Хто аплаціў беларускую пазыку за газ?

Ні Белтрансгаз, ні Нацбанк, ні Мінфін, ні Мінэнерга не ведаюць, адкуль узяліся грошы, каб разлічыцца з “Газпромам”. У сераду Беларусь паведаміла, што цалкам разлічылася з пазыкай за газ “Газпрому”. Еўрарадыё вырашыла даведацца: адкуль у краіны ўзяліся грошы?

Здаецца, нічога складанага ў гэтым пытанні няма. Сам прэзідэнт на мінулым тыдні даў загад “узяць з рэзерваў гэтыя грошы і заплаціць ім гэтыя 460 мільёнаў долараў. Вядома, мы агаляем рэзервы. Але гэта не сума для краіны”. Аднак золатавалютны запас дзіўным чынам не агаліўся. Наадварот, за апошні месяц павялічыўся на 200 мільёнаў долараў.

Па словах кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча, сёння ён ужо склаў 3 мільярды долараў. Хаця дасягнуць гэтай лічбы планавалася толькі ў канцы года. Такім чынам, Беларусь з пазыкай разлічылася, а грошай стала болей. Адкуль?

Эканаміст Леанід Заіка тлумачыць сітуацыю наступным чынам.

Леанід Заіка: Справа ў тым, што золатавалютны рэзерв – гэта проста забеспячэнне Нацбанка. Нацыянальны банк не аплочвае рахункі ўраду, яны адасоблены адзін ад аднаго. Гэтую запазычанасць аплочвалі гаспадарчыя суб’екты і ўрад. Грошы былі ўзятыя з той сумы, якую мы атрымалі за частку “Белтрансгазу”.

У ліпені мы атрымалі ад “Газпрома” першы транш, які склаў 625 мільёны долараў. Расія спадзявалася, што з гэтых 625 мільёнаў 500 мы ім вернем. Але мы вырашылі абдурыць рускіх, ды ўрэшце яны прымусілі нас гэтыя грошы вярнуць.

Цікава, што ў Нацбанку тлумачаць павелічэнне золатавалютнага запасу краіны таксама менавіта грашыма, атрыманымі за акцыі Белтрансгаза... Як даведалася Еўрарадыё, Беларусь не спяшалася скарыстацца сваім золатавалютным запасам таму, што гэтыя рэзервы прыносяць прыбытак. Бо грошы змяшчаюцца не ў скляпеннях Нацбанка, а ў замежных банках.

Леанід Заіка: Частку золатавалютнага рэзерву можна захоўваць у залатых злітках у скляпеннях Нацбанка, але грошы павінны працаваць. Іх змяшчаюць у каштоўныя паперы за мяжой. Гэта можа быць 2-3% гадавых. З нашым цяперашнім рэзервам гэта атрымліваецца 50-60 мільёнаў у год, не болей.

Для параўнання, у месяц Беларусь выдаткоўвае на газ у тры разы болей грошай. Да таго ж, калі карыстацца методыкай Міжнароднага валютнага фонду, атрымаецца, што наш золатавалютны запас будзе яшчэ меншым. Уся справа ў тым, дзе захоўваюцца грошы золатавалютнага рэзерву. МВФ не улічвае грошы, якія не бачыць на рахунках паважаных банкаў.

Тлумачыць прэс-сакратар Нацыянальнага банка Міхаіл Журавовіч.

Міхаіл Журавовіч: Ёсць дзве методыкі – нацыянальнага вызначэння і методыка МВФ. Тыя золатавалютныя рэзервы, якія не захоўваюцца ў агульнапрызнаных банках, МВФ не ўлічвае.

Па ацэнках экспертаў золатавалютны запас Беларусі вачыма МВФ танней за Пракаповічаўскі прыкладна на 800 мільёнаў долараў. Яшчэ больш цікава, што ў Нацбанку гавораць, нібы грошы на выплату запазычанасці за газ былі ўзятыя не з золатавалютнага запасу.

Па словах Міхаіла Журавовіча, гэтымі пытаннямі займалася Міністэрства фінансаў. У сваю чаргу ў Мінфіне нам адказалі наступным чынам: “Прабачце, калі ласка, Мінфін не займаецца разлікамі з “Газпромам”: у нас “Белтрансгаз” мае дамоўленасць і кантракт з “Газпромам”. А Мінфін нічога не мае”.

У Міністэрстве энергетыкі Еўрарадыё таксама сказалі, што пазыка была выплачана не з грошай міністэрства і параілі звярнуцца ў “Белтрансгаз”.

А калі Еўрарадыё датэлефанавалася да Уладзіміра Чэкава, прэс-сакратара “Белтрансгазу”, то на просьбу дапамагчы разабрацца ў пытанні, хто ж усё-такі быў плацельшчыкам “Газпрому”, ён адказаў: “У гэтым я вам не дапамагу. Не вы першая задаяце такое пытанне. Але я не гатовы адказаць на гэтае пытанне”.

Дзіўная сітуацыя. Краіна знайшла амаль паўмільярда долараў, але адшукаць тых герояў, якія здолелі зрабіць гэты подзвіг немагчыма. Дый дзіркі нідзе не ўтварылася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)