Общество

Сяргей Кайко, Новы час

Хіжынковай прысвячаецца. Прыгажуня супраць пачвары

Ад 8 лістапада «Міс Беларусі» Вольгу Хіжынкову трымаюць на Акрэсціна.

Яе затрымалі акурат у дзень нядзельнага маршу. Тады пратэстоўцы збіраліся яшчэ ў цэнтры Мінска, хоць сілавікі прыкладалі ўсё больш намаганняў, рэсурсаў і жорсткасці, каб выціснуць дзясяткі тысяч беларусаў з сэрца сталіцы, ад Стэлы, з Нямігі і праспекта Пераможцаў.

Ужо тады гэтую лакацыю загадзя, амаль ад ранку, бралі ў аблогу характэрныя бусікі ды аўтазакі з закратаванымі вокнамі-байніцамі, а людзі ў балаклавах маглі затрымаць на пустэльных вуліцах любога, за каго чапляўся позірк. За Вольгу з яе мадэльнай знешнасцю не зачапіцца было цяжка.

Расказваюць, яе не збянтэжыла чорнае мноства невядомых паблізу плошчы Свабоды. Яна спакойна ішла, кіруючыся ў бок Палаца спорту, і несла ў руках букет. Тлумачэнне, што кветкі прызначаныя сяброўцы з нагоды дня нараджэння, не зрабілі належнага ўражання на амапаўцаў, і дадому ў той дзень Вольга не вярнулася.

На судзе яна віну не прызнала. Таямнічы сведка з закрытым тварам — і з пратакольным прозвішчам Вадалазаў — блытаўся ў паказаннях, імкнучыся распавесці пра падрабязнасці затрымання. Казаў пра абвінавачаную, што добра яе запомніў, бо «прыгожая дзяўчына».

Канвеер рыпнуў, але збою не даў. Пасля дапрацоўкі суддзя абвясціў — 12 сутак адміністрацыйнага арышту па «народным» артыкуле 23.34.

У адрозненне ад многіх, яна ніколі не хавала, што ўдзельнічае ў акцыях пратэсту. Ледзьве не кожную нядзелю, вечарам, у яе сацсетках з’яўляліся характэрныя фота. Тут яна на праспекце з бел-чырвона-белым сцягам, тут крочыць у шэсці з бел-чырвона-белымі кветкамі, тут стаіць побач з ланцугом салідарнасці ў мікрараёне Лебядзіны.

Яна мусіла разумець, што гэтыя візуальныя сведчанні могуць мець кепскія наступствы, бо з кожным новым тыднем рэпрэсіі няўхільна нарасталі. Але і інакш рабіць не магла.

Цалкам артыкул чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)