Общество

Хлопец, што сядзеў на Акрэсціна з Белавусам, Кузнечыкам і Брэдзелевым: «Усё па «класіцы»

Мінчук адбыў 15 сутак у вядомым ізалятары. Пасля вызвалення ён звязаўся з Нашай Нівай і распавёў, што перасекся там з некалькімі вядомымі беларусамі.

Менавiта з заснавальнікам Symbal.by Паўлам Белавусам, журналістам Андрэем Кузнечыкам і прэс-сакратаром А1 Мікалаем Брэдзелевым.

Усё па акрэсцінскай «класіцы»: без перадач, сон на падлозе, начныя пабудкі

Антон (імя змененае ў мэтах бяспекі суразмоўцы) расказвае, што ў камеры, разлічанай на чатыры чалавекі, іх было мінімум 15 чалавек. У пікавыя моманты колькасць арыштантаў дасягала 19-ці.

Хлопцы, затрыманыя па «палітычных» артыкулах КаАП, не атрымлівалі перадач, іх не вадзілі ў душ і на шпацыры. Спаць прыходзілася на голых шконках без матрацаў ці на падлозе. Будзілі на пераклічкі па два разы штоноч: а другой і чацвёртай гадзіне.

— Мікалая Брэдзелева і яго сябра-адваката Аляксея, як я ведаю, затрымлівалі разам і вельмі жорстка. Іх збілі, у кватэры трушчылі тэхніку. Адвакат быў сінюшны: ногі ў сіняках, паясніца, сіняк пад вокам.

З Паўлам Белавусам і Андрэем Кузнечыкам Антон пабыў літаральна дзень. Павел, па яго словах, трымаўся бадзёра, а Андрэй першы час знаходзіўся ў напружаным стане: яму пагражалі тым, што будуць чапаць сям’ю, і ён за гэта вельмі перажываў.

— У Кузнечыка выбівалі нейкія доступы да адміністравання, як я зразумеў. Акрамя таго, са мной апынуўся дырэктар ІТ-кампаніі Aivitam Дзмітрый Досаў, затрыманы нібыта за рэпост з «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала. Яго, як я зразумеў, фізічна не прэсавалі. Увогуле ўсе трымаліся добра: мы гулялі ў «Мафію», «Кракадзіла». Усе імкнуліся падтрымліваць адзін аднаго, ніхто не хныкаў, — гаворыць Антон.

Камеры пачалі поўніцца экс-назіральнікамі з выбараў

Суразмоўца таксама адзначыў, што калі ў пачатку яго тэрміну большая частка сукамернікаў была асуджаная за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (19.11 КаАП РБ), то пасля ў «хаце» пачало з’яўляцца ўсё больш экс-назіральнікаў, якія працавалі на апошніх выбарах.

— Перад маім выпускам такіх было ў камеры адразу трое. Іх асудзілі за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (артыкул 24.3 КаАП), але нічога такога, само сабой, не было, — расказвае Антон.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(13)