іх неаднойчы заўважалі разам на спартовых турнірах. Цяпер Сяргей Цяцерын таксама ўзначальвае Беларускую фэдэрацыю тэнісу.

***

Раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады знайшліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швэд і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(36)