Хлопцы прыйшлі на зборы з надпісамі «Не расейскай вайсковай базе». Іх адразу адпусьцілі
Толькі некалькі гадзінаў пабылі на вайсковых зборах актывісты зь Дзяржынскага раёну Мікалай Колас і Алесь Рыбачэнка.
Раніцай 12 кастрычніка яны згодна з позвамі прыбылі ў Дзяржынскі камісарыят, адкуль іх завезьлі ў вайсковую частку СПА ў пасёлку Наваколасава. Празь некалькі гадзін актывістаў адпусьцілі дадому, аддаўшы вайсковыя білеты, паведаміў карэспандэнту Свабоды Мікалай Колас.
Мікалай Колас
«Мы надзелі майкі з надпісам „Не — расейскай вайсковай базе“, і гэтак сёньня зьявіліся ў камісарыят. Там такіх, як мы, „партызанаў“ было чалавек дзесяць, у асноўным з Узьдзенскага раёну. Нас усіх пасадзілі на аўтобус і адвезьлі ў Наваколасава, у вайсковую частку СПА. Там некалькі гадзін пратрымалі, але ўзялі на зборы ня ўсіх — палову. Нам з Алесем вярнулі вайсковыя білеты і адпусьцілі дамоў. Сказалі, мы такія ім не патрэбныя».
Мікалай Колас мяркуе, што спроба забраць яго і ягонага сябра Алеся Рыбачэнку на зборы зьвязаная менавіта зь іхнай грамадзкай дзейнасьцю.
«Хутчэй за ўсё, нас гэтымі зборамі хацелі запалохаць, каб сьцішылі сваю палітычную актыўнасьць. Перад выбарам да мяне дамоў прыходзіў пажарны, старшыня сельсавету званіў, што прывезьлі позву ў ваенкамат. Палохалі штрафамі гэтак, што маці давялося хуткую дапамогу выклікаць».
Мікалай Колас і Алесь Рыбачэнка бралі актыўны ўдзел у акцыях апазыцыі, якія праходзілі перад выбарамі, у тым ліку ў шэсьці нацыянальнага сьцяга 10 кастрычніка і шэсьці па праспэкце Незалежнасьці 11 кастрычніка. Яны несьлі расьцяжку з надпісам «Байкот выбарам». На ранейшых акцыях на плошчы Свабоды яны былі ў майках з надпісамі супраць расейскай вайсковай базы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное