Скандалы
Уладзімір Валодзін, «Новы час»

Хто давёў да самагубства студэнта-філосафа?

26 ліпеня 1984 года, каля 16 гадзін, з акна апошняга паверха галоўнага корпуса БДУ выкінуўся былы студэнт філасофскага аддзялення гістфака Алег Малашчук. Гэта самагубства амаль ніхто не заўважыў.

Аднакурснікі Малашчука на той момант ўжо скончылі ўніверсітэт, іншыя студэнты былі на вакацыях, выкладчыкі — у адпачынках. А рэктарат пастараўся не надаваць справе розгаласу, што не дзіўна.

Усё пачалося ў красавіку 1981 года. Узгадвае Віктар Ламака, тады студэнт ІІ курсу: «Аднойчы Анатоль Агапеевіч Круглоў вёў семінар па навуковым атэізме, і я ў яго нешта спытаў. Але замест адказу пачуў: «Ламака, ты дурак или притворяешься?» Мы выйшлі на перапынак. І нашы дзяўчаты пачалі абурацца: «Што гэта ён сабе дазваляе?!» Ну, і пайшло, сталі ўзгадваць, хто з выкладчыкаў мае якія хібы».

Неўзабаве ўтварылася група па напісанні калектыўнага звароту, у якім былі б пералічаныя ўсе крыўды і пажаданні студэнтаў. Да складання звароту далучыліся муж другакурсніцы Іны Войцкай студэнт IV курсу Валеры Залатар ды яго сябры. Зварот пісалі ў Крыжоўцы, дзе жылі Іна і Валеры. У працэсе ўдзельнічалі яшчэ і студэнткі ІІ курсу Ірына Нікіціна і Галіна Квасіновіч.

На жаль, тэкст калектыўнага звароту страчаны, таму поўны спіс патрабаванняў немагчыма аднавіць. Архіўныя дакументы (пратаколы партыйных і камсамольскіх сходаў) кажуць пра два галоўныя патрабаванні: вольнае наведванне заняткаў і стварэнне камітэта студэнцкага кантролю за навучальным працэсам. Але агульная колькасць пунктаў набліжалася да тузіна.

Студэнты прасілі замяніць некаторых выкладчыкаў; развесці ў часе спецкурсы па філасофіі і сацыялогіі, каб мець магчымасць наведваць дадаткова спецкурсы не свайго профілю; скараціць колькасць гадзін на гісторыю КПСС і павялічыць на філасофскія дысцыпліны. Турбавалі студэнтаў і бытавыя праблемы: некаторыя заняткі праходзілі ў аўдыторыі пад спартзалай, і шум не даваў сканцэнтравацца; графік заняткаў у другую змену быў нязручны.

Працяг артыкулу чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)