Общество

«Хопіць уводзіць людзей у зман». Дачка алімпійскага чэмпіёна напісала адкрыты ліст Лукашэнку

Ксенія Парфяновіч, дачка алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча, накіравала адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю і жорстка крытыкуе захады кіраўніка краіны, якія тычацца сытуацыі з каранавірусам, паведамляе Радыё Свабода.

Ксенія Парфяновіч

Народ мае права ведаць праўду пра колькасьць заражаных, пра небясьпеку СOVID-19, пра колькасьць ахвяраў, перакананая Ксенія Парфяновіч.

«Хопіць уводзіць людзей у зман заявамі пра тое, што Бог дапаможа, што трактар лечыць, што ўжываньне алькаголю дапамагае ў прафіляктыцы. Вывучыце паходжаньне і ўплыў вірусу. Раскажыце, чаму шпіталі і інтэрнаты цалкам пераводзяць пад людзей са станоўчым аналізам на COVID-19, калі, па Вашых словах, у нас нічога страшнага не адбываецца?» — піша ў лісьце да Аляксандра Лукашэнкі Ксенія Парфяновіч.

Ксеніі 23 гады, яна мэнэджэр па працы з кліентамі і валянтэрка ў дзіцячым госьпісе. Ліст Аляксандру Лукашэнку яна накіравала праз афіцыйны партал — там ёсьць функцыя «звароты грамадзян».

Ксенія сказала Свабодзе, што яна ня хоча атрымаць звычайную адпіску, што, маўляў, «ліст атрыманы, усе захады выконваюцца».

— Мне гэта нецікава. Я хачу атрымаць адказы на свае пытаньні. Грамадзяне краіны маюць права ведаць праўду. Я хачу, каб кіраўнік дзяржавы даў свайму народу сумленную, аб’ектыўную інфармацыю, а не заніжаную статыстыку, — кажа Ксенія.

«Мой ліст прашу лічыць афіцыйнай заявай, на якую я чакаю адказу з паўнавартаснымі тлумачэньнямі прычын адмовы ад карантыну, прадстаўленьнем дакладнай колькасьці станоўчых першасных тэстаў на момант адказу на дадзены зварот, а таксама абгрунтаваньнем вашых заяў аб нетрадыцыйных мэтадах лячэньня (Бог, трактар, алькаголь)», — піша Ксенія Парфяновіч у сваім звароце да Лукашэнкі.

Дзяўчына кажа, што яе сям’ю, блізкіх і сяброў каранавірус пакуль не закрануў. Але яе малады чалавек працуе лекарам і правёў у самаізаляцыі 14 дзён, бо быў «кантактам першага ўзроўню» — у шпіталі, дзе ён працуе, захварэў калега.

— Шпіталі ўсе перапоўненыя, у 6-м шпіталі машыны хуткай дапамогі па 6 гадзін стаяць у чэргах, каб прынялі хворага. Карантын афіцыйна не абвешчаны, людзі ходзяць па горадзе бяз масак, дый тыя маскі, якія прадаюцца ў аптэках, не абараняюць — патрэбныя фільтры 3М, якіх няма ў продажы.

У іншых краінах, дзе своечасова быў уведзены карантын, эпідэмія ўжо пайшла на спад. А ў нас яшчэ далёка да піку. Калі не ўвядуць карантын, у верасьні пандэмія накрые ўвесь Менск.

Правядзеньне параду 9 траўня, адсутнасьць карантыну выглядаюць як наўмыснае зьнішчэньне нацыі з дапамогай пандэміі, — мяркуе Ксенія Парфяновіч.

«Нужны люди посмотреть на парад». Как собирают «тысячи и тысячи» жаждущих праздника

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(99)