Общество

Хрысціна Вітушка: «У камеру на чатыры месцы напіхвалі па 55 чалавек. Нас не кармілі»

Жонка вядомага лекара Андрэя Вітушкі напісала пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Аккрэсціна.

Хрысціна Вітушка паведаміла, што выпусцілі яе сёння бліжэй да 5 раніцы, даволі раптоўна. Жанчына ўпэўненая, што падзейнічала салідарнасць.

«На Акрэсціна ўтрымліваюць тысячы людзей, —напісала Хрысціна. — Я была ў 4-меснай камеры (каля 10 кв.м), дзе стаялі два двухпавярховыя ложкі, стол і параша. Туды напіхвалі па 55 чалавек. Нас не кармілі.

У мяне быў з сабой інсулін, але яго забрала фельчар, якая заявіла: «Карміць вас не збіраюцца — навошта ён вам?»

Але потым мне пачалі прыносіць глюкометр і інсулін два разы на дзень. Ведаю, што мне спрабавалі таксама перадаць інсуліны, але іх не прынеслі».

Паводле Хрысціны, сярод затрыманых у яе камеры былі мама 11-ці дзяцей, супрацоўніца місіі ААН у Ліване, дзве журналісткі. Таксама была дзяўчына ў ружовых ласінах і маечцы, якая выйшла пакарміць коцікаў ля пад'езда і яе забралі.

«У камерах няма чым дыхаць, няма інфармацы пра час (вельмі крута, што людзі пад сценамі ЦІП кожную гадзіну крычаць, колькі часу), дзяўчатам не даюць пракладкі, не хапае прыбіральнай паперы, не выносіцца смецце.

Перад тым, як мяне выпусціць, сказалі, што мой адвакат «всех задолбал», хаця яму так і не далі інфармацыю пра мяне».

Хрысціна піша, што жанчыны маліліся разам, калі начамі катавалі мужчын.

«Пра катаванні тут пісаць не буду — гэта горш, чым вы можаце сабе ўявіць, а нас могуць чытаць дзеці і бацькі затрыманых.

...Штодня ў камеру прыводзілі людзей, якіх затрымалі непасрэдна пад Акрэсціна, хто прыехаў у падтрымку. Мы ўсе ў камерах думалі, што не хацелі б, каб у нейкі момант прывялі кагосьці з сяброў ці родных. Падтрымка вельмі важная».

Хрысціну выпусцілі без рэчай — у яе няма тэлефона, ключоў ад хаты і машыны, пашпарта, правоў, грошай, картак і нават заручальнага пярсцёнка — «ўсё забралі і невядома калі вернуць, ці вернуць увогуле».

«Таму вада, ежа, цёплая коўдра і магчымасць патэлефанаваць, якую сярод ночы далі валанцёры, былі вельмі важныя. Многім дапамагалі дабрацца дахаты, нават у іншыя гарады. Але, сябры, майце на ўвазе, што гэта ўсё досыць рызыкоўна, варта прадумваць нейкія меры бяспекі».

Хрысціна дагэтуль не ведае, дзе яе муж.

«Спачатку ён быў у адной з камер паблізу, але потым кудысці падзеўся - мне не адказалі, куды. Я вельмі вельмі хвалююся. А таксама ў жаху ад сінякоў на целе свайго сына — не дарую!».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)