Комментарии
Сяргей Законнікаў, Свободные новости плюс

Хопіць прэзідэнтам прыкрывацца Перамогай

Жыццёвая практыка паказвае, што афіцыйныя СМІ не даносяць да нас праўдзівую інфармацыю, не вядуць спакойную, узважаную гаворку пра падзеі дома і ў свеце, а ператвараюць тэлеперадачы і газетныя палосы або ў істэрычнае змаганне з «ворагамі», або ў «парад вялікіх дасягненняў».

Асаблівая прапагандысцкая накачка насельніцтва праз мясцовыя і расійскія тэлеканалы, якія атабарыліся ў нашай краіне і пастаянна праводзяць праімперскую палітыку, адбываецца перад святам Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гераічны, але пакутны і крывавы перыяд гісторыі Савецкага Саюза, як было і раней, падмарафечваецца, лакіруецца.

Кожны раз нараджаецца пытанне: навошта ўлады Беларусі і Расіі гэта робяць, няўжо Перамогу ў змаганні з нямецкім фашызмам трэба падмалёўваць, каб людзі разумелі яе важнае значэнне для лёсу чалавецтва?

Такая ідэалагічная валтузня нагадвае аўральную падрыхтоўку ў нейкім перыферыйным гарадку N. да прыезду А. Лукашэнкі або У. Пуціна. У разуменні палітыкаў сучаснага розліву гісторыя павінна быць яркай, як свежа пафарбаваныя фасады дамоў або платы ўздоўж вуліц, па якіх яны ўрачыста і ганарыста праносяцца. Тое, што робіцца ў бліжэйшых дварах і ў аддаленых кутках паселішча, іх не турбуе, яны рэдка практыкуюць раптоўныя інспекцыі, каб не псаваць сабе ружовы настрой, таксама намаляваны чыноўнымі падхалімамі.

Хачу зноў падкрэсліць прынцыповую, важную думку, якую я агучваю даўно, — хопіць дзяржаўным службоўцам, пачынаючы з прэзідэнтаў, прыкрывацца Перамогай і эксплуатаваць яе ва ўласных прагматычных мэтах! Грошы, якія марнуюцца на бясконцыя рэпетыцыі парадаў, былі б не лішнімі для хворых дзяцей.

З трыбун і ў СМІ гучыць: «Мы отстояли!», «Мы победили!» Гледзячы на ўгодлівых чыноўнікаў, дэпутатаў, на непаваротлівых, пузатых генералаў і палкоўнікаў, якія нарадзіліся пасля вайны, але б’юць кулаком у грудзі і крычаць, што яны разграмілі нямецкі фашызм, становіцца не па сабе. Становіцца не толькі смешна, але і трывожна за нашчадкаў.

У мяне займеннік «мы» выклікае абурэнне. Гаворачы пра вайну, трэба як меней ім карыстацца, каб не прыніжаць заслуг старэйшых пакаленняў, каб не абражаць памяць пра іх.

Тыя, хто перамог, за выключэннем маленечкай кагорты ветэранаў, адышлі ў лепшы свет. Яны падарылі нам мірны дзень.

Але што робіцца ў гэтым дні? Чым мы можам сёння пахваліцца? Тым, што паслухмяна абслугоўваем нахабнага ўзурпатара ўлады, што не рэагуем на хлуслівыя выбары, на крадзеж і карупцыю ў шэрагах дзяржаўных службоўцаў? Калі б забітыя салдаты і афіцэры ўбачылі нашу рэчаіснасць, то, магчыма, падумалі б: ці варта было аддаваць свае жыцці за такое нікчэмнае існаванне?

Пра Вялікую Айчынную вайну створана шмат песень. Сярод іх ёсць халтура, агіткі, але трапляюцца і шэдэўры. Цытую радок не з самай папулярнай песні: «И всё-таки, и всё-таки, и всё-таки мы победили!» Гэтае «и всё-таки» сядзіць балючай стрэмкай у сэрцы. За ім столькі крыві, гора, слёз!

Праўдзівыя страты насельніцтва СССР у другой сусветнай вайне доўгі час хавалі. І. Сталін адстойваў лічбу 7 мільёнаў (крыху менш, чым у Германіі), М. Хрушчоў прапанаваў згадзіцца на 20 мільёнаў, а пры М. Гарбачове стала — 27 мільёнаў. Але ўсе лічбы былі непраўдзівымі! Сур’ёзнае вывучэнне пытання паказала, што страты даходзяць прыблізна да 42 мільёнаў.

Кожная вайна ўздзейнічае не толькі на дэмаграфічны стан краіны. Яна выбівае маладых і сталых, разумова і фізічна здольных людзей і тым самым зніжае інтэлектуальны, стваральны патэнцыял нацыі.

Калі «запісныя» патрыёты Расіі крычаць: «Можем повторить!», — то яшчэ невядома, ці пойдуць яны самі пад кулі і снарады. Іх задача — падагрэць іншых. Але не ўсе згаджаюцца з мілітарысцкай істэрыяй.

Расійскі празаік Я. Эдзін свае назіранні выкарыстаў у апавяданні «Репетиция парада». Адзін з галоўных герояў у гутарцы з моладдзю кажа: «А вообще, честно если, не нравится мне, что происходит с парадами. Вся эта военщина. Раньше было не так. Парады — уже не праздник памяти, а демонстрация силы. Пушки! Танки! Ого! Всех побъём!» На пытанне пра лёс ягонага бацькі на вайне, адказвае: «Пропал без вести. Такие силищи полегли, немудрено. Так что… дело это кровавое, страшное, ребята, а подается — флаги, пушки, все сверкает… Вот у зятя моего — наклейка на джипе: «На Берлин!». Морда — во, в танк не влезет и в самолет не втиснется. Налепил наклейку и думает, будет надо, снова дойдет. Дойдет ли? Ой, не знаю».

Сапраўды, пры аўтарытарных рэжымах у Беларусі і Расіі выраслі зусім іншыя людзі, якія далёкія ад рамантычнага патрыятызму моладзі 30—40-ых гадоў ХХ стагоддзя. Нягледзячы на інтэнсіўную прапаганду, цяпер ахвочыя ідуць ваяваць пераважна не за ідэю, а за добрыя грошы.

Акрамя таго, паўстае пытанне: за што павінны гінуць прызваныя ў армію, каго ім, не шкадуючы сябе, трэба абараняць? Няўжо сістэму, пры якой няма нармальнага жыцця, або тую «эліту», якая, пакуль яны будуць сядзець у акопах і траншэях, спакойна выправіцца да ласкавага сонейка і марскіх хваляў у свае замежныя харомы?

У Беларусі склалася ўнікальная сітуацыя з сілавікамі. Яны стаяць збоку ад народа і падобныя на панскіх цівуноў або наглядчыкаў за зняволенымі. Гэта тычыцца і арміі, якая ўжо ўключана ў дзяржаўную рэпрэсіўную машыну.

Ёсць і яшчэ адзін негатыўны аспект, небяспечны для свабоды грамадзян і незалежнасці краіны. У Беларусь не трэба засылаць з Расіі «зялёных чалавечкаў» або «ветлівых людзей». Яны даўно тут!

Сярод вайскоўцаў вышэйшага эшалону, безумоўна, маюцца і патрыятычна настроеныя людзі, якія любяць Беларусь не за матэрыяльныя даброты. Але нават яны ў крытычны час шчоўкнуць абцасамі, возьмуць пад казырок і выканаюць каманду зверху.

Што і казаць, надзвычай трывожныя думкі нараджае ваенны тандэм Расіі і Беларусі, агрэсіўнасць усходняй суседкі, у фарватары якой ідзе наша краіна, выключная непрадказальнасць двух галоўнакамандуючых.

Свае пачуцці перадаю ў новым вершы «Парад»:

Цішыню разгайдала бравурная медзь,

Пратаранілі далеч літыя калоны…

Я ж старой кінахронікі кадры глядзець

У святочныя дні не стамлюся да скону.

На экране — салдат, нейчы сын або брат,

А на твары адбітак смяротнай знямогі.

Хоць вікторый заўжды не бывае зашмат,

Больш ніводнай не хочацца мне перамогі...

Не спыняецца ў свеце шалёным вайна,

За багацце і ўладу, за землі таксама…

А ў тых хлопцаў маёмасць навечна адна —

Медальёнчык пластмасавы з адрасам мамы.

Белым воблакам легла сівая трава

На магільных грудах і рукаецца з ветрам.

На Зямлі лепей верыць, а не ваяваць,

І любіць ціхі дзень —

Ці пахмурны, ці светлы.

Набліжае бяду кожны новы парад,

Чалавецтва ці ўцяміць урок калі-небудзь?

Я гляджу ў маладыя абліччы салдат…

Батальёны знікаюць пад назіркам неба…

Сёння ў Паўночнай Карэі дзеці радасна спяваюць і танцуюць на тэатральнай сцэне на фоне гіганцкага задніка, дзе дэманструецца пуск балістычных ракет. Мне думаецца, што прапагандысцкая падрыхтоўка да «вялікай вайны», якая вядзецца ў Расіі і праз яе тэлеканалы пераносіцца ў Беларусь, нічым не адрозніваецца ад злавесных карэйскіх рэалій.

Але мілітарысцкая істэрыя не мае дачынення да слаўнай Перамогі нашых прадзедаў, дзядоў і бацькоў, светлую памяць пра якіх мы шануем!

Сяргей Законнікаў: «Прыняць ад такой дзяржавы ўзнагароду — як плюнуць сабе ў душу»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)