Скандалы
Сяргей Макарэвіч, Наша ніва

Хлопец раскрыў сакрэты «Еўропы» і цяпер хаваецца за мяжой

У Рэдакцыю звярнуўся Дзмітрый Іванчанка. Ён працаваў інструктарам фітнэс-цэнтра ў самым дарагім гатэлі Мінска, «Еўропе».

У лістападзе 2011-га ананімна, а цяпер пацвярджае гэта публічна, расказаў пра тое, што ў «Еўропе» спецслужбы вядуць татальнае праслухоўванне ўсіх нумароў, незалежна ад таго, хто ў іх жыве, а таксама праглядаюць інтэрнэт-злучэнні.

Асаблівая цікавасць праяўляецца да грамадзян Польшчы і Германіі, пісаў ён.

Тая публікацыя была адказам на прэсінг з боку спецслужбы. Бо малады чалавек быў удзельнікам суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». І праз гэта службісты выклікалі яго на размовы. Пасля артыкула ўвага з боку КДБ знікла. Часова.

«Калі яны зразумелі, што са мной размаўляць не мае сэнсу, пайшлі іншым шляхам. 18 мая я быў затрыманы шасцю спецназаўцамі каля свайго дома ў Мінску. Начапілі кайданкі на рукі і адвезлі ў РУУС Заводскага раёна. Там чакаў мой участковы Дзмітрый Манцукевіч. Ён склаў пратакол па артыкуле 17.1 КоАП — нібыта я лаяўся ў грамадскім месцы. Паабяцалі, што атрымаю толькі штраф, калі падпішу. Я павёўся — прызнаў сябе вінаватым. Але асудзілі мяне на 15 сутак. Сядзеў у адной камеры з Іванам Амельчанкам.

На працягу гэтага тэрміну прыходзілі людзі з КДБ і са Службы аховы прэзідэнта, як яны назваліся.

Пераконвалі, каб я спыніў любыя кантакты з прэсай. Патрабавалі распіску, калі я хачу выйсці з Акрэсціна жывым».

Распіску малады чалавек напісаў. А пасля выхаду з сутак вырашыў пакінуць краіну. Выехаў з Беларусі 26 чэрвеня. За мяжой уладкаваўся на працу і паступіў вучыцца.

«А на мінулым тыдні мне патэлефанавалі родныя. На мой мінскі адрас прыйшла позва ў суд, куды я павінен з’явіцца 31 жніўня (у дзень майго нараджэння). Справа будзе разглядацца па артыкуле 9.1 КоАП — наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў. Заяву напісала мая суседка Ала Васкабовіч, кажа ён. Як разумею, у яе сын сядзеў. І націснуць на гэтую сям’ю цяжкасці не склала». Самае цікавае, што, са словаў Іванчанкі, справу завялі ў той час, калі яго не было ў Беларусі.

Дзмітрый Іванчанка тэлефанаваў у суд. Там яго папярэдзілі, што ў выніку няяўкі, разгляд справы адбудзецца і без яго. Ён лічыць, што праз такі ціск яму хочуць адпомсціць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)