Общество
Юрась Ускоў, «Наша Нiва»

«Хросны бацька», псіхолагі і лаціна — якія карпаратывы любяць беларусы

«Наша Ніва» абтэлефанавала святочныя агентствы.

Снежань і студзень заўжды багатыя на карпаратывы — кожная салідная і не вельмі кампанія імкнецца зладзіць свята для супрацоўнікаў, на кожным памяшканні, дзе патэнцыйна можна зладзіць банкет, з’яўляюцца аб’явы «праводзім карпаратывы». «Наша Ніва» даведалася пра апошнія тэндэнцыі ў няпростым свеце карпаратыўнага адпачынку.

«Разнастайнасці заказчыкам бракуе, — расказвае кіраўнік агентства Jolly Fine Таццяна. — Першае, што нам кажуць — „мы хочам зладзіць што-небудзь незвычайнае“. Пасля найчасцей высвятляецца, што сцэнар у карпаратываў вельмі прадказальны. Летась быў вельмі папулярны фармат „лаціна“ — з лацінаамерыканскай музыкай і адпаведнымі строямі.

Кожны год шмат замоваў ідзе на „Чыкага“ — беларусы вельмі любяць атмасферу фільма „Хросны бацька“, Чыкага, 30-ыя годы ХХ стагоддзя. У якасці музыкаў болей за ўсё цэняцца выканаўцы кавераў на музыку фармата MTV».

Пра «Чыкага» узгадваюць і прадстаўнікі ншых агентстваў. Прычым, як растлумачылі спецыялісты з агенцтва Rent Event, кожны з заказчыкаў імкнецца да эксклюзіўнасці, каб фірма-канкурэнт ці знаёмыя ўдзельнікаў не маглі б пахваліцца «такім самым» карпаратывам. Часам робяць карпаратыў у выглядзе цырымоніі «Оскар».

Тым не менш, бываюць і выключэнні. «Напрыклад, аднойчы мы рабілі сапраўды цікавы карпаратыў пад назвай «Шэкспіру і не снілася, — расказваюць у Jolly Fine. — Там мы стварылі сапраўдную тэатральную пастаноўку ў шэкспіраўскім стылі, з адпаведнымі касцюмамі. Але гэта хутчэй выключэнне: усё ж нашыя людзі схільныя да звычайных сюжэтаў».

Дзмітры Баранаў са святочнага агентства «Спамаш» узгадвае самы запамінальны карпаратыў: «Гэта было ў Рэчыцы, пры канцы 90-х. Ладзіў карпаратыў уласнік рэстарана „Чорны лімон“, цяпер ужо нябожчык. На свята было запрошана чалавек 15 — ягоныя родныя і блізкія. А артыстаў з Расіі было запрошана нашмат болей — Глызін, Агурбаш (тады яна яшчэ была Ялінскай), Сяроў.

Яны былі вельмі здзіўленыя — нейкая Рэчыца, 300 кіламетраў ад Мінска, а тады такая завіруха на вуліцы была. І апынулася, што артыстаў нашмат болей, чым удзельнікаў свята. У персанала вочы на лоб лезлі».

Аднак такія святы, зразумела, патрабуюць вялікіх грошай.

«Можна зняць пад карпаратыў „Мінск-арэну“, мы такое рабілі, — кажуць супрацоўнікі Rent Event. — Звычайна там ставяць сцэну, робяць фуршэтныя зоны, задзейнічана вельмі шмат аніматараў, і сам працэс дзеліцца на тры часткі: сустрэча гасцей, выступы музыкаў, пасля праграм з удзелам гасцей і выступ хэдлайнера вечара. Колькі гэта каштуе сказаць складана, нават прыблізна. Мінімальны карпаратыў абыходзіцца ў дзве з паловай тысячы даляраў — гэта вядучы, гук, артыст, і святло». «Зараз у пост-крызісны перыяд замоваў стала меней, — кажа Дзмітрый Баранаў. — Аднак, трэба сказаць, што запыты ў беларусаў сталі вышэйшымі. У дзевяностыя набіралі пэўную колькасць беларускіх зорак і на гэтым усё сканчвалася. Зараз вельмі цікавяцца якасцю гуку, апаратурай, імкнуцца запрашаць замежнікаў, падбіраюць тэматыку. Кліенты любяць самі працаваць над сцэнаром, не ўсе ж любяць, каб імі кіравалі аніматары».

Каб не абмяжоўвацца выключна мінскімі агенствамі, мы звярнуліся ў брэсцкае «Бюро святаў», аказалася, апошняй модай там стаў карпаратыў у аграсядзібе і на прыродзе.

«Дарэчы, зараз вельмі папулярныя „камандныя“ мерапрыемствы. — расказвае менеджар „Бюро“ Ларыса Кіндрук — Гэта нешта накшталт савецкай спартакіяды, толькі асучасненае: з такімі рэчамі як скаладром. Апошнім часам пайшла тэндэнцыя — людзей перасталі цікавіць простыя застоллі, ім трэба актыўна чым-небудзь займацца. А што самае цікавае, зараз модна запрашаць на такія мерапрыемствы псіхолагаў.

Падчас „спартакіяды“ кожны паводзіць сябе па-свойму: нехта адразу выбіваецца ў лідары, нехта псіхалагічна губляецца — за гэтым сочаць псіхолагі, і на падставе назіранняў ствараюць псіхалагічны партрэт. Такое сабе сумяшчэнне прыемнага з карысным. Ёсць і іншы папулярны від карпаратыва — „блакітныя агеньчыкі“, дзе самі госці выступаюць у якасці зорак — з імі папярэдне працуюць вакалісты-прафесіяналы, акцёры і гэтак далей».

Кошт такога карпаратыва пачынаецца ад 10 мільёнаў рублёў. «Цяпер, як скончыўся крызіс, рэдкія фірмы звяртаюцца ў агенцтвы, — кажа спадарыня Кіндрук. — Часцей проста здымаюць рэстаран з праграмай, але як крызіс сканчваецца, ізноў звяртаюцца да нас».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)