Общество

Хто такі Акрэсцін

З чым імем цяпер асацыюецца самы вядомы ізалятар у Беларусі. Пiша Наша Нiва.

Назва «Акрэсціна» ужо стала сімвалам, звязаным з пераследам за палітычныя перакананні. Гаворка пра ізалятар часовага ўтрымання, размешчаны на завулку Акрэсціна ў Мінску. Расказваем, у гонар каго яго назвалі.

Барыс Акрэсцін — франтавы лётчык, герой Савецкага Саюза, які пражыў усяго 21 год

Нарадзіўся ён у Маскве ў 1923-м у сям’і рабочага. Усё яго жыццё было звязана з авіцыяй, вельмі папулярнай сярод савецкіх маладзёнаў. Акрэсцін вучыўся ў аэраклубе, працаваў авіятэхнікам і лётчыкам-інструктарам. У 1942-м яго прызвалі ў Чырвоную армію.

Ваяваў пад Сталінградам, вызваляў Украіну і Беларусь. Меў званне старэйшага гвардыі лейтэнанта, з'яўляўся намеснікам камандзіра эскадрыллі.

Акрэсцін пачынаў на самалётах лёгкіх У-2 у палку начных бамбардзіроўшчыкаў. Потым перавучыўся на штурмавік Іл-2.

Барыс лічыўся майстрам бамбардзіровак аэрадромаў і чыгуначных эшалонаў.

Таму яго «статыстыка» цалкам лагічная. На канец 1943-га на яго рахунку было больш за 40 танкаў, вялікая колькасць іншай баявой тэхнікі. Сярод іншага, Акрэсцін удзельнічаў у вызваленне ўсходняй Беларусі: бамбардзіраваў эшалоны праціўніка на ўчастку чыгункі Орша — Талачын.

Сваю заслужаную зорку Героя Савецкага Саюза лётчык атрымаў за бездакорнае выкананне загадаў камандавання, асабістую адвагу і гераізм.

Акрэсцін загінуў 6-га ліпеня 1944 года, праз тры дні пасля вызвалення сталіцы. Тое адбылося на 20 км на паўднёвы ўсход ад Мінска (побач з вёскай Апчак).

Савецкая авіяцыя імкнулася ліквідаваць варожую групоўку, якая прарывалася з мінскага «катла» (то бок з атачэння). Самалёт Акрэсціна падбілі, але лётчык накіраваў ахопленую агнём машыну на калону праціўніка.

Праз тры дні, 9-га ліпеня савецкія войскі трапілі ў тых мясцінах у лагер нацыстаў, цалкам знішчаны савецкай авіяцыяй. Як пісаў у дакладной запісцы кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка, там знаходзілася каля 5 тысяч трупаў нацыстаў. Сярод знішчанай вайсковай тэхнікі знайшлі і рэшткі Барыса Акрэсціна, якога ўрачыста перапахавалі ў сталіцы на Вайсковых могілках.

Помнік Акрэсціну і іншым лётчыкам ля гімназіі. Фота aircraft-museum.ucoz.ru

У гонар Акрэсціна названа сталічная гімназія № 30, што на вуліцы Куйбышава. Каля яе знаходзіцца самалёт, а таксама помнік уласна Акрэсціну і яшчэ дзевяці лётчыкаў, якія загінулі ў паветраных баях супраць нацыстаў. Таксама ў яго гонар названыя вуліцы ў Лідзе і ў Мінску (у дадатак на завулка), сквер побач з апошняй.

На жаль, апошнім часам ягонае імя ўсё часцей гучыць у памяці не ў сувязі з геройскімі ўчынкамі на вайне, а ў сувязі з катаваннямі, якія адбываюцца ў ізалятары, што знаходзіцца на завулку, названым у ягоны гонар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(78)