Хакей. Чаму беларусы пайшлі ў атаку, а патрапілі ў палон?
З якой прычыны дэкларавалі амбітныя мэты, а на выхадзе адграблі выспяткаў на пару турніраў наперад?
Фота: hockey.by
На хакейным чэмпіянаце свету зборнай Беларусі засталося згуляць з расіянамі — 1 чэрвеня, на самым фінішы групавога раунду. Іншым разам гэта мог быць вырашальны матч з прынцыповымі супернікамі, але зараз зусім не той выпадак. Бо ўсё ўжо непапраўна вырашана — шанцаў на плэй-оф няма, годнай гульні няма таксама, а сама каманда мае такі выгляд, што квіток дадому ёй хочацца выпісаць наўпрост цяпер, датэрмінова.
Але гуляць з Расіяй трэба — гэтага бессэнсоўнага для захараўскіх хакеістаў матчу на адыходак патрабуе каляндар. Дый шлях на радзіму з суседняй Латвіі з нядаўняй пары што той біном Ньютана — праз закрытыя па вядомай прычыне паветраныя калідоры. Куды спяшацца?
Апошняй — ужо чыста сімвалічнай — магчымасці патрапіць у чвэрцьфінал беларусы пазбавіліся ў нядзелю, калі сутыкнуліся са швейцарцамі. Сутыкнуліся — і нібыта здранцвелі, прайграўшы ў выніку з красамоўным лікам 0:6.
Перад гэтым былі яшчэ паразы ад датчан — з чатырмя шайбамі, прапушчанымі ў трэцім перыядзе, ад славакаў — з 0:3 ужо ў сярэдзіне першай трэці гульні, і ад «нехакейных» брытанцаў, якія здабылі першую перамогу на ЧС у асноўны час з 1962 года. Сенсацынай вікторыі над шведамі і прыстойнай паразы ад чэхаў у овертайме тут ужо не хапіла, каб хоць неяк улагодзіць агульную карціну.
А карціна, як той казаў, маслам — апошняе месца ў групе, на якім, відаць, зборная Беларусі так і застанецца. Балазе ў гэтым годзе з мацнейшага дывізіёну ніхто не вылятае (рэгламент спрасцілі кавідныя абмежаванні), а то б яшчэ і праводзілі каманду пад музыку Шапена ў другі эшалон — другі раз за апошнія гады.
Цалкам артыкул чытайце тут
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное