Общество
Павел Свярдлоў, Еўрарадые

Хто і для чаго набывае долары ў абменніках?

Людзі бягуць да банкаў, як толькі курс скача ўверх. Пенсіянеры набываюць па 50-100 долараў, супрацоўнікі банкаў — хаця б па 10.

Мужычна, які стаіць перада мной у чарзе да касы “Белаграпрамбанка”, кладзе на дэпазіт 236 мільёнаў рублёў. Я, хто прыйшоў у банк здаць свае сціплыя 100 долараў, дзіўлюся яго смеласці. А літаральна на наступны дзень дзіўлюся статыстыцы Нацбанка, паводле якой у верасні беларусы набылі на 330 мільёнаў долараў больш, чым прадалі.

Няўжо ў абменніках сапраўды ажыятаж? Крыніца ў адным з камерцыйных банкаў адказвае Еўрарадыё, што надзвычайнага попыту на валюту не назіраецца: “Попыт мы назіраем заўсёды. І два тыдні таму, і тры, і месяц, і два месяцы, і паўгода”.

У іншым банку кажуць, што па валюту ідуць хвалямі і ўсё залежыць ад скачкоў курса: “Яно наплывамі ідзе. Калі курс крыху скокне, адразу ідуць і набываюць. Калі крыху на месцы ці слабее — здаюць. Няма такой тэндэнцыі, каб увесь час хадзілі і здавалі”.

У адным з вялікіх аддзяленняў “Беларусбанка” Еўрарадыё супакойваюць: валюты хапае: “У нас калі чалавеку трэба, ён бярэ столькі, колькі хоча. Часам набываюць — і адразу ж кладуць на дэпазіт. Толькі такія варыянты. У нас такога няма, каб ажыятаж нейкі”.

Кажуць, ёсць і такія, хто набывае адразу па тысячы долараў. Але з большага валюту бяруць па дробязі: “Як звычайна, набываюць на нейкія пакупкі, для разлікаў. На падарунак, напрыклад”.

Не грэбуюць самымі дробнымі порцыямі валюты і самі супрацоўнікі банкаўскіх аддзяленняў: “Я, можа, магу 10 долараў сёння набыць. А больш не магу набыць. Але ж гэта не кажа, што я іх запіхваю ў панчоху. Проста набываеш і ўсё!”

Рэгулярна набываюць долары ў беларускіх банках... пенсіянеры! Замежнай валютай яны разжываюцца адразу ж, як атрымліваюць пенсію. Не адыходзячы ад касы: “На палову долары набываюць. Палову на ўклад у беларускіх рублях пераводзяць. Палову за камунальныя паслугі. Але гэта назіралася і да сённяшняй сітуацыі”.

У банках кажуць, што пенсіянеры набываюць долары часта, але няшмат: “У нас пенсіянеры для чаго валюту набываюць? Збіраюць проста. Каб пахавалі іх! Вось проста пра запас бярэ, але ж не многа: 50, ну самае большае — 100 долараў”.

У банках падкрэсліваюць, што рублёвыя ўнёскі застаюцца вельмі выгаднымі. Каб выйсці ў плюс па рублёвым дэпазіце пад 46% гадавых, долар мусіць падаражэць за месяц не больш чым на 350 рублёў. А пакуль што долар даражэе на 100 рублёў за месяц. Супрацоўнікі банкаў прызнаюць, што смельчакі добра рызыкуюць: “У каго ляжалі беларускія, ніхто іх асабліва і не забіраў. Хто трымаў на рублях, той і трымае. Але не скажу і што ў каго ляжала валюта, тыя пераводзяць у рублі. Нехта рызыкуе, каб зарабіць, а нехта хоча захаваць”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)