Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Ход палітвязьнямі

Тое, што прагназавалася, і што было фактычна анансавана Лукашэнкам падчас інтэрвію незалежным мэдыям, нарэшце здарылася.

Шасьцёра палітвязьняў, у тым ліку Мікола Статкевіч, былі вызвалены. Гэта фактычна ўсе, хто быў прызнаны палітзьняволенымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.

Безумоўна, гэтае рашэньне трэба разглядаць у кантэксьце дачыненьняў афіцыйнага Менску з Захадам. Вядома, што наяўнасьць палітвязьняў была галоўнай перашкодай для нармалізацыі адносін з ЭЗ і ЗША. Цяпер беларускаму кіраўніцтву патрэбны калідор для манэўраваньня і балянсаваньня паміж двума геапалітычнымі цэнтрамі. Як казаў Лукашэнка падчас наведваньня заводу калёсных цягачоў, «за гэтай бойкай па адзін, і па другі бок стаяць моцныя гэтага свету». То бок, на ягоную думку, пагроза зыходзіць ня толькі з Захаду, але і з Усходу, ад Расеі. Пра што сьведчыць палітыка Масквы адносна Ўкраіны.

Яшчэ адзін момант. Дасюль Расея была галоўным эканамічным спонсарам Беларусі. Але апошнія падзеі, асабліва падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту, паказваюць, што цяпер РФ становіцца галоўнай крыніцай праблем для беларускай эканомікі. Таму трэба шукаць нейкія новыя кропкі апоры.

Былі чаканьні, што палітвязьні будуць вызвалены яшчэ ўвесну, што адкрывала Лукашэнку шлях на Рыскі саміт «Усходняга партнэрства» ў траўні. Але кіраўнік Беларусі вырашыў ня ехаць у латвійскую сталіцу. І таму, што практычных дывідэндаў ад візыту, акрамя тэлекарцінкі пацісканьня рук эўрапейскім лідэрам, ён не атрымаў бы. І таму, што гэта выклікала б моцнае раздражненьне Масквы. У выніку, наадварот, у палітвязьняў пагоршыўся рэжым утрыманьня. Што азначала падвышэньне ставак у гульні з Захадам.

І толькі 22 жніўня, нарэшце, палітвязьні былі вызвалены. Гэта было зроблена ў суботу, на выходныя, каб зьменшыць інфармацыйны рэзананс вакол падзеі.

Чаму цяпер? Па-першае, такім чынам Лукашэнка імкнецца легітымізаваць свае пераабраньне. Калі мінулыя выбары закончыліся брутальным разгонам апазыцыйнай акцыі і зьяўленьнем чатырох дзесяткаў палітвязьняў, сярод якіх былі і кандыдаты у прэзыдэнты, то пасьля гэтых выбараў нічога такога адбыцца не павінна. Вызваленьне шасьці зьняволеных стварае больш пазытыўную атмасфэру выбарчай кампаніі. Што дае падставу назіральнікам АБСЭ канстатаваць, што «ёсьць прагрэс». За гэты пункт і зачэпяцца заходнія палітыкі, каб, па геапалітычным матывам, працягваць палітыку размарожваньня адносін з афіцыйным Менскам.

Дарэчы, вызваленьне палітвязьняў выбівае аргумэнт у прыхільнікаў байкоту выбараў. Радыкальная частка апазыцыю казала, маўляў, як можна ўдзельнічаць у гэтай кампаніі, калі палітычныя зьняволеныя сядзяць у турме. Вось цяпер яны выйшлі.

Па-другое, пачаліся канкрэтныя перамовы з МВФ аб выдзяленьні Беларусі чарговага крэдыту. І ход палітзьняволенымі — важкі аргумэнт у гандлі па гэтаму пытаньню. Ва ўсялякім разе, так думаюць у беларускім кіраўніцтве.

Па-трэцяе, ходзяць чуткі, што ў верасьні заплянаваны візыт Лукашэнкі ў Ватыкан да рымскага папы. Такая паездка не павінна выклікаць нэгатыўную рэакцыю Масквы. Вось і Пуцін нядаўна сустракаўся з пантыфікам. Але дзеля такога візыту патрэбнае вызваленьне кіраўніка Беларусі ад візавых санкцый. Выхад на свабоду палітзьняволеных і стала заяўкай, прапановай ЭЗ зьняць санкцыі і дазволіць такую паездку.

Але тут перад ЭЗ узьнікае адна юрыдычная і палітычная праблема. Калі Эўразьвяз уводзіў санкцыі супраць Лукашэнкі і іншых беларускіх чыноўнікаў, то ў афіцыйных дакумэнтах вылучалася патрабаваньне не толькі вызваленьня палітзьняволеных, але і іх рэабілітацыі. І дарэчы кіраўнік эўрадыпляматыі Федэрыка Магерыні і камісар Эўракамісіі па палітыцы суседзтва Ёханэс Хан у сумеснай заяве з нагоды вызваленьня шасьці палітзьняволеных адзначаюць: ЭЗ чакае, што ўлады Беларусі здымуць усе абмежаваньні на поўнае ажыцьцяўленьне грамадзянскіх і палітычных правоў вызваленых. Зразумела, што на гэта беларускія ўлады не пойдуць. І перад ЭЗ узьнікае складаныя дылема. Ці трэба цьвёрда прытрымлівацца сваіх умоў, зафіксаваных у афіцыйных дакумэнтах, ці варта паступіцца прынцыпамі і пайсьці на кампраміс? Прагназую, што возьме верх прагматызм.

Дарэчы, ужо зьявіліся новыя кандыдаты на статус палітвязьняў. Гэта «графіцісты». Падстава для новага гандлю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)