История

Андрэй Кныш

Хто прыносіць маленькім беларусам падарункі ў навагоднюю ноч

Згадваем і параўноўваем даўнія і сучасныя святочныя традыцыі.

Сённяшнія дзеці чакаюць у навагоднюю ноч падарункі ад Дзеда Мароза і Святога Мікалая. Дзед Мароз і Снягурка вітаюць маленькіх гасцей у адмысловай рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы. Яны прыходзяць да маленькіх беларусаў у садкі і школы, на адкрыццё гарадскіх ялінак.

Пад Паставамі побач з вёскай Азяркі месціцца сядзіба Зюзі Паазерскага. Гэта ці не самы беларускі вобраз казачнага ўладара мароза і завірухі.

І, як кажуць, няма роду без выроду — на сумнавядомай «Лініі Сталіна» ёсць свой «дзед мароз». Але тут ужо гаворка пра сумленне бацькоў, якія выхоўваюць сваіх дзяцей пры дапамозе такіх сумнеўных атракцыёнаў.

Як бачым, выбар у сённяшніх беларусаў ёсць. І залежыць ён ад выхавання, густаў і канфесійнай прыналежнасці — напрыклад, Святога Мікалая ў якасці каляднага героя шануюць найперш каталікі і пратэстанты.

Адзначым толькі, што традыцыя дарэння падарункаў на Каляды і Новы год адносна новая для беларусаў, а згаданыя вышэй зімовыя героі былі такімі не заўсёды.

Зюзя быў не такім добрым, як ягоны нашчадак з Паазерскай рэзідэнцыі

Наш край здаўна быў вядомы суровымі зімамі, таму і звязаныя з імі міфічныя вобразы не вылучаліся лагоднасцю характараў. Магчыма, таму ў даўнейшай беларускай традыцыі і не існавала персаніфікаванага вобраза, звязанага з дарэннем падарункаў.

Хутчэй, наадварот. Нашым продкам, даводзілася залагоджваць валадара зімы, каб не памарозіў скаціну і збажыну.

— Мароз, Мароз! Хадзі куццю есці! Каб ты не марозіў ячменю, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць! — казалі на Каляды.

І пакідалі для Мароза пачастунак — куццю. Лічылася, што частаванне яму спадабалася, калі на наступны ранак надвор’е мякчэла. А як пачыналася завіруха, ці прыходзілі траскучыя маразы, то людзі меркавалі, што бог зімы не ацаніў куццю.

Той жа Зюзя (або Мароз, ці Ледзяны Дзед) паводле паданняў меў непрадказальны і гарачы характар. Імя ягонае пайшло ад слова «зюзець», што азначала калець ад марозу, мерзнуць.

Нізкі, з вялікай лысінай. Апраўнаўся цёпла, але хадзіў басанож і без шапкі. Нашыя продкі ставіліся да яго з сумессю страху і павагі. Для Зюзі куццю пакідалі на асобным стале.

Святы Мікалай, насуперак сучасным навагоднім завядзёнкам, падарункі не дарыў. Але характар меў добры і спагадлівы. Традыцыя шанавання яго на беларускіх землях вымяраецца стагоддзямі, з моманту прыходу сюды хрісціянства.

Менавіта Святы Мікалай лічыцца продкам сучасных Санта Клаўса і Дзеда Мароза, якія і прыносяць падарункі дзецям. Раней жа ім даводзілася літаральна выпрошваць падарункі і пачастункі. Для гэтага дзеці ішлі калядваць па дамах.

Калядныя абрады ў Строчыцы, архіўнае фота

Пра тое, як даўней калядавалі нашы продкі, а таксам пра розніцу паміж Калядамі і Раством, чытайце ў нашым даўнім артыкуле.

Дзед Мароз у якасці навагодняга персанажа, які кладзе падарункі для дзяцей пад ялінку, на нашых землях з’явіўся адносна нядаўна. Дагэтуль жа ён быў усё тым жа сімвалам зімы — суровай, сцюдзёнай і снежнай.

У новай якасці ў масавай свядомасці ён пачаў замацоўвацца на сутыку ХІХ і ХХ стагоддзяў, калі тагачасная тэрыторыя Беларусі належала да Расійскай імперыі. І канчаткова прыжыўся ў такім вобразе ўжо ў савецкі перыяд нашай гісторыі, канчаткова набыўшы свецкі характар. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(11)